У Варшаве 1 лістапада прайшоў марш беларусаў з нагоды дня ўшанавання памяці продкаў. Мерапрыемства сабрало каля 200 чалавек. Праходзіў марш у гістарычным цэнтры: ад плошчы Пілсудскага праз помнік Адаму Міцкевічу і да Замкавай плошчы. Дзяды былі прысвечаны памяці ахвяр рэжыму Лукашэнкі, палітвязням і добраахвотнікам, якія загінулі ў змаганні за вольную і дэмакратычную Беларусь. Падчас марша гучалі беларускія воклічы, традыцыйная беларуская музыка, а ў сярэдзіне калоны быў расцягнуты шматметровы бел-чырвона-белы сцяг. Шэсце прыцягвала увагу людзей вакол, асабліва замежнікаў. Яны рабілі фотаздымкі калоны, здымалі яе на відэа, а таксама цікавіліся, што адбываецца. Гэта, дарэчы, і было адной з мэт арганізатараў, якія спрабавалі такім чынам данесці да людзей з розных куткоў свету інфармацыю пра сітуацыю з парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі.
У маршы прынялі ўдзел прадстаўнікі Саюза палякаў Беларусі, які сёння знаходзіцца пад рэпрэсіямі з боку рэжыма Лукашэнкі. Напрыканцы маршу прадстаўніца АПК па пытаннях культурнага адраджэння Аліна Коўшык пакінула сімвалічную лампадку каля мемарыялу расстраляным у Катыні польскім афіцэрам.
«Гэта была спантанная ідэя пакінуць лампадку, з якой я сёння прастаяла падчас нашай акцыі, акурат у гэтым месцы, бо гэта месца памяці. Месца памяці замардаваных у Катыні польскіх афіцэраў. Але для мяне гэта проста сімвал жудасных рэпрэсій савецкага часу. І я бы хацела паставіць сёння гэтую лампадку ў Курапатах, альбо ў Гародні, альбо ў Чавусах, у тых месцах, дзе мардавалі беларусаў, забівалі безвінных беларусаў савецкія ўлады. Я думаю, што на дадзены момант не так важна, у якой частцы свету мы гэта зробім. Важна што мы гэта зробім і ўзгадаем пра ўсіх тых людзей. Але не проста ўзгадаем, а будзем сапраўды рабіць працу дзеля таго, каб аднавіць гэтыя імёны і гэтую памяць. І я вельмі рада, што гэтая праца ўжо ідзе»
Падрабязней слухайце аўдыё:
Comments are closed.