Афіцыйна дзейнасць расійскіх прапагандысцкіх каналаў у краінах Балтыі забароненая як на нацыянальным узроўні, так і на еўрапейскім. Неўзабаве пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну ўстановы, адказныя за рэгуляванне сферы інфармацыі ў Літве, Латвіі і Эстоніі, выдалі распараджэнні спыніць вяшчанне такіх каналаў як РТР-Планета, НТВ-Мір, НТВ-Мір Балтыка, Беларусь 24, Россия 24 і TV Centre International. Рэгулятары спаслаліся на тое, што 24 лютага 2022 года гэтыя каналы транслявалі выступ прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, у якім ён апраўдваў ваеннае ўварванне ва Украіну, ігнаруючы асноўныя прынцыпы міжнароднага права. Пазней вышэйзгаданыя тэлеканалы былі ўключаныя ў санкцыйны спіс ЕС наўпрост ці праз свае галаўныя кампаніі. Таксама быў заблакаваны доступ да некаторых сайтаў, якія распаўсюджвалі пракрамлёўскую прапаганду, з-за падтрымкі ваеннай агрэсіі і распальвання нянавісці. У выніку ў краінах Балтыі было абмежавана вяшчанне больш чым 80 расійскіх і беларускіх тэлеканалаў, якія раней былі даступны. Гэтыя СМІ карысталіся вялікім попытам у аўдыторыі, асабліва ў Латвіі. Іх папулярнасць абумоўлена прывабнасцю, адпаведным выбарам тэм і спосабаў іх падачы, што забяспечвала прыемнае баўленне вольнага часу.
Раней расійскія ўлады выкарыстоўвалі шэраг тактык для распаўсюджвання дэзінфармацыі, накіраванай на падрыў легітымнасці балтыйскіх краін і паслабленне сацыяльнай еднасці ў Літве, Латвіі і Эстоніі. Нягледзячы на фармальныя абмежаванні, расійская прапаганда працягваецца (напрыклад, паводле ацэнкі літоўскай камісіі па СМІ, праз расійскія рэсурсы інфармацыю атрымлівае каля 5% жыхароў краіны). У сувязі са зменай геапалітычнай сітуацыі ў рэгіёне (дэзінфармацыя прысутнічае перш за ўсё ў інтэрнэце, асабліва ў сацыяльных сетках), змяніліся наратывы, метады і каналы прапаганды, але мэты засталіся ранейшымі. Расія прадстаўляецца краінай, аточанай «варожымі сіламі», якія імкнуцца аслабіць яе пазіцыі ў рэгіёне і пагражаюць яе бяспецы. Згодна з такім падыходам, краіны Балтыі з’яўляюцца важнай часткай заходняй змовы па «атачэнні» і стрымліванні Расіі. Расійская прапаганда, як і раней, выкарыстоўвае сацыяльныя падзелы і рознае стаўленне да ўлад з боку этнічнай большасці (літоўцы, латышы і эстонцы) і рускамоўнай меншасці. Такім чынам наратывы для розных сацыяльных груп могуць істотна адрознівацца.
Распаўсюджаны пасыл, які зʼявіўся пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, тычыцца бежанцаў. Нібыта ў Літве, Латвіі і Эстоніі жорстка абыходзяцца з украінскімі ўцекачамі. Такая інфармацыя прызначана ў першую чаргу для этнічнай большасці ў гэтых краінах. У сваю чаргу наратыў, адрасаваны рускамоўнай меншасці, павінен пераканаць іх у тым, што да бежанцаў насамрэч больш прывілеяванае стаўленне чым да жыхароў – яны атрымліваюць большую падтрымку, чым грамадзяне, з-за чаго апошнія адчуваюць дыскрымінацыю з боку ўлад. Мэта такой дзейнасці – сацыяльная палярызацыя, якая павінна прывесці да дэстабілізацыі ў балтыйскіх краінах. Яшчэ адна важная тэма – памяць аб воінах Савецкай Арміі. Гэты наратыў актывізуецца ў гадавіну заканчэння Другой сусветнай вайны. На працягу многіх гадоў 9 мая было нагодай для апраўдання аднаўленне ваеннай моцы Расіі і падтрымкі яе імперыялістычных памкненняў.
І хоць сімпатыі да такіх наратываў заставаліся стабільнымі, пасля 22 лютага 2022 заканадаўчае рэгуляванне (абмежаванне магчымасці арганізацыі масавых мерапрыемстваў з меркаванняў бяспекі), працэс пераносу савецкіх мемарыялаў з публічных месцаў (найбольш вядомым прыкладам стаў знос помніка з Плошчы Перамогі ў Рызе і перанос танка Т-34 з эстонскай Нарвы), а таксама змена стаўлення жыхароў краін да Расіі сталі прычынамі таго, што расійская прапагандысцкая кампанія вакол 9 мая не магла больш праходзіць у такім маштабе, як раней.
Сёлета Расія падрыхтавала прапагандысцкую кампанію ў сацыяльных сетках, якая грунтавалася на сімвалах падтрымкі яе ваенна-палітычных мэт ва Украіне. Акрамя таго, расійскія дзяржаўныя СМІ паведамлялі, што ўрачыстасці ў краінах Балтыі, прымеркаваныя да заканчэння Другой сусветнай вайны, падтрымліваюць расійскі наратыў аб супрацьстаянні NATO і нацызма, і што ўрады гэтых краін падтрымліваюць «ваенную аперацыю» ва Украіне. Своеасаблівая правакацыя адбылася ў памежным з Эстоніяй расійскім Івангорадзе. Мяжа там праходзіць па рацэ, на іншым беразе якой знаходзіцца эстонскі горад Нарва. З нагоды 9 мая ўлады Івангорада зладзілі канцэрт, размясціўшы сцэну так, каб яе бачылі жыхары эстонскай Нарвы. На цырымоніі выступілі расійскія артысты, прагучалі ваенныя песні і быў паказаны патрыятычны фільм. На эстонскім баку сабраліся сотні жыхароў, за парадкам сачыла паліцыя. У адказ Эстонія на мурах замка размясціла плакат «Пуцін – ваенны злачынца» такім чынам, каб яго бачылі ўдзельнікі канцэрту. Расія патрабавала зняць плакат – Эстонія адмовілася.
Расія жадае таксама дыскрэдытаваць унутраную палітыку краін Балтыі, прадстаўляючы іх як слабыя, недэмакратычныя дзяржавы з пастаяннай пагрозай хаосу. У кастрычніку 2022 года ў сувязі з вайсковымі вучэннямі эстонскіх узброеных сіл і рэзервістаў зʼявіліся наратывы, паводле якіх такія вучэнні назвалі «бессэнсоўнымі», а салдат «няўмелымі» і «слабымі». Параўнанне арміі з цыркам таксама мела на мэце высмеяць і прынізіць дух салдат. У Літве прапагандысты скарысталіся тэмай абмежавання транзіту з Расіі ў Калінінград, што зʼяўляецца часткай санкцый Еўрасаюза, уведзеных пасля нападу на Украіну. Так званая «блакада Калінінграда» выклікала ў рускамоўнай аўдыторыі балючыя асацыяцыі з блакадай Ленінграда падчас Другой сусветнай вайны і, як вынік, асацыяцыі, што літоўцы выкарыстоўваюць нацысцкія метады.
Што тычыцца прапагандысцкіх стратэгій, то можна заўважыць як новыя тактыкі і накірункі, так і правераныя гадамі. Расійскія СМІ і прыхільнікі Крамля выкарыстоўваюць загалоўкі ці фрагменты артыкулаў з заходніх медыяў, прадстаўляючы іх у іншым, супярэчлівым і крытычным для краін Балтыі ключы. Яны выкарыстоўваюць скрыншоты, цытаты без спасылкі на арыгінальны тэкст або патрабуюць дадатковую плату за пераход да першакрыніцы. Такім чынам, чытачы не маюць доступу да поўнага кантэксту, які, па сутнасці, мае няшмат агульнага з інтэрпрэтацыяй расійскіх прапагандыстаў. Расія таксама спасылаецца на аўтарытэты, якія падтрымліваюць і прасоўваюць пракрамлёўскі наратыў. Такія самыя механізмы прымяняюцца і ў рабоце з самай маладой аудыторыяй. Расія выкарыстоўвае поп-культуру як інструмент уласнай імперыялістычнай палітыкі, так званай «вялікай культуры», якая бярэ пачатак яшчэ з савецкіх часоў. Напрыклад, частка акцёраў паўнаметражнага дзіцячага фільма пра прыгоды Чабурашкі, які выйшаў на экраны ў пачатку 2023 года, адкрыта падтрымала расійскую атаку на Украіну. Фільм быў паказаны і ў Эстоніі, а даходы ад яго пайшлі на патрыманне расійскай эканомікі. Гэта выклікае этычныя сумненні як у аўдыторыі, так і ў міжнародных дыстрыбʼютараў.
Па-ранейшаму эфектыўным сродкам камунікацыі застаюцца мемы – кароткія жартаўлівыя паведамлення ў выглядзе тэксту або малюнка. Матывы застаюцца тыя ж, што і ў традыцыйных каналах камунікацыі: ушанаванне дасягненняў Савецкага Саюза (СССР як краіны бяспекі, стабільнасці і дабрабыту) і залежнасці краін Балтыі ад НАТА, ЕС і ЗША. Эфектыўнасці пракрамлёўскай прапаганды спрыяюць і так званыя карысныя ідыёты, якія, як правіла, не спецыяльна і не задумваючыся, распаўсюджваюць у публічнай прасторы наратывы ў адпаведнасці з лініяй Масквы. З расійскімі прапагандысцкімі наратывамі супадаюць заявы пра нібыта наўмысныя затрымкі паставак зброі ва Украіну, абвінавачванні на адрас заходніх дзяржаў у імкненні аслабіць Расію мілітарна, каб прывесці да яе распаду і кантраляваць пагружаную ў хаос краіну. Такая сітуацыя нібыта магла б умацаваць суверэнітэт і бяспеку Літвы, Латвіі і Эстоніі.
Высновы
Фармальнае блакаванне расійскіх тэле- і радыёканалаў у краінах Балтыі істотна абмежавала распаўсюджванне прапаганды, але не спыніла яе цалкам. Яе тон агрэсіўны, а прапагандысты ўсё больш крэатыўныя ў выбары наратываў і метадаў. У асноўным яны выкарыстоўваюць сацыяльныя сеткі, якія зʼяўляюцца больш важным каналам інфармацыі для рускамоўнай аўдыторыі, чым для людзей літоўскага, латышскага ці эстонскага паходжання. Са змяншэннем ролі традыцыйных СМІ Масква перайшла да новых метадаў камунікацыі, а ў віртуальным свеце яна стварыла сетку фальшывых акаўнтаў і профіляў, якія выкарыстоўваюцца для павелічэння папулярнасці сайтаў, што распаўсюджваюць дэзінфармацыю.
Публічныя пасты на рускай мове абапіраюцца на афіцыйныя расійскія наратывы пра мір і нейтралітэт. У той жа час закрытыя групы ў сацсетках дазваляюць ствараць і распаўсюджваць «альтэрнатыўныя», крытычныя да дамінуючага дыскурсы і больш радыкальныя версіі падзей, захоўваючы пры гэтым адносную ананімнасць. Пасля 22 лютага 2022 году адна з галоўных тэм – уцекачы з Украіны. Нягледзячы на тое, што грамадства краін Балтыі з першых дзён расійска-ўкраінскай вайны ўключылася ў дапамогу ўцекачам, у сацыяльных сетках распаўсюджваюцца негатыўныя каментары пра іх. Аўтары вінавацяць Захад і ўкраінскае кіраўніцтва ў тым, што яны спрычыніліся да нападу Расіі на Украіну, а бежанцаў, якія прыбылі ў Літву, Латвію і Эстонію, абвінавачваюць у здрадзе радзіме і ўцягванні ЕС ў вайну.
Некаторыя жыхары краін Балтыі таксама занепакоеныя тым, што ўрады, засяроджваючыся на падтрымцы бежанцаў, абмяжоўваюць сацыяльную палітыку і падтрымку, накіраваную на ўразлівыя сацыяльныя групы саміх гэтых краін. Безумоўна, такім высновам спрыяў правал папярэдняй інтэграцыйнай палітыкі краін Балтыі. Аднак, на шчасце, такія наратывы не знаходзяць шырокай аўдыторыі. Тым не менш, інтэрнэт-пляцоўкі пакуль не выпрацавалі адпаведнай стратэгіі для гэтага віду дзейнасці і звычайна выкарыстоўваюць пастаяннае або часовае выдаленне прапагандысцкіх пастоў. Бываюць і супрацьлеглыя сітуацыі, калі алгарытмы сацсетак блакуюць акаўнты тых, хто выказвае незадаволенасць расійскай агрэсіяй або заклікае падтрымаць Украіну. У прыватнасці, праблемы такога кшталту тычацца адпаведных алгарытмаў на мовах малых краін – Літвы, Латвіі, Эстоніі ці Балкан.
Рэгуляванне і адміністрацыйныя працэдуры ў Літве, Латвіі і Эстоніі ствараюць істотныя перашкоды для эфектыўнага ўздзеяння прапаганды на насельніцтва. У Літве плануюць стварыць цэнтр маніторынгу і выкрыцця пракрамлёўскай прапаганды. Добрым знакам таксама зʼяўляецца павышэнне медыяграматнасці і здольнасць распазнаваць ілжывы кантэнт. Змяняецца і само стаўленне да Расіі сярод рускамоўнай аўдыторыі ў краінах Балтыі. Даследаванні ў Латвіі паказалі, што больш за палову апытаных (63%) перакананы, што знешняя палітыка краіны павінна быць арыентавана на Захад, а не на Усход. Сярод рускамоўных гэты працэнт быў крыху меншы (41%), але розніца па гэтым пытанні за апошнія гады відавочная. Калі ў 2010 годзе прыхільнікаў усходнеарыентаванай знешняй палітыкі было 46%, то цяпер толькі 18%.
Цікава, што расійская прапаганда ў краінах Балтыі ўсё часцей суправаджаецца кітайскай дэзінфармацыяй. Нядаўняе абурэнне грамадскасці выклікала заява амбасадара Кітая ў Францыі Лу Шае, які паставіў пад сумнеў суверэнітэт былых савецкіх рэспублік і прыналежнасць Крыма Украіне. Дыпламат выказаў сумнеў адносна статусу краін Балтыі як суверэнных дзяржаў. Гэта не першы выпадак фальсіфікацыі гісторыі і падрыву тэрытарыяльнай цэласнасці краін Балтыі аўтарытарнымі рэжымамі. Раней расійская Дума ініцыявала працэс разгляду адмены прызнання незалежнасці Літвы. Такім чынам, распаўсюджванне дэзінфармацыі становіцца яшчэ адным інструментам агрэсіўнай палітыкі Кітая ў дачыненні да краін Балтыі. Спецслужбы Літвы, Латвіі і Эстоніі пастаянна інфармуюць аб шпіёнскай дзейнасці і спробах вярбоўкі расійскімі, беларускімі і кітайскімі спецслужбамі. Таксама назіраецца павелічэнне дзейнасці кітайскіх спецслужбаў у сферы інфармацыйных аперацый і кібервыведкі. Гэта азначае, што прапагандысцкая дзейнасць Кітая становіцца ўсё большай праблемай для ўрадаў Літвы, Латвіі і Эстоніі.
Аўтар: Aleksandra Kuczyńska-Zonik
Comments are closed.