Loading

4 траўня ў Варшаве прайшоў Вялікі беларускі арт-маркет. У кавярні Kult Kawy можна было купіць хэнд-мэйд ад нашых майстроў, якія зараз жывуць і працуюць у Польшчы. Прадавалі аксесуары, біжутэрыю, кераміку, экакасметыку і нават беларускае сала. 

 – Я сама з Мінску. Усё жыццё пражыла ў любімым родным горадзе, але пасля 2020 года давялося пераехаць, цяпер прывучаем да пасцілы не толькі беларусаў, але і палякаў. Пасціла мяне з Акрэсціна выратавала, але гэта зусім іншая гісторыя, – бойка расказвае Ганна пра свае прысмакі. Іх яна вучылася рабіць у Мінску, а ў Варшаве ўжо спрабуе запусціць свой бізнес. Невялічкі пакуначак на пробу ў яе можна ўзяць за 20 злотых. Смакі – самыя розныя. Ёсць нават іх наборы, вялікія каробкі. Можна купіць сабе да гарбаты, а можна ў падарунак, які вельмі ацэняць аматары здаровага харчавання.  

Дарына на арт-маркеце прадае сваю біжутэрыю Mashali. Чаму такая назва? Усё проста. У Дарыны дзве дачкі – Маша і Аліса. Разам – Машалі. Дзяўчынкі не толькі натхнілі на калекцыі ўпрыгожанняў, але і дапамагалі збіраць для іх матэрыял. У ювелірнай смале – засушаныя кветкі, якія носяць нават у Аўстраліі. 

– Незабудкі мы прывезлі з Беларусі. Валошкі і папараць таксама. Ёсць тут яшчэ пушынкі дзьмухаўцоў. Я заліваю іх апаксіднай смалой, якая захоўвае засушаныя расліны. Матэрыял вельмі трывалы і лёгкі. Не б’ецца, амаль не драпаецца. Можаце паглядзець на мне. У мяне падвеска ў контурах Беларусі з пялёсткам валошкі ўнутры. Таму што вельмі сумую па доме.

– Што набылі на арт-маркеце? – цікавімся ў кліенткі Дарыны. Беларуска Алена ахвотна паказвае пакупкі.

– Завушнічкі з пялёсткамі руж. Пасуюць да маёй калекцыі ружовых упрыгожанняў. Яна ў мяне вялікая і там шмат чаго ад беларускіх майстроў. Для дзяцей купіла свечкі. А сабе яшчэ ўзяла брошку. Гэта такі бел-чырвона-белы буслік. Даўно марыла пра яго. Чакала, пакуль майстар прыедзе ў Варшаву. Чаму купляю хэнд-мэйд? Па-першае, хочацца падтрымаць сваіх. Па-другое – адрознівацца.

Брошка, якую купіла Алена, робіць брэнд muhomori_ka. Каця з ахвотай расказвае пра свае вырабы, падбіраючы нам з фатографкай аксесуары.

– Гэта мой першы тут маркет. Цешуся, што сустракаю сваіх знаёмых. Буслікаў везла з сабой, ведаючы, колькі тут родных беларусаў. Мае брошкі лёгкія, іх можна насіць на блузках, майках. Яны някідкія, няяркія, я аматар прыглушаных тонаў, каб бліжэй да прыроды, якой я натхняюся. Напрыклад, тут ёсць горы – гэта новая брошка. Зрабіла яе пад уражаннем першых у сваім жыцці гор.

Агулам у беларускім арт-маркеце ўдзельнічала каля 30 майстроў. Усе яны сёння спрабуюць наладзіць свой бізнес у Польшчы і выйсці на новы рынак. На падобных кірмашах, якіх у Варшаве ўжо адбылося больш за дзясятак, яны сустракаюцца, дзеляцца досведам і, канешне, чакаюць сваіх беларускіх пакупнікоў. Сярод іх заўважаем на кірмашы Вольгу і Паўлюка Быкоўскіх. Цікавімся, з якімі яны пакупкамі пойдуць дадому.

– Толькі што мы з-пад палы, можна сказаць, набылі сала. Гэта тое, што рэдка сустракаецца. Калі мы сюды перабраліся, дык сутыкнуліся з тым, што сала ў нашым разуменні ў Польшчы няма. Ёсць італьянскае, нямецкае, пасля 24 лютага з’явілася ўкраінскае, самае падобнае да беларускага было сала з Вільні. А тут нам сказалі, што гэтае зроблена па беларускіх рэцэптах, – кажа Паўлюк.

– Яшчэ купілі ўпрыгожванні і мыла, – дадае Вольга. – Выбралі сабе з пахамі чабару, Нёмана і Нарачы. Увогуле шмат прыемных беларусаў, якія і зніжкі дадуць, і на «Жыве Беларусь»  адкажуць: «Жыве!».

Падрабязней пра кірмаш слухайце ў плэеры. А ніжэй вялікі фотарэпартаж, што яшчэ было цікавага на маркеце.

Comments are closed.