Loading

Раніцай 7 кастрычніка тэрарыстычная арганізацыя ХАМАС напала на Ізраіль. Было выпушчана некалькі тысяч ракет, акрамя таго баевікі ХАМАС патрапілі на тэрыторыі краіну праз наземную мяжу. Напад на Ізраіль суправаджаўся растрэлам мірнага насельніцтва і захопам заложнікаў. Паводле апошняй інфармацыі каля 700 чалавек забіты ці зніклі, некалькі тысяч атрымалі раненні.

Ужо вядома, што падчас атакі пацярпелі двое беларусаў, а ўсяго па дапамогу звярнулася каля 30 нашых суайчыннікаў. Радыё Ўнэт пагаварыла з беларусамі, якія жывуць у Ізраілі, пра падзеі апошніх дзён.

Андрэй:

— Пачалося ўсё раптоўна а 6:30 раніцы. Баявікі ХАМАС у колькасці недзе чалавек 300 ці 400 прарваліся на дэльтапланах, машынах і на трактарах. Прарвалі сцяну бяспекі паміж Газай і Ізраілем. Абстрэл быў інтэнсіўны і таму ўсе сядзелі па дамах. Мы хаваліся ў бамбасховішчы і не было перапынку, таму што абстрэл быў як бы заслонай для захопу закладнікаў.

У Ізраілі ўвогуле ніхто да гэтага не быў гатовы. У Ізраілі ўсе былі ў шоку ад таго, што была раптоўнасць і жорсткасьць з боку ХАМАСаўцаў. Яны захапілі закладнікаў, у тым ліку жанчын і дзяцей. Невядомая колькасць закладнікаў была вывезена ў Газу.

Крыніца: res.cloudinary.com

Барыс Балтэ, жыхар гораду Ашкелон, які знаходзіцца ўсяго за сем кіламетраў ад мяжы Ізраіля з Сектарам Газа.

Крыніца: facebook.com/borisdavid.balte.9

— А 6.28 прагучалі першыя сігналы трывогі і пачаліся масавыя абстрэлы, выбухі гучалі бясконца. Некалькі ракет патрапілі ў жылыя дамы побач з нашым ці ў зямлю вакол майго дома. Шок быў ад таго факта, што яны змаглі прарваць мяжу і тое, што яны рабілі падчас захопу кібуцаў, калі скрадалі людзей, білі іх, знішчалі дамы. Чаму была прарвана мяжы? Я не выключаю сабатаж. Адказ на гэта павінна даць следчая камісія, якая будзе створана пасля вайны. У Ашкелон баевікі не дашлі, намагалісь да яго дабрацца, але былі знішчаны па дарозе.

Ёсць агульны спіс забітых і параненых і там шукаем знаёмых. Зараз сітуацыя такая: забаронена збірацца вялікімі групамі, зачынены ўсе пляжы, бо ёсць верагоднасць марскога дэсанту, закрытыя школы. Шмат паліцыі не назіраю, затое пастаянна ездзяць «хуткія» і «пажарныя». Эвакуацыя будзе адбывацца з кібуцаў, якія неабаронены. Бо ў нас ёсць 15 секунд, каб схавацца ад абстрэлу, у іх такой магчымасці няма.
«Жалезны купал» пры такім масавым абстрэле спрацаваў добра. Калі б не мадэрнізацыя, то ён наўрад ці вытрымаў.

Крыніца: maktoobmedia.com

Яшчэ адзін беларус, з якім мы звязаліся – магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель. Ён летась знаходзіўся ў Кіеве, дзе напачатку расійска-ўкраінскай вайны ўжо перажыў некалькі дзён бамбёжак. Цяпер ён пражывае ў горадзе на поўначы Ізраіля, дзе, паводле, яго «ўсё ціха». Асноўныя баі ідуць на поўдні і ў цэнтры краіны, у тых раёнах, на якія напалі тэрарысты ХАМАС. У той жа час тэрарысты групоўкі «Хезбала» ў Ліване пагражаюць напасці на поўнач Ізраіля, калі ізраільскія войскі ўвойдуць у Сектар Газа. Было два выстралы з боку Лівана, але кропкі вядзення агню былі падаўлены.

Крыніца: spring96.org

— Выезд з гораду свободны, а ўезд практычна забаронены, бо прапускаюць толькі па спецыяльных прапусках. Праца многіх устаноў спынена, у прыватных фірмах аб’яўлены выходны дзень. Зачынены школы і дзіцячыя садкі.

На прызыўных пунктах чэргі з рэзервістаў. Імі ўкамплектоўваюцца войскі, бо ўрад абвесціў вайну ХАМАСу з-за беспрэцэдэнтнай колькасці страт, якіх не было 50 гадоў – ад моманту тагачаснай вайны і захопу населеных пунктаў. Таму ўрад заявіў, што намераны раз і назаўсёды вырашыць праблему Газы і ХАМАС, то бок вайна да пераможнага канца. Абвесцілі аб наземнай вайсковай аперацыі.

Усе забыліся аб палітычных сварках. І хоць шмат крытыкі ў адрас урада, але ўсе настроены зараз ваяваць. Высвятляць, хто менавіта вінаваты ў тым, што «Хамасу» ўдалося здзейсніць такі напад, будуць пасля разгрому тэрарыстаў.

Было больш за 600 забітых і больш за 2050 параненых, а недзе 700 чалавек прапалі без вестак. Просяць усіх, хто турбуецца аб сваіх родных і знаёмых, прыносіць іх асабістыя рэчы, каб можна было ідэнтыфікаваць па тэстах ДНК. У той жа час людзі масава здаюць кроў для параненых, стаяць чэргі донараў, нягледзячы на пагрозы абстрэлаў. Па тэлебачанні пастаянна ідуць рэкамендацыі, як сябе паводзіць.

Адчуванні амаль такія ж, як былі ў Кіеве, калі там пачалася вайна. Там таксама былі папярэджанні, каб падчас налётаў і абстрэлаў спускаліся з бомбасховішча. Так і цяпер ідуць такія ж рэкамендацыі. У адрозненні ад Кіева, у Ізраілі дакладна ўсё распісана, усё тлумачаць – як сябе паводзіць, як абараняцца і быць асцярожным.

Comments are closed.