Loading

Прадстаўнікі беларускай дыяспары Амерыкі на сустрэчы з сябрамі Аб’яднанага пераходнага кабінета 22 верасня ў Нью-Йорку ўздымалі, сярод іншага, пытанні вызвалення палітвязняў і важнасці стварэння пашпарта Новай Беларусі.

Сустрэча кіраўніцы кабінета Святланы Ціханоўскай, яе прадстаўніка па міжнародных справах Валерыя Кавалеўскага і дарадцы Франака Вячоркі з беларускай дыяспарай адбылася пасля пасяджэння Генеральнай асамблеі ААН, дзе лідэр дэмакратычнага руху мела шэраг размоў і выступленняў.

Як распавялі нам прадстаўнікі дыяспары, на імпрывізаваны мітынг-сустрэчу прыехалі беларусы, якія пражываюць паблізу Нью-Йорка, у прыватнасці са штатаў Нью-Джэрсі і Пенсільваніі. Прапанова сустрэцца з дыяспарай паступіла менавіта ад каманды Святланы Ціханоўскай, сцвярджае цяперашняя жыхарка Філадэльфіі, колішняя журналістка Тут.бай Анжаліка Зайцава. І на сустрэчу, паводле яе сабралося каля паўсотні чалавек.

— Была дамоўленасць, што мы арганізуем свайго роду сцэну, месца, куды б прыйшла Святлана, можа нейкую прамову б сказала. У нас былі некаторыя абмежаванні – нам забаранілі ў парку выкарыстоўваць якую-небудзь гукаўзмацняльную апаратуру, таму што гэта тэрыторыя, дзе праходзілі сустрэчы ААН, і мы баяліся, што не ўсе пачуюць, калі будуць нейкія важныя рэчы прамаўляцца. Святлана прыйшла са сваімі памочнікамі, з часткай сваёй каманды проста з боку вуліцы, мы здалёк яе ўбачылі, чакалі. Яна сказала: «Давайце, мы проста паразмаўляем, бо ніякай прамовы я не рыхтавала, я хачу пачуць вас. Распавядзіце пра сябе, што ў вас новага, цікавага. Як увогуле ў вас жыццё праходзіць, і калі ёсць якія-небудзь пытанні, на якія я магу адказаць, дапамагчы, то калі ласка, задавайце».

— Пра што ішла гаворка? Пра што пыталіся людзі? Што хацелі данесці Ціханоўскай?

— Пыталіся пра беларускія пашпарты. Праблема даволі вялікая. Апошнія лічбы, якія прыводзіў, здаецца, Кавалеўскі, два мільёны беларусаў ва ўсім свеце маюць патрэбу ў пашпартах, бо жывуць за межамі Беларусі. Адпаведна, гэты дакумент патрэбна будзе выпусціць два мільёны экзэмпляраў як мінімум. і мы, тыя, якія там сабраліся, сказалі, што грашовае пытанне не з’яўляецца для нас нейкай перашкодай, то бок, калі нам патрэбны будзе дакумент, калі ён будзе прызнаны ў іншых краінах як пашпарт, над чым Святлана працуе, то мы гатовы заплаціць колькі трэба за гэты дакумент, таму што гэта праблема і гэту праблему можам вырашыць мы самі і больш ніхто.

Як распавёў нам кіраўнік суполкі беларусаў Філадэльфіі Belarus freedom – Philadelphia Сяржук Шаліга, сустрэча таксама стала нагодай яшчэ раз нагадаць пра палітвязняў, таму многія беларусы прыехалі з іх партрэтамі і адпаведнымі плакатамі.

Затым прадстаўнікі Аб’яднанага кабінета паразмаўлялі з актывам дыяспары ў бліжэйшай кавярні на Манхэтане, якую трымае яшчэ адна беларуска. Сярод удзельнікаў размовы таксама прысутнічалі прадстаўнікі Беларуска-Амерыканскага Задзіночання. Спадар Шаліга падзяліўся сваімі ўражаннямі аб гэтым спатканні.

— Мая гутарка з Валерыем і Франакам у асноўным была наконт планаў на будучыню. Важнай тэмай былі адносіны з украінцамі. Апошні час я бачу такі зрух у добры бок. Я таксама ім распавядаў пра тое, што ў нас тут у Філадэльфіі адбываецца, таму што ў нас вельмі добрыя адносіны з украінскай дыяспарай. Мы з імі разам былі нават яшчэ да пачатку вайны, разам ладзілі антываенныя мітынгі, калі было бачна, куды ўсё ідзе.

Таксама размаўлялі пра ідэю пашпарта беларускага новага, таму што гэта вельмі важна. Не ведаю, куды гэта ўсё зойдзе, але ідэя добрая. Калі якім-небудзь чынам можна было б зрабіць пашпарт, каб ён прызнаваўся, то гэта была б вялікая дапамога, я думаю, і для беларусаў у Еўропе, і асабліва для беларусаў у Амерыцы. Таму што нас тут у Філадэльфіі ў апошнія тры гады прыехала, прайшло праз Мексіку многа беларусаў, якія збеглі ад пераследу рэжыма Лукашэнкі. Гэта нашы палітуцекачы, яны ў цяжкім стане. Яны чакаюць дакументы тут. У іх ужо могуць быць пратэрмінаваныя беларускія пашпарты, таму нейкі такі дакумент, travell document быў бы вялікай дапамогай.

Фота супокі Belarus freedom Philadelphia.

Comments are closed.