Tag

культура

Browsing

У Варшаве прайшла модная вечарынка, на якой свае калекцыі паказалі беларускія дызайнеркі Вольга Кучарэнка і Ціна Няборская.

Фэшн-імпрэза All Saints адбылася  5 лістапада ў беларускай артыстычнай прасторы Scena Chmielna. Падзея была натхнёная самым містычным і загадкавым святам – Днём усіх святых. 

Фота: Ludkevich.pro

З першых хвілін госці імпрэзы, якіх было каля сотні, акунуліся ў адпаведную атмасферу, што дапамагалі ствараць дыджэі Nabieӯ і Uhead. Пад іх біты на фэшн-імпрэзе праходзіў батл візажыстаў, працавала  фотазона ад Алены Штык і эксклюзіўныя экспазіцыі ад Ташы Кацуба і Анастасіі Рыдлеўскай. 

Фота: Ludkevich.pro

Кульмінацыяй падзеі сталі модныя паказы калекцый беларускіх дызайнерак. Правакатыўная і яркая – ад Ціны Няборскай. Філасофская і безапеляцыйная – ад Вольгі Кучарэнка. Сваю “Pyre” яна зрабіла з настойлівым пасылам аб барацьбе жанчын за сваё існаванне і правы. 

Фота: Ludkevich.pro
Фота: Ludkevich.pro
Фота: Ludkevich.pro
Фота: Ludkevich.pro

– У маёй калекцыі раскрываецца тэма інквізіцыі, а дакладней – барацьба за правы жанчыны. Для мяне гэта не толькі пра сярэднявечныя часы, – распавяла Вольга.

У яе калекцыі ёсць як больш паўсядзённыя вобразы з худзі і спадніцамі, так і вечаровыя строі, апрануць якія асмеліцца далёка не кожная жанчына. 

– Спачатку я паказваю ў сваёй калекцыі насібельнае і зразумелае гледачу, каб ён паступова ўнікаў у гісторыю. А завяршаецца ўсё вельмі смелымі, а нават бунтарскімі вобразамі, празрыстымі сукенкамі і топамі з арганзы. Але на такое адзенне таксама ёсць свая аўдыторыя. 

Фота: Ludkevich.pro
Фота: Ludkevich.pro

Падзею ладзіла Independent Fashion Community. Гэта суполка, якая аб’ядноўвае ў Варшаве беларускіх дызайнераў, стылістаў і ўсіх, хто мае дачыненне да бьюці-сферы.  Стылістка Ганна Прышывалка – адна з сузаснавальніц камьюніці і арганізатрка фэшн-вечарынкі.  

– Я раблю гэта таму, што я вельмі люблю моду і вельмі люблю беларускіхдзеячаў, якія працуюць у гэтай сферы, – расказала Ганна. – Я бачу ў гэтым нейкую сваю місію. Мы зараз у эміграцыі, і гэта вельмі складана – працягваць займацца творчасцю, калі (што тут хаваць) многім трэба проста выжываць. За гэты час, што мы тут, гэта ўжо другая імпрэза.

Мне вельмі важна даносіць, што мы тут, мы ёсць, мы ствараем, мы крутыя. І мне вельмі важна, каб у гісторыі беларускага фэшна перыяд, калі частка дзеячаў знаходзіцца ў краіне, а другая частка разляцелася па свеце, не застаўся б проста прабелам.  

Фота: Ludkevich.pro
Фота: Ludkevich.pro
Фота: Ludkevich.pro

Падрабязней слухайце ў нашым аўдыя:


У Варшаве 1 лістапада прайшоў марш беларусаў з нагоды дня ўшанавання памяці продкаў. Мерапрыемства сабрало каля 200 чалавек. Праходзіў марш у гістарычным цэнтры: ад плошчы Пілсудскага праз помнік Адаму Міцкевічу і да Замкавай плошчы. Дзяды былі прысвечаны памяці ахвяр рэжыму Лукашэнкі, палітвязням і добраахвотнікам, якія загінулі ў змаганні за вольную і дэмакратычную Беларусь. Падчас марша гучалі беларускія воклічы, традыцыйная беларуская музыка, а ў сярэдзіне калоны быў расцягнуты шматметровы бел-чырвона-белы сцяг. Шэсце прыцягвала увагу людзей вакол, асабліва замежнікаў. Яны рабілі фотаздымкі калоны, здымалі яе на відэа, а таксама цікавіліся, што адбываецца. Гэта, дарэчы, і было адной з мэт арганізатараў, якія спрабавалі такім чынам данесці да людзей з розных куткоў свету інфармацыю пра сітуацыю з парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі.

У маршы прынялі ўдзел прадстаўнікі Саюза палякаў Беларусі, які сёння знаходзіцца пад рэпрэсіямі з боку рэжыма Лукашэнкі. Напрыканцы маршу прадстаўніца АПК па пытаннях культурнага адраджэння Аліна Коўшык пакінула сімвалічную лампадку каля мемарыялу расстраляным у Катыні польскім афіцэрам.

«Гэта была спантанная ідэя пакінуць лампадку, з якой я сёння прастаяла падчас нашай акцыі, акурат у гэтым месцы, бо гэта месца памяці. Месца памяці замардаваных у Катыні польскіх афіцэраў. Але для мяне гэта проста сімвал жудасных рэпрэсій савецкага часу. І я бы хацела паставіць сёння гэтую лампадку ў Курапатах, альбо ў Гародні, альбо ў Чавусах, у тых месцах, дзе мардавалі беларусаў, забівалі безвінных беларусаў савецкія ўлады. Я думаю, што на дадзены момант не так важна, у якой частцы свету мы гэта зробім. Важна што мы гэта зробім і ўзгадаем пра ўсіх тых людзей. Але не проста ўзгадаем, а будзем сапраўды рабіць працу дзеля таго, каб аднавіць гэтыя імёны і гэтую памяць. І я вельмі рада, што гэтая праца ўжо ідзе»

Беларусы Варшавы зладзілі марш на Дзяды

Падрабязней слухайце аўдыё:

Беларускія гісторыкі, якія аказаліся ў эміграцыі, выйшлі са стану разгубленасці і пачалі актыўна разгортваць навукова-асветніцкую дзейнасць. Адной з грамадскіх арганізацый, якую плануюць у хуткім часе зарэгістраваць у Польшчы, будзе  Інстытут публічнай гісторыі. Пра гэта гісторык і юрыст Андрэй Радаман расказаў радыё Ўнэт.  

“Беларускія гісторыкі напоўнены аптымізмам”– так акрэсліў іх дзейнасць і планы вядучы дыскусіі “Гарачыя кропкі і чырвоныя сцяжкі ў беларускай гісторыі” Павел Баркоўскі. З ім цяжка не пагадзіцца, пачуўшы інфармацыю, якую агучылі ўдзельнікі размовы, а гэта Андрэй Радаман, Цімох Акудовіч і Аляксандр Смалянчук. Паводле іх, зараз шмат добрых гісторыкаў апынуліся за межамі Радзімы і яны актыўна працуюць на карысць беларускай гістарычнай навукі. Так, гісторыкі-эмігранты ўдзельнічаюць у навуковых канферэнцыях, вядуць разнастайныя адукацыйныя праекты ў інтэрнэце і афлайн, рыхтуюць дысертацыі, плануюць старыць гістарычны факультэт у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце ў Вільні. “Спадзяюся, што гэта прынясе свой плён і з намі будуць размаўляць, як з прадстаўнікамі беларускай гісторыяграфіі”, – заявіў Аляксандр Смалянчук.

“Працуем над тым, каб пераняць у пэўнай ступені функцыі тых дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў, якія не могуць функцыянаваць паўнавартасна ў Беларусі”, – адзначыў у сваю чаргу Андрэй Радаман, звярнуўшы ўвагу на тое, што беларускія бацькі чакаюць ад гісторыкаў сучасных падручнікаў па гісторыі Беларусі: “напісаных не кампрамісна, як яны пісаліся ў Беларусі апошнімі гадамі”.

У Польшчы ствараецца беларускі Інстытут публічнай гісторыіПаводле яго, усе прысутныя на дыскусіі выступоўцы маюць дачыненне да праекта “Інстытут публічнай гісторыі”, які знаходзіцца на апошняй стадыі юрыдычнага афармлення.  

“Некалькі асяродкаў беларускіх гісторыкаў-прафесіяналаў і, безумоўна, пэўныя грамадскія дзеячы прыйшлі да высновы, што неабходна стварыць інстытуцыю, якая аб’яднае высілкі беларускіх гісторыкаў-прафесіяналаў і папулярызатараў гісторыі, накіраваныя на тое, каб дасягненні сучаснай беларускай гістарычнай навукі хутчэй даходзілі да шырокага кола грамадскасці, асабліва ў той сітуацыі, у якой мы апынуліся, калі значная частка беларускіх гісторыкаў-прафесіяналаў была вымушана пакінуць Радзіму і, безумоўна, была пазбаўлена магчымасці праводзіць прафесійныя навуковыя даследаванні ў межах пэўных інстытуцый. Гэта не азначае, што дадзеная ініцыятыва ахоплівае ўсіх беларускіх гісторыкаў, якія апынуліся за межамі Беларусі. Рэгістравацца Інстутут публічнай гісторыі будзе ў Польшчы ў адпаведнасці з польскім заканадаўствам, але гэта адкрытая стуктура, далучыцца да якой могуць не толькі гісторыкі.  

Я хацеў бы проста звярнуць увагу на тое, што вы можаце звяртацца да Ігара Станкевіча, які займаецца гісторыяй ХХ стагоддзя. Ён будзе ўваходзіць у кіраўніцтва, у праўленне. Мы будзем прадастаўляць інфармацыю паступова і, спадзяюся, вынікі дзейнасці гэтай асацыяцыі хутка змогуць убачыць усе.

Гэта будзе асацыяцыя людзей, якія аб’ядналіся вакол ідэі не толькі папулярызацыі навуковых даследаванняў, а менавіта яшчэ па арганізацыі супрацы з журналістамі, з мастакамі, з палітыкамі, верагодней за ўсё, з грамадскімі дзеячамі”. 

У Польшчы ствараецца беларускі Інстытут публічнай гісторыі
Падрабязней слухайце аўдыё:

У 2023 годзе ў свеце стала на адно беларускае выдавецтва больш, і яно знаходзіцца ў Берліне. Магчыма, вы нават ужо гарталі паэтычныя зборнікі, якія выйшлі ў Hochroth-Minsk. Кіраўнік выдавецтва, вядомы беларускі паэт Дзмітрый Строцаў прывозіў іх на фестываль Pradmova. Гэта маглі быць кнігі Крысціны Бандурынай, Ганны Комар, Насты Кудасавай, Ганны Севярынец, або навінка выдавецтва – зборнік вершаў „На беразе Волі” паэта Андрэя Хадановіча.

Такім чынам, за якіх-небудзь восем месяцаў у выдавецтве надрукавалася восем кніг. І на гэты год у планах Дзмітрыя Строцава выдаць іх мінімум дзясятак.

– Мы ўжо надрукавалі кнігі вядомых дзеячаў беларускай культуры. Сярод іх ёсць вельмі вядомыя аўтары. Ёсць аўтары маладыя, якіх хочацца паказаць беларускай аўдыторыі. Хочацца, каб людзі ведалі, якім багаццем мы валодаем.

– А што нямецкі чытач ведае пра беларускую кнігу?

– Гэта добрае пытанне. Усе кнігі, якія выйшлі ў нашым выдавецтве – на беларускай мове. Вядома, яны недаступныя большасці нямецкіх чытачоў, і гэта ў нейкім сэнсе выклік. Прапанова звярнуць увагу на нашых аўтараў і пачаць іх перакладаць на нямецкую мову, каб беларускія тэксты былі даступныя нямецкай аўдыторыі.

– Вы зараз знаходзіцеся ў Берліне. Як уплывае непасрэдна на вашу творчасць новае моўнае асяроддзе, новая моўная стыхія?

– Гэта зусім новыя словы, новыя падзеі, новыя вобразы. Пачатак уваходжання ў новую рэальнасць. Нейкія новыя прыгоды ў творчасці…

Працяг слухайце ў аўдыё:

У ноч з 29 на 30 кастрычніка ў 1937 годзе ў падвалах мінскай турмы савецкая ўлада расстраляла больш як 130 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, сярод якіх былі выбітныя беларускія пісьменнікі і паэты. У гісторыю гэтая дата ўвайшла як чорная ноч беларускай літаратуры.

Памятныя імпрэзы беларусы сёлета ладзілі па ўсім свеце. Да падзей далучаліся вядомыя пісьменнікі і паэты, акцёры і рэжысёры, музычныя выканаўцы і калектывы. У нашым эфіры мы паразмаўлялі з імі пра трагічную паралель 1937-2020, а таксама паслухалі песні з выдання «(Не)расстраляныя».

Фота: https://nochpaetau.com/

 

Алесь Дзянісаў, музыка лідар гурта Dzieciuki пра расстраляных беларускіх аўтараў:

— Гэтыя людзі давалі ідэі, давалі прыклад, выдавалі творчасць. Любая таталітарная ўлада вынішчае спачатку людзей ідэі. І калі гэта адбываецца — нямы тых, хто гэтыя ідэі будзе падаваць. А ёсць тое, што адбываецца сёння на Беларусі. Усё знішчана, усё зачышчана, і ідэі ствараюць толькі ўлады. Гэта і ёсць кантроль над усім. Людзі, на жаль, да канца яшчэ не зразумелі, што адбылося ў 2020 годзе. Сёння паўстае таталітарная дзяржава, у якой будзе зачышчана і знішчана ўсё, што не ідзе крокамі афіцыйнай ідэалогіі. Людзям даюць тэрміны па 18, 20 гадоў. Ніхто не страляе, але фактычна гэта смерць за кратамі.

 

Беларускі бард і журналіст Зміцер Бартосік:

— Я нават дакладна не магу сказаць, калі я даведаўся пра гэтую дату. У савецкай школе гэтай тэмы не існавала. Было пару абзацаў у падручніках гісторыі СССР пра «розвенчание мифа» культа асобы і пра нейкія «перегибы», якія былі дапушчаны ў канцы 30-х гадоў. Усё! Пра маштабы і блізка нічога не было. У 90-ыя гэтая інфармацыя звалілася на нас, але мне падаецца, што сапраўдная эмпатыя да гэтай падзеі ўзнікла ў 2020 годзе ў тых жа Курапатах. Калі некалькі тысяч людзей прайшлі праз свой асабісты боль і гэты боль іх паяднаў з тымі, хто там, у Курапацкім лесе, ляжыць. Вось што адбылося ў 2020 годзе, усе адчулі гэтую эмпатыю. Не кніжную, а сапраўдную — праз свой страх, праз свой быль была пракладзена гэтая энергетычная повязь.

Паслухаць эфір цалкам можна тут:

У Беластоку ў межах фестываля “Бардаўская восень” паказалі спектакль “Святло ў цемры” рэжысёра Андрэя Саўчанкі. Пастаноўка была прымеркавана да “Ночы паэтаў” і распавядае пра лёсы, вершы і думкі забітых у 30-я гады мінулага стагоддзя беларускіх літаратараў.

Увечары перад “Ноччу паэтаў” на сцэне Беластоцкага тэатра лялек распачаўся спектакль “Святло ў цемры”. Пастаноўка новая, але ў сталіцы Падляшша яе паспелі паказаць пяць разоў, і першы раз гэта адбылося падчас мясцовага тэатральнага фестывалю Kierunek Wschód 15 кастрычніка. Тэма спектакля заўсёды актуальная, але, натуральна, што асаблівае гучанне яна набывае напрыканцы кастрычніка, як чарговы напамін аб жахах сталінскага рэжыму, аб мільёнах забітых савецкай уладай і аб вынішчэнні ў 30-я гады ХХ стагоддзя беларускай інтэлегенцыі. Нагадаю, што ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ад рук НКУСаўцаў загінула каля 130 прадстаўнікоў беларускай творчай эліты.

Саўчакна АндрэйСпектакль пагружае гледача ў цемру, дзе граюць акторы, апранутыя ў белыя кашулі і чорныя сподні. Пастаноўка, як бы пачынаецца з фінала, то бок з моманту, калі паэты аказваюцца забітымі, а потым ідзе аповед пра іх жаданні, памкненні, вершы. Пэўна, менавіта ў гэтым заключаецца асноўная думка спектакля – паказаць, што нават расстраляныя літаратары з’яўляюцца для нас, нашчадкаў, якія таксама засталі змрочныя часы для Беларусі, запатрабаванымі і сваім жыццём, і сваёй творчасцю.

Пра тое, як ствараўся спектакль, актораў і такую важную для беларусаў тэму расказаў радыё Ўнэт рэжысёр Андрэй Саўчанка.

 

— Гэты спектакль “Святло ў цемры” вы прэзентавал не так даўно. Гэта быў вынік працы тэатральнай рэзідэнцыі?

Так, задумваўся ён раней, у мінулым годзе яшчэ ішла пра гэта гаворка. А рэзідэнцыя Тэатральнага інстытута імя Збігнева Рашэўскага дала магчымасць нам зрабіць гэта ў адным месцы. Мы сабралі актораў, сабралі пастановачную каманду і атрымалі партнёрскае запрашэнне ад фонда “Тутака”, які нас прыняў у Беластоку, арганізаваў нам рэпетыцыйныя прасторы і мы стваралі гэты спектакль разам.

— Хто выконвае ролі?

Безумоўна, родам усе акторы з Беларусі. Гэта група “Тутэйшага тэатра”, імёнаў назваць не магу з прычын бяспекі.

— Ідэя спектакла ўзнікла з самага пачатку ці падчас рэпетыцый?

Для мяне асабіста быў такі выклік дадатковы, таму што ў мінулым годзе мы рабілі ўжо працу з “Купалаўцамі”, якая назывался 37-22. Таму зноў заходзіць у гэтую тэму было няпроста. Па-першае, у мяне было адчуванне пасля першай працы, што мне не хапае – хачу паглыбляцца далей, ісці далей, разумець, вывучаць, даследаваць. І зараз мы абралі такі спосаб лабараторны, калі ў нас не было сцэнара, мы пачыналі з заданняў такіх рэжысёрскіх педагагічных, якія рабілі ўсе разам і я ў тым ліку. Далей гэтыя заданні пераўтвараліся ў пробы, пробы мы абмяркоўвалі, абіралі тое, што нам падавалася годным і каштоўным, і ўжо саму канцэпцыю прапаноўваў я акторам падчас рэпетыцый. Гэтая лабараторыя дазваляла глядзець у розных пластах і па-рознаму працаваць з матэрыялам.

У Беластоку ў межах фестываля “Бардаўская восень” паказалі спектакль “Святло ў цемры” рэжысёра Андрэя Саўчанкі. Пастаноўка была прымеркавана да “Ночы паэтаў” і распавядае пра лёсы, вершы і думкі забітых у 30-я гады мінулага стагоддзя беларускіх літаратараў. У Беластоку ў межах фестываля “Бардаўская восень” паказалі спектакль “Святло ў цемры” рэжысёра Андрэя Саўчанкі. Пастаноўка была прымеркавана да “Ночы паэтаў” і распавядае пра лёсы, вершы і думкі забітых у 30-я гады мінулага стагоддзя беларускіх літаратараў. — То бок гэта тэма адпачатку была абрана вамі, і вы мадэлявалі яе, канструявалі падчас рэпетыцый?

Канешне, канешне, мы абралі гэту тэму, дамовіліся на яе і пайшлі.

— А чым для Вас гэта тэма важная?

Для мяне вельмі востра стаіць пытанне дэвіктымізацыі, я б так яго назваў. Я сам сябе адчуваю ахвярай абставін, лёсу і ўсяго чаго заўгодна. І мяркую, што ў нас нацыянальная такая ёсць траўма – мы ахвяры. І гістарычна гэта праўда, але ўспрымаючы сябе ахвярай, мне абсалютна гэта перашкаджае жыць, рухацца далей. І мне вельмі хацелася б, звярнуўшыся да паэтаў, паглядзець… Так, яны прайшлі гэтыя трагічныя падзеі, безумоўна, але мне хочацца ўспрымаць іх не толькі як ахвяр, я хачу глядзець на іх як на паэтаў, як на жывых людзей. І ў гэтым была наша мэта. Мы пачынаем з фінала, з іх канца, можна сказаць, з цемры, а далей прабіваемся і ідзем да святла, вяртаемся ў іх жыццё. І ўжо глядзім на іх без гэтай маскі ахвяр”.

У Беластоку ў межах фестываля “Бардаўская восень” паказалі спектакль “Святло ў цемры” рэжысёра Андрэя Саўчанкі. Пастаноўка была прымеркавана да “Ночы паэтаў” і распавядае пра лёсы, вершы і думкі забітых у 30-я гады мінулага стагоддзя беларускіх літаратараў. Больш падрабязна слухайце ў плэеры ніжэй: