Loading

Ілля Міронаў, гомельскі актывіст, валанцёр, які напісаў больш за 2 тысячы лістоў палітвязням, быў зняволены ў верасні 2021 года за каментар у сацыяльнай сетцы ў вядомай ужо так званай справе Зельцара. За каментар, які не ўзгаджаецца з лініяй уладаў, Ілля Міронаў без якіх-кольвек пастаноў судоў і разбіральніцтваў правёў у нечалавечых умовах зняволення ў Гомельскім СІЗА цэлы год. 24 кастрычніка проста ў зале суда, дзе яму менавіта столькі і прысудзілі, яго вызвалілі. Ілля распавёў нам сваю гісторыю і тое, як лісты ды іншая падтрымка з волі бачацца з таго боку турэмных кратаў.

Мяне абвінавацілі паводле двух артыкулаў — абраза супрацоўнікаў КДБ і распальванне варажнечы. Я на эмоцыях пакінуў раніцай каментарый і не думаў, што ён з’яўляецца нейкім злачынным дзеяннем. А на наступную раніцу я ўжо быў затрыманы на выхадзе з уласнага дома. 

Да таго я 25 сутак правёў у ізалятары часовага ўтрымання за футболку «Пішыце пісьмы». Супрацоўнікі негатыўна аднесліся да таго, што я апісаў, што Зельцар быў застрэлены пры самаабароне. А яны сказалі, што трэба было разабрацца ў сітуацыі, бо на самой справе было тое, што прыйшлі да Зельцара супрацоўнікі, ён першы пачаў страляць, адзін з супрацоўнікаў быў смяротна паранены і застрэлілі Зельцара. 

30 верасня 2021 года я быў затрыманы. Першыя двое содняў я прабыў на ІЧУ, потым мяне перавялі ў СІЗА. І потым увесь час знаходзіўся ў СІЗА. 

Ці тлумачылі табе неяк, чаму цябе больш за год трымаюць у зняволенні? Ты ж нікога не забіў, не гразіш грамадскай небяспекаю. 

Спачатку здавалася, што ўсе экспертызы будуць праведзеныя вельмі хутка. Я, калі мяне затрымалі, проста не бачыў у гэтым сваім паведамленні, што я здзейсніў злачынныя дзеянні, у якіх мяне абвінавацілі. Думаў, што экспертызу правядуць цягам двух-трох тыдняў. Але з нейкіх прычынаў яна зацягнулася на 10 месяцаў і была праведзеная толькі ў канцы ліпеня-пачатку жніўня. Увесь гэты час быў у стане невядомасці. Я адмаўляўся прызнаваць, што я вінаваты. 

У мяне судовае паседжанне было толькі 1 дзень. За пару гадзін была разгледжаная мая справа: прачыталі экспертызу і ўсё. Я правёў у СІЗА амаль год і 3 месяцы, у пераразліку на пазбаўленне волі гэта было як раз прыраўняны той час, які мне прысудзілі. Але пракурор прасіў на паўгода болей — 2 гады і штраф 100 базавых, што складае 3200 рублёў. А суддзя вынес 1,5 года «лагера» (то бок, той час, што я ўжо адседзеў) і штраф 200 базавых велічынь. 

Ты вядомы тым, што напісаў 2700 лістоў палітзняволеным, а потым сам патрапіў у іх становішча. Ці можаш ты сказаць, як гэта выглядае з таго боку турэмных кратаў? 

На чацвёрты дзень прыйшоў першы ліст. І з кожным днём лістоў прыходзіла ўсё болей. Канешне, было вельмі файна, што людзі, з якімі я стасаваўся, пачалі мне пісаць. Адзін ліст на дзень, потым іх стала болей, даходзіла да больш чым 10 лістоў за дзень. Гэта вельмі надавала моцы. Чакаў гэтыя лісты і сядзеў, адказваў людзям. Прыўзнімаў іхні дух, ужо знаходзячыся за кратамі. 

А ці ты падлічваў, колькі ты за час свайго зняволення атрымаў лістоў? 

Так, я лічыў. 500 з нечым лістоў атрымаў. Як з Беларусі, так і з такіх краін, як Францыя, Кіпр, Чэхія, Галандыя. Але, на жаль, з 1 лютага гэтага года я перастаў атрымліваць лісты. Хаця мая мама, якая стасавалася з маімі сябрамі праз сацсеткі, казала, што людзі гавораць, што пішуць. Некаторым людзям лісты з нейкіх прычынаў прыходзілі назад. Некаторыя лісты кудысьці проста знікалі. І невядома куды. Бо я пісаў заяву на кіраўніцтва СІЗА. Яны сказалі, што, калі б тыя лісты прыйшлі, мы б вам іх перадалі, таму ўсе пытанні на паштовае аддзяленне. 

Я б хацеў сказаць з гэтае нагоды, што перасталі перадаваць лісты, але перадавалі ў поўным аб’ёме, як дробныя пакеты і грашовыя пералікі. Людзі пераказвалі проста каб ведаць, што памятаюць яны. І ўсё прыходзіла. І я б хацеў сказаць слухачам, якія цяпер хочуць падтрымаць тых людзей, якія знаходзяцца за кратамі. Так, сапраўды, вы можаце такім чынам падтрымаць, і дойдзе да адрасатаў — і грашовыя пералікі і дробныя пакеты прыйдуць. Салідарнасць — пісаць лісты ці перадаваць нешта — гэта вельмі важна, асабліва зараз. Каб людзі, якія чакаюць суда альбо ўжо знаходзяцца ў «лагерах», ведалі, што іх памятаюць і чакаюць на волі не толькі родныя, але і ўсе сумленныя людзі. 

Comments are closed.