Асіміляцыйныя працэсы, якія адбываюцца ў Польшчы, прывялі да змяншэння колькасці тых, хто вызначае сябе беларусамі. У той жа час беларускую мову не трэба лічыць абавязковым паказчыкам беларускасці. Такія думкі гучалі на дыскусійнай панэлі «Беларусы Падляшша», якая прайшла на фестывалі абуджаных «Тутака».
У далёкім ужо 1967 годзе Грамадска-адміністрацыйны дэпартамент Міністэрства ўнутраных спраў Польскай Народнай рэспублікі падлічыў, што на той час у краіне пражывала 180 тысяч беларусаў. Такія даныя прыводзіць у сваёй манаграфіі «Нацыянальная палітыка ПНР» беластоцкі гісторык Яўген Мірановіч. Паводле ж перапісу 2002 года беларусамі тут сябе акрэслілі 48,7 тыс.чалавек. У 2011 годзе дачыненне да беларускай нацыянальнасці выявілі крыху менш – 46,8 тыс. жыхароў польскай краіны, а ў 2021 годзе – 54,3 тыс. чалавек. Пры гэтым варта помніць, што апошні перапіс праводзіўся пасля падзей 2020 года ў Беларусі, якія прывялі да агромністай хвалі эміграцыі беларусаў у тым ліку ў Польшчу.
Чаму ж колькасць людзей, якія абазначаюць сябе беларусамі, што жывуць у Польшчы, з часоў ПНР да 2021 года змяншалася. На гэта па-рознаму адказалі спікеры дыскусіі, якія, за выключэннем яе вядучага Зміцера Косціна, ад нараджэння ёсць прадстаўнікамі беларускай нацыянальнай меншасці. Змяншэннем агульнай колькасці насельніцтва ў тых мясцінах на Падляшшы, дзе жывуць беларусы, тлумачыў, у прыватнасці, такую з’яву студэнт Варшаўскага ўніверсітэта, гісторык і філолаг Максім Фіёнік.
«Падляшша – гэта такі рэгіён у Польшчы, дзе жывуць больш беларусаў. Найбольш беларусаў, напрыклад, у Дубічах-Царкоўных ці ў Орлі, Чыжах. І там гэты іх дэмаграфічны ўзровень памяншаецца. Там жывуць старэйшыя людзі, перадусім. І гэтыя старэйшыя людзі адчуваюць сябе беларусамі. Цяпер гэтыя гэтыя ўсе вёскі пусцеюць. Маладыя людзі выязджаюць у Беласток, далей у Варшаву, а там ужо ідзе асіміляцыя з палякамі, бо яны жывуць там доўгія гады, а ў вёсках – Чыжах, Орлі ці Дубічах застаецца ўсё менш і менш людзей. Думаю, што большасць беларусаў Падляшша гэта, на жаль, старэйшыя людзі», – адзначыў спадар Максім.
Паводле пісьменніцы і журналісткі Паўліны Сегень, польскасць лічыцца мэтай, да якой людзі імкнуцца. У той жа час, на яе думку, тое, як жыве беларуская меншасць залежыць у тым ліку і ад беларускай большасці.
«Меншасць гэта такі не супердобры тэрмін, бо адразу азначае нейкія такія праблемы. Я б сказала, што як жыве меншасць у краіне, у гэтым выпадку ў Польшчы, залежыць таксама ад большасці. На жаль, маладыя людзі, якія выязджаюць з Падляшша, калі гаворка ідзе пра ідэнтычнасць… Цяпер і беларусаў вельмі шмат, і ўкраінцаў вельмі шмат у вялікіх гарадах і ёсць ужо нейкі выбар у магчымасці ідэнтыфікацыі, але раней яны траплялі па-просту ў такое монаэтнічае польскае асяроддзе і прыхоўвалі сваю ідэнтычнасць. Яна здавалася ім нейкай такой дысфункцыяй, чымсьці праблематычным, ад чаго трэба цэлы час тлумачыць, чаму ты не католік, чаму ты лічыш сябе беларусам, чаму ты праваслаўны, чаму ты з Падляшша і так далей. Для некаторых людзей, якія не мелі з сям’і пачуцця гэтай ідэнтычнасці, для іх гэта было такім цяжкім багажом, які можна было б адпусціць і лічыць сябе такім палякам, як усе», – выказала сваё меркаванне спадарыня Паўліна.
Зусім іншы погляд на колькасць беларусаў выказаў журналіст Мікола Ваўранюк. Ён сцвярджае, што раней дакладных звестак на гэты конт не было.
«Па-першае мы не ведаем, колькі людзей у народнай Польшчы называла сябе беларусамі, бо не было такіх апытанняў, не было такіх публікацый. Усё мы меркавалі, што нас тут 200 тысяч, як зафіксавалі тыя чыноўнікі дзесьці пасля вайны, і мы гэтага трымаліся. А некаторыя, напрыклад, святой памяці Ян Сычэўскі (старшыня Беларускага грамадска-культурнага таварыства 1991-2022 гады) на адным з фестываляў сказаў, што нас паўмільёна… Цяпер жа з’явіўся перапіс, і ў перапісе пазначаны тыя, хто называе сябе беларусам, нягледзячы на тое, што адбываецца ў свеце, што ў Беларусі страшэнны рэжым, што быць беларусам не прэстыжна, што беларускую мову можна не ведаць», – заявіў спадар Мікалай.
Адным з паказальнікаў прыналежнасці да той ці іншай нацыянальнасці ёсць мова, якой дома карыстаецца чалавек. Праўда, на Падляшшы, як напэўна і ў Беларусі, не ўсё так адназначна, больш таго, ёсць свае асаблівасці. Так, размаўляючыя на найбольш прыбліжаных да беларускай літаратурнай мовы гаворках жыхары Сакольшчыны абсалютна не лічаць сябе беларусамі, і тлумачыцца гэта рэлігіяй – там няма праваслаўных, практычна ўсе католікі. У тых жа раёнах Падляшша, дзе жывуць праваслаўныя і вызначаюць сябе беларусамі, гаворкі часцяком лексічна збліжаныя да беларускай мовы, а фанетычна – да ўкраінскай. А ўвогуле, згодна перапісу 2021 года, толькі каля 17 тысяч жыхароў Польшчы гавораць па-беларуску дома. Гэта не нашмат больш тых, хто размаўляе па-нідэрландску (каля 14 з паловай тысяч) і значна менш тых, хто карыстаецца тут іспанскай мовай (26,3 тысячы чалавек). У той жа час рускай мовай у Польшчы карыстаюцца амаль 60 тысяч, а ўкраінскай больш за 53 тысячы.
Мова і нацыянальнасць – гэта не тое самае, упэўнены Максім Фіёнік.
«Для мяне мова не раўно нацыянальнасць. Для мяне кожны дыялект мясцовы – гэта мова (беларуская). І ў мяне ў Бельску размаўляюць, як я цяпер кажу, і для мяне гэта мова маіх дзядоў, і я пры тым беларус», – сказаў ён.
У многім з ім згодна і Паўліна Сегень.
«Я згодная з тым, што нельга выключаць тых, хто не ведае гаворкі ці не гаворыць увогуле па-беларуску. Такіх вельмі шмат беларусаў, свядомых беларусаў, якія ні па-беларуску, ні на гаворках не гавораць, але яны разумеюць, дзе іх карані, адкуль яны, і таксама разумеюць, што ў нас супольны лёс», – адзначыла пісьменніца.
Паводле кіраўніка фонду «Тутака» Паўла Станкевіча, ён сам быў раней выключна польскамоўным беларусам. «Мова гэта класны паказальнік, але не абавязковы», – упэўнены ён.
Як мяркуе Зміцер Косцін, лёс беларускай мовы на Беласточчыне залежыць ад яе лёсу ў Беларусі.
У той жа час залежнасць нацыянальнай ідэнтычнасці ад мовы выдатна паказаў адзін са слухачоў дыскусіі, прывёўшы прыклад з жыцця беларусаў, пераехаўшых на захад Польшчы ў Ніжне-сілезкае ваяводства.
«Калі ў мяне была магчымасць паехаць туды ў экспедыцыю, пагутарыць з гэтымі людзьмі, сітуацыя наступная. Ты з імі размаўляеш, з гэтымі старэнькімі пераважна бабулькамі і чуеш цудоўныя рысы беларускай мовы ў іх польскай мове. Вымалёўваецца тыпаж беларускай вясковай бабулі. Але яны гавораць, што ў хаце яны выхоўваліся як польскі, што яны цяпер ідэнтыфікуюць як полькі, а іх дзеці глядзяць на гэта ўсё як на даўнія, забытыя рэлікты і гавораць выключна па-польску. Таму нават калі і выгляд, і мова гавораць, што ты належыш да беларушчыны, але сябе ідэнтыфікуеш ужо палякам», – распавёў удзельнік дыскусіі.
А як змяняецца сітуацыя ў беларусаў Падляшша з прыездам у Польшчу ў апошні час вялікай колькасці беларусаў з Беларусі? З гэтым пытаннем я звярнуўся да Паўла Станкевіча.
«З’яўленне тут вялікай колькасці беларусаў з Беларусі ўплывае на беларусаў Падляшша. Гэта ёсць, але не ў пажаданым маштабе. Сітуацыя змяняецца. Перадусім 2020 год даказаў, што быць беларусам гэта сэксі і варта асацыяваць сябе такім, і з таго, што я бачу, усё больш людзей, прынамсі, майго пакалення, якія не маглі сябе вызначыць, ці палякі яны, ці, можа, проста тутэйшыя, то пачынаюць схіляцца да таго, што хіба беларусы. І ўсё гэта ідзе праз веды, таму што цяпер тут шмат беларусаў», – сказаў спадар Павел.
Comments are closed.