Loading

11 лістапада Польшча адзначала Дзень Незалежнасці. У гэты дзень у 1918 годзе было падпісана Камп’енскае перамірʼе, якое паклала  канец Першай сусветнай вайны, канец існавання старых імперый у кантынентальнай Еўропе і, як следства, узнікненне шэрагу новых дзяржаў. 104 гады таму быў створаны першы польскі дэмакратычны ўрад. Яго ўзначаліў маршал Юзаф Пілсудскі.

Традыцыйна ў гэты дзень дзясяткі тысяч людзей па ўсёй Польшчы выходзяць на вуліцы, каб узяць удзел у святочных шэсцях. У Варшаве з самай раніцы пачаліся афіцыйныя мерапрыемствы з нагоды свята. Прэзідэнт краіны, Анджэй Дуда, усклаў вянкі да помнікаў айцам Польскай Незалежнасці: Юзафу Пілсудскаму, Раману Дмоўскаму, Ігнацыю Яну Падзерэўскаму, Ігнацыю Дашынскаму, Вінцэнту Вітосу і Войцэху Карфанты. У мерапрыемствах прынялі ўдзел і іншыя афіцыйныя асобы Польшчы, а таксама прэзідэнт Літвы Гітанас Науседа з жонкай.

Неафіцыйную праграму працягнулі два маршы па вуліцах Варшавы. Маршы адрозніваліся сваёй палітычнай скіраванасцю. У 14:30 па мясцовым часе распачаўся «Марш Незалежнасці». У гэтым годзе ён прайшоў пад дэвізам: «Моцны народ – вялікая Польшча». Гэты марш меў больш нацыяналістычны характар. Марш стартаваў на плошчы Дмоўскага на левым беразе Віслы і скончыўся ля Нацыянальнага стадыёна на беразе правым.

За паўгадзіны да «Маршу Незалежнасці» пачаўся, арганізаваны ў адказ, марш «За свабоду, вашу і нашу». Яго арганізатарамі выступілі варшаўскія антыфашысты. Арганізатары запрасілі на гэты марш прадстаўнікоў усіх дыяспар, бо, паводле іх заяваў, хацелі б бачыць Польшчу шматнацыянальнай і шматкультурнай дзяржавай.

Адзін з удзельнікаў, Якуб, называе сябе антыфашыстам. Ён палічыў сваім абавязкам далучыцца да маршу ў гэты дзень. Малады чалавек выступае супраць нянавісці да прадстаўнікоў любых народаў і сексуальных арыентацый.

«Мая маці – беларуска, а мой дзед быў таксама ўкраінцам. Таму я прыйшоў сёння са сцягам свабоднай Беларусі, а таксама са сцягам Украіны. Жадаю адзначыць, што тут вы можаце ўбачыць і сцяг «вольнай Расіі». Чаму? Таму што я супраць заклікаў «правальвайце» у дачыненні да расейцаў, якія выступаюць супраць Пуціна. Я лічу, што Польшча павінна быць краінай шматнацыянальнай і шматкультурнай, дзе з павагай ставяцца да ўсіх».

Праходзім крыху далей і сустракаем нешматлікіх прадстаўнікоў расійскай дыяспары пад тымі самымі бела-сіне-белымі сцягамі. У нас завязалася гутарка з ураджэнцамі Расіі Пятром і Ірынай. Яны прынялі запрашэнне паўдзельнічаць у маршы. Пры гэтым яны прызнаюцца, што не адчуваюць дыскрымінацыі ў Польшчы. Па словах Пятра, яму блізкія пазіцыі антыфашысцкага руху. Мы не маглі не закрануць тэму сцяга, з якім прыйшлі маладыя людзі. Пётр прызнаецца, што прыняць альтэрнатыўную сімволіку яму было няпроста.

«Мне было даволі цяжка прыняць гэты сцяг, таму што ў нейкім сэнсе я лічу сябе часткай расійскага грамадства. Я разумею, што нам трэба яшчэ доўга абараняць свае чыста чалавечыя інтарэсы і сваё імя, якія пацярпелі ў значнай ступені. Але гэты сцяг мне здаецца добрым сімвалам для гэтага. Ён вельмі ўдала падышоў і мне здаецца, што зараз многія вельмі разʼяднаныя сілы ўспрымаюць яго як выразны заклік выступіць супраць вайны»

Гэтыя словы падтрымлівае Ірына, якая прыехала ў Польшчу з Масквы.

«Гэты сцяг без чырвонай паласы. Гэтым мы жадаем паказаць, што мы адмаўляемся паўтараць наша крывавае мінулае. Мы хочам разарваць гэтае крывавае кола войн, рэпрэсій, дыктатуры, імперыялізму і стаць дэмакратычнай Расіяй. Мы тут з салідарнасці з усімі народамі»

Дзяўчына лічыць, што гэта сумесная барацьба за свабоду і, калі ўсе будуць у ёй салідарныя, то будуць бліжэй да перамогі.

«Я б не сказала, што тых, хто падтрымлівае вайну ў Расіі, вось 80%. Гэтага менш, чым пішуць у СМІ. Сапраўдныя лічбы ў сучаснай Расіі мы не можам падлічыць, але, вось, напрыклад, мае знаёмыя падзяліліся 30 на 70%. Толькі 30 адсоткаў падтрымліваюць гэтую вайну. Але людзі падзеленыя, гэта факт».

На думку дзяўчыны, Еўрасаюзу варта было б зноў пачаць выдаваць візы расіянам,  якія адкрыта выступаюць супраць вайны. На яе думку, гэта аказала б падтрымку антываеннаму руху ў Расіі і такіх расіян стала б больш.

Беларуская дыяспара таксама была прадстаўлена на маршы. Неабыякавыя беларусы прынялі запрашэнне арганізатараў і падтрымалі мерапрыемства, бо яно скіравана на выкараненне ксенафобіі ў польскім грамадстве.

«Мы, як прадстаўнікі беларускай дыяспары, атрымалі запрашэнне ад арганізатараў і вырашылі прыняць удзел. Марш звязаны з правамі людзей і закліканы паказаць, што Польшча – яна для ўсіх. Хачу адзначыць, што, на шчасце, пакуль мы не сустракаліся з дыскрымінацыяй тут»

Калона прайшла маршам ад плошчы Люблінскай уніі да плошчы Трох крыжоў. Падчас шэсця  гучалі лозунгі ў падтрымку розных нацыянальнасцей, меншасцей і дэмакратыі. Калону суправаджалі аўтамабілі з музыкамі, якія на працягу ўсяго маршу выконвалі песні, а таксама група барабаншчыкаў. Гук іх барабанаў разносіўся на ўсе бліжэйшыя жылыя кварталы.

У гэтым годзе святкаванне дня Незалежнасці Польшчы прайшло без сурʼёзных інцыдэнтаў.

Comments are closed.