У самым цэнтры Варшавы, на вуліцы Маршалкоўскай, адкрылася рэфармаваная баптысцкая царква Святой Троіцы, якую заснавалі беларусы. Пра сутнасць рэфармаванай царквы і адкрыццё распавядае сузаснавальнік прыхода, пастар Зміцер Хведарук.
Звычайна людзі асацыююць паняцце царквы менавіта з будынкам, але агулам царква — гэта нейкая супольнасць людзей, якія вызнаюць хрысціянскую веру. Што датычыцца слова «рэфармаваны» — у гэтым кантэксце яно азначае належнасць да хрысціянскай традыцыі, якую распачалі Жан Кальвін і іншыя аўтарытэтныя багасловы ў 16 стагоддзі. У прастамоўі гэтую традыцыю звычайна называюць пратэстанцкай. Паводле Змітра Хведарука, гэта хрысціяне, для якіх важны аўтарытэт Святога Пісання ў веравучэнні царквы.
«Вельмі часта мы бачым, што ёсць розныя хрысціяне, якія ўвогуле могуць быць незнаёмымі з тым, што насамрэч кажа Біблія, чаму яны вераць, у якога бога яны вераць, альбо чаму яны наведваюць тую ці іншую царкву. Іх вера трымаецца выключна на культурнай традыцыі, і з часам такое хрысціянства ператвараецца ў культурную звычку, калі вы называеце сябе хрысціянінам толькі таму, што ваш тата, маці, дзядуля ці бабуля калісьці таксама былі прыналежнымі да царквы.»
Рэфармаванай царквой заўсёды кіруе рада пастараў. У царкве Святой Троіцы гэта тры чалавекі. Такім чынам царква дасягае плюралізма і не дае аднаму канкрэтнаму лідару ператварыцца ў тырана.
З 18 стагоддзя, калі Расейская імперыя заняла нашую тэрыторыю, і Савецкі саюз, як яе спадчыннік, працягнуў гэтую справу, у нашай краіне фактычна не было свабоды веравызнання. Усе, хто не быў праваслаўным ці атэістам, лічыліся сектантамі, і супраць іх праводзілася самая жорсткая, масіраваная прапаганда, у тым ліку з-за таго, што рэфармаваныя цэрквы не супрацоўнічалі з дзяржавай.
Рэфармаваныя цэрквы звяртаюцца з ясным евангельскім пасланнем да людзей, каб любы чалавек мог зразумець, чым з’яўляецца і чым не з’яўляецца хрысціянская вера.
Каб атрымаць легальны статус, заснавальнікі царквы Святой Троіцы звярнуліся па дапамогу ў мясцовы баптысцкі саюз. Адкрыць царкву у Польшчы аказалася значна лягчэй, чым у Беларусі, дзе дагэтуль існуе аддзел па кантролю рэлігіі. Напрыклад, каб адкрыць новую супольнасць у Мінску, атрымаць зямлю, пабудаваць будынак, увогуле патрэбны асабісты подпіс кіраўніка дзяржавы.
На службах прыхаджане разам спяваюць, чытаецца ўрывак з Бібліі, пасля чаго адзін з прапаведнікаў тлумачыць гэты ўрывак. Царква запрашае ўсіх людзей незалежна ад нацыянальнасці, сацыяльнага статуса і мінулага, хрысціян і тых, хто цікавіцца хрысціянскай верай. У тым жа будынку, які арэндуе царква, таксама будзе дзейнічаць нядзельная школа для дзяцей.
«Частае адрозненне рэфармаваных цэркваў у тым, што гэта не проста прыхаджанская царква, куды мы прыйшлі, прыгожа пасядзелі ў такіх пінжаках, як у кіно, і пайшлі дадому. Мы мусім працягнуць больш шчыльныя ў пэўнай ступені стасункі, дзе бы людзі маглі перажываць свае складаныя ці радасныя моманты, як хрысціяне, разам.»
Comments are closed.