Loading

Хто такія расійцы, якія ваююць на баку Украіны? Адно з вядомых расійскіх падраздзяленняў у складзе Узброеных Сіл Украіны – легіён «Свабода Расіі». Вядома, што вайскоўцы гэтага падраздзялення бралі ўдзел і ў аперацыях ва Украіне, а ў апошнія месяцы ажыццявілі шэраг рэйдаў на памежную тэрыторыю Расіі – у Бранскую і Белгарадскую вобласці. Пра тое, як узнік легіён «Свабода Расіі», дзе яму давялося паваяваць, а таксама пра тое, якім яму бачыцца перамога і наступная трансфармацыя Расіі, каб яна больш не ўяўляла пагрозы рэгіёну і свету, радыё Ўнэт распавёў намеснік камандзіра легіёна «Свабода Расіі» па ваенна-цывільным супрацоўніцтве, ваяр з пазыўным «Цэзар». 

Фота: facebook.com/legionofrusliberty

— Якая мэта стварэння легіёна «Свабода Расіі», хто ўвайшоў у склад і якіх поглядаў на тое, што адбываецца, трымаюцца тыя, хто ваюе ў гэтым падраздзяленні? 

— Легіён ствараўся больш з год таму з ліку расійскіх вайскоўцаў, для якіх разуменне гонару, вайсковага абавязку – гэта не пусты гук. Такіх, вядома ж, у войску Расіі зараз няшмат, яны там чужынскі элемент. Але, гэта людзі, якія ў першы момант зразумелі, што яны здзяйсняюць вайсковае злачынства. Яно нават прапісанае ў існым Крымінальным кодэксе – «Падрыхтоўка, развязванне, вядзенне агрэсіўнай вайны». Гэта нават на ўзроўні закону не вітаецца ў Расійскай Федэрацыі. Тым не менш, гэта ўсё адбываецца. 

Гэтыя вайскоўцы звярнуліся да Украіны з просьбай перайсці на яе бок. Я падкрэслю, не здаліся ў палон, каб захаваць сабе жыццё, а перайшлі на бок Украіны, каб абараняць яе. Потым у легіёне пачалі з’яўляцца такія грамадзяне, як я, з Расіі, расійскія жыхары замежжа, грамадзяне Расіі, якія жылі ва Украіне. І ўсе мы пакрысе склаліся ў такое ўжо дастаткова буйное эфектыўнае падраздзяленне, якое спачатку ставіла сабе за мэту абараніць Украіну. А я быў, мусіць, першым чалавекам, які пачаў трансляваць ідэю пра тое, што мы не проста мусім абараніць Украіну. Мы павінны вызваліць сваю Радзіму, знішчыць пуцінскі рэжым. Інакш, жыць побач з гэтай звар’яцелай краінай, у якую Пуцін ператварыў Расію, будзе немагчыма. 

— Ці можна казаць пра тое – ці гэта адзінае падраздзяленне, якое адасоблена неяк ваюе, ці гэта элемент нейкай часці Узброеных Сілаў Украіны, ці байцы там размеркаваныя ў розных вайсковых часцях? 

— Не, мы асобнае падраздзяленне, цалкам асобнае, якое аператыўна ўзаемадзейнічае з Узброенымі Сіламі Украіны, абараняючы суцэльнасць яе тэрыторыі. Натуральна, што, вяртаючыся на тэрыторыю нашай Радзімы, мы дзейнічаем цалкам самастойна, нікому не падпарадкоўваючыся, толькі ўзаемадзейнічаючы з нашымі хаўруснікамі з РДК. 

— А ці можаце Вы назваць нейкія аперацыі, у якіх бралі ўдзел ва Украіне вашыя байцы, або на тэрыторыі Расіі, вось з улікам апошніх падзей? 

— Збольшага мы вялі баі на Данбаскім накірунку: Севераданецк, Лісічанск, раён Харкава, раён Бахмута, Тарэцк. Збольшага вакол Бахмута і Тарэцка. Я там праваяваў паўгода прыкладна ў гэтым раёне.  

І дзве апошні буйныя вядомыя аперацыі на тэрыторыі Расіі – гэта міратворчая аперацыя ў Белгарадскай вобласці пачалася 22 траўня і фактычна яна яшчэ дагэтуль там працягваецца. Таму што, нягледзячы на адсутнасць на частцы тэрыторыі нашых войскаў, там дзейнічае наш супраціў, наша падполле, наша, скажам так, цывільнае крыло легіёну, якое здзяйсняе ў Расіі шмат дыверсіяў супраць вайсковых аб’ектаў, супраць ваенкаматаў, падрывае чыгуначныя каляіны, паліць блокі кіравання рухам – то бок, усяляк імкнецца замарудзіць ваенную машыну Расіі.

— А ці звязаныя вы неяк з Расійскім дабраахвотніцкім корпусам? Ці гэта нейкія складовыя часткі?..

— Мы два цалкам самастойныя падраздзяленні. У нас розныя арганізацыйныя формы. У нас розныя палітычныя платформы. Але мы хаўруснікі ў гэтым агульным змаганні. Яны з’яўляюцца больш радыкальнымі, больш правымі, у нас палітычныя пазіцыі больш цэнтрычныя. 

— Вы былі на тэрыторыі Расіі ў памежных раёнах. Як там мясцовае насельніцтва ставіцца да расійцаў, якія ваююць зараз на баку Украіны і надалей імкнуцца змяніць сітуацыю ў самой Расіі? 

— Збольшага стаўленне нейтральнае. Натуральна, што мясцовыя жыхары імкнуліся ўратавацца хутчэй, бо  памежныя вёскі гэтыя абстрэльвала артылерыя Расіі і бамбавала авіяцыя Расіі. Ёсць шмат відэададзеных пра гэта. І я вам скажу, што мяне гэта ў прынцыпе не здзіўляе – тое, што Расія так па-варварску ставіцца да свайго насельніцтва. Ім аднолькава – бамбаваць там Харкаў, Кіеў ці Варонеж. Яны, калі трэба, зноў будуць танкамі па Маскве страляць, калі там нехта выступіць супраць Пуціна. 

Я быў здзіўлены тым, што, я падкрэслю – я заходзіў у складзе самай першай штурмавой групы, іншых дабраахвотніцкіх войскаў перада мной не было. Я там літаральна ішоў другім ці трэцім. І хаты былі разрабаваныя расійскімі вайскоўцамі. Разумееце? То бок, тымі, хто мусіў абараняць нібыта белгарадцаў ад «тэрарыстаў» у нашай асобе, яны разрабавалі хаты мясцовых жыхароў. І самае дзіўнае, што, калі мы потым забівалі іх у баі ці бралі ў палон па-магчымасці, мы з дакументаў бачылі, што гэта не толькі жыхары аддаленых абласцей нейкіх – там Ноўгарад, Пскоў, Разань – нешта такое, а там жа былі самі белгарадцы. Вы можаце сабе ўявіць, каб у нармальнай краіне такое адбывалася? Гэта паказчык поўнай маральнай дэградацыі пуцінскай Расіі і пуцінскага войска. 

І зноў жа, вось гэтыя бесперапынныя абстрэлы па плошчах, цалкам не разбіральныя… У пяхотным баі яны з намі проста баяцца сутыкацца, ім няма чаго нам супрацьпаставіць. То бок, уся іх тактыка – гэта бамбаванні з паветра і масаваныя артылерыйскія абстрэлы. Пры гэтым іх не хвалюе, ці засталіся там мірныя жыхары – абы пастарацца знішчыць нас. Але нам гэта ўсё, на шчасце, вялікай шкоды не наносіць, мы можам хутка схавацца ад абстрэлаў. 

— Туды на гэты момант перакінутыя нейкія часткі рэгулярнага войска з Украіны, ці падцягнуты з нейкіх далёкіх раёнаў Расіі, альбо там нейкія мясцовыя – тэрытарыяльная абарона ці нешта кшталту таго вам супраціўляюцца?

— Збольшага ў першым эшэлоне былі памежныя войскі і падраздзяленні мясцовай тэрытарыяльнай абароны. А потым падцягваліся ўжо войскі ўласна з Белгарадскай вобласці, з Луганскага накірунку адцягваліся войскі, з Курскай вобласці падыходзілі. І мы іх паспяхова перамалвалі. Нягледзячы на тое, што паводле канонаў ваеннай навукі наступовец нясе большыя страты, там усё было наадварот. Наша артылерыя легіёну вельмі добра і ўмела працуе. То бок, падцягнуўшыся да мяжы, яны проста сталі для нас мішэнню. 

— Ці даводзілася вам удзельнічаць у нейкіх сумесных аперацыях з іншымі замежнымі падраздзяленнямі – з беларускімі, напрыклад, з грузінамі, з замежным легіёнам? 

— Мы ў Бахмуце і ягоных ваколіцах вялі абарончыя баі каля паўгода.  Мы перасякаліся, вядома, і з грузінамі, і з беларусамі, і з іншымі замежнікамі. 

— І якое ў вас уражанне, у прыватнасці, напрыклад пра беларускія падраздзяленні?  

— Годныя хлопцы! Я спадзяюся, яны сваю місію выканаюць – вызваліць Беларусь. Таму што я таксама разумею, што гэта іхняя мара – зрынуць звар’яцелага дыктатара і павесці сваю краіну да волі і дабрабыту. Я вось, як прыватная асоба, калі ў мяне будзе такая магчымасць, я б ім вельмі хацеў дапамагчы.

— Якой вы бачыце ў выніку гэтай вайны перамогу Украіны, перамогу ўсяго прагрэсіўнага чалавецтва над цяперашняй Расіяй? Што мусіць адбыцца – гэта толькі вызваленне тэрыторыі Украіны, альбо гэта нейкія далейшыя дзеянні? 

— Разумееце, як у расійскіх казках: калі цмоку адсячы тры галавы, ён недзе схаваецца і ў яго дзевяць адрасце. Я пэўны, што сёлета Украіна даламае пуцінскую арду на полі боя. А потым непазбежна пойдуць працэсы пошуку вінаватага, і ўсё гэта прывядзе да сутыкненняў і закалотаў у Расіі. І мы ў гэтым працэсе паўдзельнічаем. Я ўпэўнены, што мы здабудзем перамогу, таму што мы данясем да нашых суграмадзян абрысы той Расіі будучай, якую мы хочам збудаваць. Расіі, дзе чалавек будзе вольным. Расіі, дзе не будзе крывасмокаў у асобе Пуціна і ягоных алігархаў.  

Ён жа не толькі Украіну знішчае. Ён ужо больш за 20 гадоў знішчае Расію. Проста зірніце на статыстыку: Расія вымірае. Я – расіец, я ведаю. Я ад’язджаю ад Піцера на 50 кіламетраў, зазіраю ў вёску, а там акрамя шпрыцаў ад наркотыкаў і пустых пляшак нічога няма. І расійскія хлопцы, якія спіліся да 30 гадоў. Ён забівае маю Радзіму. І мы з гэтым скончым. 

— І вось якой вы бачыце Расію ў выніку? Як яна павінна рэфармавацца, магчыма, тэрытарыяльна, магчыма, чыста палітычна? Што мусіць адбыцца з Расіяй, каб яна змяніла свой гэты курс? 

— Гэта можна змяніць. Любы чалавек, здольны цвяроза разважаць, зразумее, што на першыя пару гадоў у Расіі будзе неабходная ваенная дыктатура. Гэта трэба дакладна прагаворваць. Таму што цалкам выкараніць пуцінскі рэжым – гэта спатрэбіцца дастаткова значны час.  Трэба ліквідаваць усе элементы, якія будавалі ягоную вертыкаль кіравання і ўдзельнічалі ў ёй. Гэта і алігархат прадажны, які аплачваў вайну ва Украіне. Гэта і медыі прадажныя, якія дурылі людзей. Гэта, натуральна, уся сілавая і ўладная вертыкаль. Гэта крымінал, які ва ўсё гэта ўрос. 

І вось адначасова, выкараняючы гэтае гніллё, трэба вучыць людзей будаваць дэмакратыю. Дэмакратыю нельга пабудаваць згары ўніз. Яе можна пабудаваць толькі знізу ўгору. Адназначна – забараніць палітычныя партыі на першыя пару гадоў, таму што партыі палітычныя, як паказвае практыка, асабліва ў Расіі, але нават і ў іншых краінах – гэта зборышча прайдзісветаў. Чалавек – дэпутат, які абраны народам, павінен адказваць за кавалак сваёй зямлі перад сваімі людзьмі. І не павінна быць такога, што яго абралі на 5 гадоў, ён 5 гадоў крадзе, а потым ён «адвальваецца» і далей займаецца нейкай дзейнасцю. Калі праз месяц-два ягонай працы выбаршчыкі незадаволеныя – сабралі кворум, выгналі яго. 

Людзей трэба вучыць кіраваць сваім пад’ездам, домам, раёнам, то бок, паціху знізу ўгору. І, калі гэта будзе адбывацца – на гору ўздымуцца найлепшыя людзі. У нас зараз у легіёне ў чым наша сіла? У нас розныя палітычныя погляды. У нас ніхто нікога не цісне, нікому нічога не навязвае. Але мы, выказваючы розныя пункты погляду на палітычныя працэсы, на эканамічную мадэль, мы знаходзім заўжды найлепшае. Наша сіла ў шматпалярнасці нашых поглядаў. І народ павінен вучыцца вылучаць знізу ўгору самыя лепшыя элементы. 

Што мы бачым зараз? Зараз у пуцінскай сістэме на гору ўзнімаецца самы бруд. На федэральным узроўні – гэта зусім немагчымыя дзеячы. Гэта сапраўдныя дэгенераты. І асноўным крытэрам адбору ў Пуціна з’яўляецца проста лаяльнасць. І ўбудаванасць у сістэму. Зірніце на белгарадскага губернатара Гладкова – гэта ж вартае жалю відовішча. Зірніце на міністра, на Шайгу, на Герасімава. Гэта не прафесіяналы. Гэта людзі, якія ўбудаваліся ў сістэму, ім выгадна красці. 

Шмат каго хвалюе пытанне – што з рэпарацыямі Украіне, што будзе з суб’ектамі Федэрацыі. Вось пасля таго, як гэтая чыстка, люстрацыя і аздараўленне грамадства будуць праведзеныя, пасля таго, як мы разлічымся перад Украінай… А вінаватыя ў гэтай вайне ўсе – бо я часта чую, што, маўляў, якуты там ці бураты ці яшчэ нехта не вінаватыя – вінаватыя маскалі і пецярбуржцы. Не – прабачце, забіваць украінцаў ехалі ўсе. І я вінаваты ў тым, што тае суграмадзяне гэта рабілі. 

Выплацім усе кампенсацыі, адновім Украіну, усё, што зможам аднавіць, і тады, калі ласка: з новай уладай, каб не было там прапуцінскіх элементаў, абірайце – хочаце жыць асобна, хочаце жыць разам. Расія такая краіна, з гісторыяй складанай, працяглай. Я думаю, што, калі мы дамо нашым грамадзянам здаровую мадэль ніхто збольшага не захоча аддзяляцца. У нас ва ўсіх там вельмі шчыльныя сувязі – у нас людзі з аднае сям’і жывуць ад Калінінграда да Уладзівастока. Я мяркую, што будзем жыць мірна. Але, зноў жа, калі нехта пажадаў выйсці – калі ласка, без усялякай крыві, спакойна, селі, пытанне вырашылі за сталом перамоваў, і жывем мірна па-суседску. 

Comments are closed.