Loading

Праект «Чын-Чыны», вядомы сваімі пародыямі на беларускіх чыноўнікаў, прывез у Варшаву фільм «Чын-Чыны праляцелі кукушкай». У нядзелю ў Музеі Вольнай Беларусі адбыўся прэм’ерны паказ.

Па сюжэце Сяргей Мікалаевіч і Мікалай Сяргеевіч прыбываюць у Лядскую псіхіятрычную лякарню №1, каб адведаць загадкавую пацыентку Алену ЖелудOk, якую яны спрабавалі прымусіць вярнуцца на дзяржаўную сцэну.

Варшаўская публіка вельмі цёпла прыняла фільм, а арганізатары не чакалі такой вялікай колькасці жадаючых прыйсці на паказ: унутраны дворык музея змясціў не менш за паўтары сотні чалавек.

Як кажа адзін з аўтараў праекту Міхаіл Зуй, ідэя менавіта такой прэзентацыі з’явілася даўно, калі аўтары адчулі патрэбу ў рэальнай камунікацыі са сваімі гледачамі.

«Мы спрабуем перавесці Чын-чын-чэнэл у фармат жывых выступаў, афлайн мерапрыемстваў. Хочацца сустракацца з сябрамі, са знаёмымі і не праз інтэрнэт, а праз жывыя зносіны».

Як кажуць аўтары Чын-чын чэнэл, насамрэч, такога кшталту імпрэзы – не новыя для іх. Падобнае ўжо ладзілася ў дворыках яшчэ ў Беларусі з зусім невялічкай праграмай. Але з прычыны пераследу, удзельнікам праекту прыйшлося з’язджаць з Беларусі і ўжо тут з’явілася патрэба ў больш блізкім знаёмстве з гледачом.

«Магчыма пасля пераезду з’явілася такое адчуванне, што гэта патрэбна нам, як людзям, якія кантэнт ствараюць і патрэбна людзям, якія гэты кантэнт глядзяць. Патрэбна больш, чым нешта паглядзець у ютубе. Патрэбна стасавацца асабіста».

Публіка прыняла фільм вельмі цёпла, людзі ацанілі гумар і актуальнасць фільма. Як кажа Міхаіл Зуй, такую рэакцыю гледача трэба яшчэ адпрацоўваць і каманда гатовая гэта зрабіць на ўсе 100%.

«Гэта аванс, гэта рассрочка, гэта мікразайм. Мікразайм эмацыйны, які трэба адпрацоўваць і мы будзем гэта рабіць».

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.