Loading

Адным з асноўных напрамкаў беларускай эміграцыі пасля 2020 года стала Польшча. Нашых суайчыннікаў тут шмат, і не толькі ў Варшаве. Так, у Гданьску працуе Беларускае культурнае таварыства «Хатка».

Пра дзейнасць аб’яднання і пра жыццё беларускай дыяспары ў горадзе распавядае намеснік старшыні «Хаткі» Раман Шчэрбаў: 

«Гісторыя беларускіх таварыстваў у Гданьску пачалася яшчэ ў 1960-я гады — тады сустрэчы беларускай моладзі ладзіла акторка з Гродна Ірына Мельнікава. Беларускае культурнае таварыства «Хатка» у гэтым годзе святкуе сваё 30-годдзе. Спачатку яно існавала як аддзел беларускага грамадска-культурнага таварыства з сядзібай у Беластоку, а з 26 сакавіка 1993 працуе як незалежная арганізацыя.

Хатка — менавіта так называўся клуб беларускай мастацкай інтэлігенцыі ў Мінску, што дзейнічаў у 1916-1920 гг., праводзячы культурна-асветніцкую работу і прапагандуючы беларускае тэатральнае і музычнае мастацтва. Удзельнікамі той «Хаткі» сярод іншых былі Максім Багдановіч і Францішак Аляхновіч. Гэтая назва павінна нагадваць беларусам, якія апынуліся далёка ад сваёй бацькаўшчыны, пра тое, кім яны ёсць, і што разам мы можам стварыць нейкі беларускі дом, цёплую хатку за мяжой.

Культурны складнік, напэўна, галоўны ў жыцці дыяспары. У нашай гісторыі было такое, што частка беларусаў хутка русіфікавалася, частка паланізавалася, але менавіта беларуская мова і культура аб’ядноўваюць нас у мінулым, цяперашнім і ў будучыні.

Яшчэ некалькі гадоў таму ніхто з нас не мог уявіць, што такая колькасць культурных дзеячоў знойдзе свой другі дом у Польшчы. Але мы ўжо два гады ладзім разнастайныя імпрэзы, сустрэчы, канцэрты і фестывалі з беларусамі, якія апынуліся тут.

Адно з нашых першых мерапрыемстваў гэтай восені — уікенд беларускай культуры, які складаўся з дзвюх частак: сустрэчы з Уладзімірам Арловым і канцэрта гурта Leibonik пры падтрымцы гданьскага калектыва «Дом сувязі». Яшчэ адзін з напрамкаў нашай дзейнасці — адукацыя. Мы арганізоўваем курсы беларускай і польскай мовы, а таксама праводзім экскурсіі па Гданьску на беларускай мове.

Фота: facebook.com/BTKCHATKA

Беларуская дыяспара ў Гданьску ніколі не была закрытай. «Хатка» шмат гадоў супрацоўнічае з іншымі нацыянальнымі меншасцямі, арганізоўваючы сумесныя фестывалі. Улады таксама падтрымліваюць аб’яднанне і прысутнічаюць на большасці нашых імпрэз.

Беларускія культурныя мерапрыемствы — гэта зрэз беларускага грамадства. Не ўсім цікавыя літаратурныя сустрэчы ці канцэрты беларускай музыкі, але ў нас ёсць нейкая крытычная маса, і гэта цалкам шмат людзей, якія ўдзельнічаюць у нашых імпрэзах і для якіх беларуская культура і мова — вельмі важная рэч.

Праца над нацыянальнай свядомасцю — наш шлях. Мы зараз не можам дапамагчы тым, хто знаходзіцца ў Беларусі, таму мы працуем на месцы і займаемся справамі, на якія мы маем уплыў. На нашых імпрэзах беларусы сапраўды могуць адчуць сябе як дома, і гэтае пачуццё дому трэба несці ў сабе, у сэрцы, каб захаваць сваю беларускасць.»

 

Comments are closed.