Каля дзясятка беларускіх падлеткаў прынялі ўдзел у першым пасяджэнні падлеткавага клуба, які створаны ў хабе «Новая зямля» ў Беластоку. Першая тэмай размовы стала міфалогія, пра якую распавёў сацыёлаг Генадзь Коршунаў.
Ідэя стварэння падлеткавага клубу належыць грамадскай актывістцы, супрацоўніцы хаба «Новая зямля» Надзеі Салаўёвай. Менавіта яна прапанавала рэалізаваць ідэю дарослым, якія гадуюць дзяцей узростам ад 12 гадоў. Тыя падтрымалі задумку, галоўнай мэтай якой з’яўляецца стварэнне нейкай аб’яднанай супольнасці беларускіх дзяцей. Ад вясны ідэя прапрацоўвалася і ў рэшце матэрыялізавалася ў першую сустрэчу 9 верасня.
— Вырашылі ад верасня пачаць, паглядзім, як пойдзе, сёння першая сустрэча. Мы хочам заняць дзяцей, гэта па-першае, а па-другое, каб яны самі арганізоўваліся, каб яны знайшлі тут сваіх сяброў, аднадумцаў, не толькі з палякамі камунікавалі ў школе, але і па-беларуску з беларусамі, не забывалі сваю мову, культуру. Па-трэцяе, калі мы іх настроім, то каб яны самі прадукавалі ідэі, што яны хочуць, дапамагалі ў рэалізацыі. Мы цалкам адкрытыя для любых ідэй на любыя тэмы.
— Ці будуць гэтыя сустрэчы запатрабаваныя ў падлеткаў? Ці вы праводзілі нейкі аналіз?
— Ніякага аналізу мы не праводзілі. Мы паглядзім на тое, як ім будзе цікава. Клуб будзе рэгулярна а 16-ай па суботах. Зараз мы паразмаўляем з імі, высветлім іх патрэбы, цікавасці, інтарэсы, што б яны хацелі. Дарэчы, мы ладзілі апытанку ў нашых сацсетках, каб людзі ідэі дасылалі. Зусім неяк мала было, але ж неяк трэба людзей актывізаваць. У нас ёсць памяшканне, рэсурсы, чаму б не паспрабаваць. Мы не чакаем нейкіх супер ідэй, але заўсёды ёсць людзі, якім штосьці вельмі цікава.
Варта адзначыць, што гэта не першая спроба стварыць у хабе актыўнасць для падлеткаў. Так, у траўні былі арганізаваныя адукацыйныя сустрэчы для іх, мэтай якіх быў расповяд пра тое, што зараз актуальна сярод польскіх аднагодкаў з адначасовым выкладаннем польскай мовы. На жаль, зацікаўленне падлеткаў гэтымі сустрэчамі, па сведчанні спадарыні Надзеі, было вельмі невялікім.
У новым клубе падлеткі самі могуць прапанаваць тыя тэмы, якія ім цікавыя. А першай тэмай сустрэч стала міфалогія, пра якую распавёў, выкарыстоўваючы розныя выявы на экране, сацыёлаг Геннадзь Коршунаў. Ён сам яе прапанаваў, будучы ўпэўненым, што яна будзе цікавая для моладзі, кажа Надзея Салаўёва. І варта адзначыць, што тэма прысутным сапраўды спадабалася. Многія з іх задавалі пытанні, уключаліся ў абмеркаванне.
На бліжэйшыя наступныя сустрэчы, пакуль падлеткі яшчэ не да канца вызначыліся з тэмамі, арганізатары ўжо маюць свае напрацоўкі.
— Ёсць тэма па сэксалогіі і квіз-гульня развага.
— Што б вы хацелі бачыць па выніках працы падлеткавага клуба?
— Па выніках працы я хацела б бачыць згуртаваную супольнасць дзяцей, падлеткаў, якія б даведаліся б штосьці новае, пасябравалі, ведалі, што тут ёсць месца, куды яны могуць прыйсці «замуціць» усё, што заўгодна. І яшчэ мы хочам патрыятычнае выхаванне з імі рабіць, каб яны атаясамлялі сябе з Беларуссю, сваімі каранямі.
Апытаныя мною падлеткі ў адзін голас сцвярджалі, што ім спадабалася першая сустрэча, і, магчыма, яны будуць прыходзіць кожную суботу ў новы клуб.
Comments are closed.