Loading

Беластоцкія беларусы правялі спантанную акцыю каля Генеральнага консульства Беларусі з нагоды смерці палітзняволенага мастака Алеся Пушкіна. Многія, хто прышоў на мітынг, не маглі стрымаць пачуццё нянавісці да лукашэнкаўскага рэжыму, акрэсліваючы яго як акупацыйны, які катуе і забівае беларусаў.

На мітынг да консульства прыйшло некалькі дзясяткаў чалавек. Усіх іх абурыла смерць таленавітага мастака Алеся Пушкіна, вядомага сваёй прабеларускай дэмакратычнай пазіцыяй, якую ён праяўляў, у прыватнасці, у сваіх творах.

Пра тое, што зусім нядаўна 21 траўня каля консульства праходзіла акцыя салідарнасці з палітвязнямі з нагоды другой гадавіны забойства ў шклоўскай калоніі Вітольда Ашурка, нагадаў вядучы мітынга Ян Абадоўскі.

«Мы тут шмат разоў збіраліся, калі забівалі іншых беларусаў, катавалі, тысячы людзей саджалі за краты. Мы цэлы час прыходзілі да гэтага лукашысцкага консульства, каб паказаць, што мы выходзілі і будзем далей выходзіць, пакуль наша краіна не будзе вольная. Шмат беларусаў знаходзяцца зараз за мяжой, таму што нас бы пасадзілі проста за краты, нас бы нішчылі, катавалі бы ў турмах, але мы знаходзімся тут у Еўропе. Таму мы будзем прыходзіць да гэтага месца і будзем выказваць нашу салідарнасць з тысячамі палітзняволеных, мы будзем паказваць, што будзем далей змагацца, мы будзем рабіць нашы акцыі. І наша краіна будзе вольнай», – заявіў выступоўца.

Лукашэнкаўскі рэжым забіў яшчэ аднаго чалавека – не першага і, магчыма, не апошняга, казала актывістка дыяспары Кацярына Дзерман.

«Што тут можна зрабіць? Не кожны можа сесці на танк і паехаць у Беларусь, але кожны бы хацеў, напэўна. У такія дні асабіста я адчуваю нянавісць. І мне падаецца, што мы маем права на такія пачуцці. Мы маем права ненавідзець гэтых людзей. Можна замяніць слова «нянавісць» на «прагу адказнасці». Мне б хацелася, каб кожны з вас гэтае пачуццё ў сябе культаваў. Каб усе людзі, якія здзяйснялі гэтае забойства, усе, пачынаючы ад канваіраў і суддзяў і заканчваючы самай вярхушкай, каб яны панеслі адказнасць за тое, што яны робяць», – з хваляваннем у голасе гаварыла жанчына.

Мы не даруем злачынцам, якія забіваюць беларусаў, заявіў галоўны рэдактар Радыё «Рацыя» Яўген Вапа.

«Боль, гнеў, нянавісць – гэта першыя пачуцці, якія спадарожнічаюць кожнай такой сумнай навіне. У нас за гады і дзесяцігоддзі, на жаль, вельмі многа. Але гэта не абазначае, што гэтыя боль і нянавісць абазначаюць амнезію ці мы даруем тым усім злачынцам. Алесь Пушкін мой шматгадовы сябр, я з ім знаёмы з 1989 года. Ён нібы той беларускі цяперашні Шагал, які вылецеў з Віцебска, са сваёй майстэрні і ляцеў з беларускім словам, вобразам, карцінамі маляваць і даваць гонар у любы куточак сваёй любімай Беларусі, але таксама па-за яе межамі», – казаў спадар Яўген.

Аб сваім знаёмстве з Алесем Пушкіным распавяла журналістка і спявачка Кацярына Ваданосава. Паводле яе, у жніўні 2020 года яны дамовіліся разам ствараць музычны альбом. Калі ж Алесь апынуўся ў турме, яна пісала яму лісты.

«Для мяне сённяшняя навіна, як і для ўсіх тых, хто тут знаходзіцца, гэта цяжкі ўдар, гэта вялікі боль, гэта вялікая роспач і горыч. Я магу сказаць, што зараз нам мала што даступна, мы вельмі мала маем у сваіх руках моцы і мала маем інструментаў дзеля таго, каб змагацца, дзеля таго, каб штосьці мяняць, дзеля таго, каб набліжаць шчаслівыя хвіліны. Але памятаючы пра Алеся, пра Вітольда, якога закатавалі ў турме таксама. Мы мусім заўсёды трымаць у сваёй галаве тое, што нам трэба праз «не магу», праз «немагчыма», праз «няможна», праз «нельга» рабіць усё, што ад нас залежыць, усё тое, што нам даступна і тое, што нам не даступна дзеля таго, каб набліжаць гэтую шчаслівую хвіліну, каб ніводны чалавек больш не быў закатаваны ў турме», – заклікала спадарыня Кацярына.

Беларусь акупаваная краіна, а адміністрацыя Лукашэнкі – акупацыйная адміністрацыя, таму палітзняволеныя павінны разглядацца як ваеннапалонныя, упэўнены кіраўнік Беластоцкай суполкі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Сяргей Верамеенка.

Смерць у зняволенні Алеся Пушкіна стала чарговай смерцю палітвязня ў лукашэнкаўскіх засценках. Мы помнім аб Вітольдзе Ашурку, Мікалае Клімовічы, а таксама забітых лукашэнкаўскімі сілавікамі ў 2020 годзе. Аб чым сведчаць гэтыя трагічныя выпадкі?

Гарадзенец Уладзімір Хільмановіч: «Гэта сведчыць толькі пра тое, што ўсе рысы чалавечых, нейкіх прыстойных паводзін, маралі, нейкіх законаў яны даўно перакрочаны гэтым рэжымам і людзей мэтава забіваюць. Магчыма, не забівалі Пушкіна ў канкрэтны дзень, але яго забівалі цягам усяго зняволення. З тых сведчанняў, якія мы маем, усіх палітвязняў катуюць у той ці іншай ступені. Кагосьці больш жорстка, кагосьці менш жорстка, але ўсё гэта прыводзіць да таго, што людзі губляюць здароўе, а некаторыя жыццё», – адзначыў ён.

Берасцеец Алесь Ляўчук: «У рэжыма не засталося ніякіх тармазоў і яны забіваюць людзей. Яны пачалі гэта рабіць даволі даўно. Можна ўзгадаць Палякову, якую яны давялі да самагубства (праваабаронца Яна Палякова здзейсніла самагубства ў сакавіку 2009 года пасля прысуду да двух гадоў абмежавання волі па нібыта «ілжывым даносе» на міліцыянера – заўв. Радыё Ўнэт). А з 9 жніўня 2020 года яны ўжо адкрыта забіваюць людзей».

Comments are closed.