Loading

Некалькі сотняў беларусаў, якія жывуць у Беластоку, адзначылі гадавіну падзей 2020 года, акцыяй салідарнасці з палітвязнямі. 6 жніўня яны прайшлі маршам па цэнтральных вуліцах горада і правялі два мітынгі. Да акцыі далучыліся і ўлады горада, а яе арганізатары падкрэслівалі, што беларусы за мяжой ні пра што не забыліся і не «перагарнулі старонку».

Збірацца на галоўнай плошчы Беластока – Рынку Касцюшкі – удзельнікі акцыі пачалі недзе а 15:30, то бок за паўгадзіны да яе афіцыйнага пачатку. Людзей гэтым разам у параўнанні з аналагічнымі мінулагоднімі маніфестацыямі было заўважна менш. Мітынг пачаўся з выканання «Пагоні» Максіма Багдановіча. Адкрыў мерапрыемства кіраўнік фонду «Тутака» Павел Станкевіч. Ён адразу пазначыў, што сённяшняя дата не зашмат вясёлая, але ёсць надзея, што патрэбныя нам перамены пройдуць вельмі хутка. Тое, што мы тут разам, мы можам паказаць падтрымку палітзняволеным, а таксама тым, хто змагаецца ў баі, а яшчэ падтрымаць адзін аднаго. Ён адзначыў, што на акцыю сабраліся не толькі беларусы, якія былі вымушаны пакінуць Беларусь, але і прадстаўнікі беларускай меншасці, жыхары Беластока і мясцовыя ўлады.

Пра тое, што ўжо трэці год гарадскія ўлады ўдзельнічаюць у падобных беларускіх маніфестацыях распавёў віцэ-мэр горада Рафал Рудніцкі. Ён нагадаў, што па рашэнні мясцовых улад Генеральнае консульства Рэспублікі Беларусь цяпер знаходзіцца па адрасе – Сквер Вольнай Беларусі. І ўспомніў пра Анджэя Пачобута, які церпіць у лукашэнкаўскіх засценках, як і сотні іншых беларускіх палітвязняў.

Хвілінай маўчання маніфестанты ўшанавалі памяць загінуўшых ад рук лукашэнкаўскай улады беларусаў.

У 38 гарадах свету беларусы ад сённяшняга дня пачынаюць выходзіць на акцыі салідарнасці, заявіў актывіст дыяспары Ян Абадоўскі. Ён нагадаў пра падзеі трохгадовай даўніны ў Беластоку.

«Мы сабралі вельмі вялікі марш. Каля тысячы людзей выйшлі, каб паказаць сваю салідарнасць з людзьмі ў Мінску і іншых гарадах Беларусі. Сёння мы сабраліся, каб паказаць тое, што мы салідарны з тысячамі палітвязняў, якія знаходзяцца за кратамі. Сёння мы пройдзем маршам да консульства ўсе разам, каб яшчэ раз пры лукашысцкім консульстве паказаць, што беларусы далей змагаюцца і разам мы пераможам. Жыве Беларусь!»

Ян Абадоўскі

Стаўшы ў калону і разгарнуўшы вялікае бел-чырвона-белае палотнішча ўдзельнікі акцыі прайшлі па цэнтральных вуліцах Беластока да Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь. Яны скандавалі лозунгі, спявалі песні, неслі сцягі і транспаранты.

Наступны мітынг адбыўся каля консульства. Першай узяла слова дзяячка культуры і грамадская актывістка Яна Шостак. Яна зноў паведаміла, што збіраецца балатавацца ў польскі Сейм на бліжэйшых выбарах і заклікала далучацца да яе перадвыбарчай кампаніі ў якасці валанцёраў. Спадарыня Яна зноў паўтарыла свой перфоманс – «Крык аб Беларусі», да якога далучыліся і галасы многіх прысутных.

У Беластоку часта ладзяцца акцыі салідарнасці з палітзняволенымі. Што прыводзіць на іх людзей, якія з’ехалі з Беларусі? З гэтым пытаннем радыё Ўнэт звярнулася да некаторых удзельнікаў апошняй маніфестацыі.

— Я з самага пачатку хаджу. А такая падзея для тых, хто ў тэме значная, таму трэба было прыйсці.

— Тры гады праводзяцца розныя акцыі. Нічога не змяняецца ці штосьці ўсё ж такі змяняецца?

— Цяжка сказаць. Калі казаць сур’езна, то аб’ектыўна відавочных зменаў няма. Ну а калі перастаць хадзіць, значыць будзе адчуванне, што ўсё ўжо і не зменіцца ніколі. А пакуль ходзіш, хоць паглядзіш на людзей, для якіх таксама гэта нешта значыць. І разумееш, што нічога не знікла.

«Прывяла салідарнасць, бо я ведаю, як гэта цяжка, калі ты застаешся адзін. Я ведаю, як гэта цяжка, калі ты адзін супраць быццам бы ўсёй улады. А насамрэч ты не адзін. І вось я таксама выходжу за тых людзей, якія засталіся ў Беларусі, якія сядзяць зараз у турмах, хтосьці сядзіць на «хіміі» і гэтак далей. То бок я – іх голас, я – іх ногі, я – іх эмоцыі на гэтым мерапрыемстве».

«Прывяла салідарнасць, падтрымаць беларусаў. Гэта не старонка, якую мы перагарнем. Назад дарогі няма».

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.