Loading

Беларусы Варшавы ў гадавіну пратэстаў прайшлі маршам па вуліцах польскай сталіцы. Гэтым разам стартавай кропкай было абранае незвычайнае для беларускіх маршаў месца, бо раней усе маршы праходзілі выключна на заходнім беразе Віслы. Гэты ж марш пачаўся ад Кафедральнай базылікі святых Міхаіла і Фларыяна. Першая частка маршу праходзіла па мосце Шлёнска-Дамброўскім праз Віслу ў бок Замкавай плошчы. У гэты дзень людзі ўспамінаюць, як гэта было тры гады таму, калі вось такія маршы праходзілі па ўсёй краіне, аналізуюць вынікі, што атрымалася, а што не і рыхтуюцца да новай магчымасці змяніць усё ў Беларусі.

«Тры гады таму мы хораша адчулі момант. Выйшлі, выступілі, зрабілі што маглі. На жаль, частка людзей патрапіла, частка не. Гэта жаўнеры той вайны, якія засталіся ахвярамі на жаль. У мяне такое меркаванне, што мы проста чакаем наступнага моманту. Ён, спадзяюся, наспявае».

«Я бачу шмат людзей, якія збіраюцца і я бачу дзяцей. І гэта цікава для мяне, таму што гэта не дарослыя людзі, якія супраць улады, а гэта дзеці. І нашыя дзеці, яны так сама са сцягамі, яны ведаюць беларускую мову, яны ведаюць беларускія спевы. І будучыня за дзецьмі».

«Дзень вельмі значны, таму што падзяліў усё на да і пасля. На дадзены момант гэта вельмі балючая дата. Таму што з аднаго боку ты бачыш, што салідарнасць нікуды не знікла, колькі беларусаў збіраецца па ўсім свеце. З іншага – ты заўсёды памятаеш пра палітвязняў, пра тое, колькі людзей зараз катуюць у засценках. На дадзены момант, гэта дата, якая нам усім нагадвае пра тое, дзеля чаго мы ўсё гэта пачалі і куды нам трэба далей рухацца»

З Замкавай плошчы калона з некалькіх сотняў беларусаў пайшла ў бок помніка Каперніку, дзе адбылася асноўная частка мерапрыемства на якой выступілі з прамовамі палітыкі, актывісты, а таксама адбыўся невялічкі канцэрт. Сярод выступоўцаў былі і прадстаўнікі польскіх уладаў. Радыё Ўнэт падзеі 2020 года і тое, што адбываецца зараз, пракаментаваў прадстаўнік Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Павел Латушка, які нагадаў Аляксандру Лукашэнка, што ніякая старонка беларусамі не перагорнутая.

«Не, старонка для Аляксандра Рыгоравіча не перагорнутая. Гэта толькі пачатак, пачатак пераследу вас і вашага дрэннага лёсу». Меркаванні наконт трох гадоў супрацьстаяння рэжыму агучыў палітолаг Дзмітрый Балкунец.

«Уражанне ад трох гадоў, канешне, неадназначнае, таму што, відавочна, людзі вераць у цуд і спадзяюцца, што ў любым моманце ў Беларусі наступяць перамены. Але яны проста так, самі не ўзнікнуць. Іх трэба рыхтаваць і актыўна прасоўваць. Таму вельмі шмат надзеяў, якія былі звязаныя з падзеямі ў дваццатым годзе, яны расцягнуліся па часе. Але я цалкам упэўнены, што перамены ў Беларусі будуць».

Падрабязней, як прайшоў марш у гадавіну пратэстаў, слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.