«Лукашэнка не дапусціў нават спробы ўварвання ва Украіну пасля страшных падзей зімы і вясны 2022 года. Трэба аддаць яму належнае». Пра гэта ў інтэрв’ю выданню «Украінская праўда» заявіў кіраўнік украінскай разведкі Кірыл Буданаў. Па яго словах Лукашэнка вельмі хітры і цудоўна ўмее віхляць.
Пра тое, ці не абяляюць падобныя заявы беларускага дыктатара, чаму ўкраінскія кіраўніцтва неахвотна ідзе на кантакт з дэмакратычнымі сіламі Беларусі і як беларускія добраахвотнікі працуюць на імідж нашай краіны ва Украіне, паразмаўлялі з кіраўніком украінскага «Цэнтру беларускай камунікацыі», палітолагам Максімам Пляшко.
Сцісла ў размове:
- Беларусы вельмі балюча ўспрымаюць заявы падобныя тым, якія зрабіў Буданаў. Але, насамрэч, кіраўнік украінскай выведкі ніякім чынам не абяляе Лукашэнку. Усё, што ён кажа, выключна ў інтарэсах Украіны. Гэта аўтарытэтны выведнік, які цудоўна разумее, хто такі Лукашэнка, але пры гэтым ён пасылае пэўныя сігналы рэжыму.
- У 2020 расейская прапаганда моцна працавала ва Украіне, каб абясцэньваць беларускія пратэсты. Ціханоўскую называлі слабым палітыкам, удзельнікаў пратэстаў ледзь не высмейвалі за тое, што яны перад тым, як стаць на лаўку, здымалі абутак. Украінцам падавалася, што беларусам не хапае рашучасці. Нашыя людзі не разумелі, чаму яны ў свой час змаглі знесці Януковіча, а беларусы не могуць разабрацца з Лукашэнкам.
- 60% усіх замежнікаў, якія ваююць ва Украіне – гэта беларусы. Менавіта яны фарміруюць імідж вашай краіны сярод украінцаў. Больш за тое, цяпер адбываецца працэс будаўніцтва беларускай нацыі і вашыя добраахвотнікі адыгрываюць у ім велічэзную ролю. Яны – гэта сучасная беларуская героіка.
- Калі ва Украіне я бачу людзей у форме, то адразу выдзяляю сярод іх беларусаў. Вашыя хлопцы выглядаць як віцязі. Іх бачна па ўсім: па вачах, па светлых бародах, па татуіроўках. Гэта сапраўдная эстэтыка.
Comments are closed.