Насычанай на падзеі з беларускім акцэнтам выдалася сярэдзіна ліпеня на Падляшшы. Спачатку ў Беластоку адбылося ўрачыстае адкрыццё Сквера Вольнай Беларусі, а потым каля вёскі Гарадок прайшоў ужо трэці па ліку фестываль абуджаных «Тутака».
«Наданнем частцы вуліцы Электрычнай назвы «Сквер Вольнай Беларусі», дзе знаходзіцца толькі адзін будынак – Генеральнае консульства Рэспублікі Беларусь – мы праяўляем салідарнасць з беларускім народам, які абраў сваім прэзідэнтам Святлану Ціханоўскую і зараз церпіць рэпрэсіі ад лукашэнкаўскай улады», – заявіў журналістам мэр Беластока Тадэвуш Трускаляскі перад урачыстым адкрыццём новай тапанімічнай адзінкі горада.
«Народ выбраў спадарыню Святлану Ціханоўскую як прэзідэнта. Потым наступілі жорсткія рэпрэсіі. Пры Лукашэнку гэта дзяржава ніколі не была дэмакратычнай, але цяпер парушыла ўсе нормы. І ведаем, што гэта дзяржава пад Пуціным, пад расійскім ботам. Мы хочам паказаць, што помнім аб Вольнай Беларусі, што помнім пра беларусаў, якія змагаюцца за тую Вольную Беларусь, пра тых, якія атрымалі шматгадовыя тэрміны зняволення, ну і таксама хочам паказаць, што на гэтым кавалачку Беластоку мы маем вольную Беларусь», – адзначыў граданачальнік.
Нагадаю, што Сквер Вольнай Беларусі з’явіўся ў выніку канфлікту інтарэсаў. Летась беластоцкія ўлады вырашылі з ініцыятывы беларускай дыяспары перайменаваць частку вуліцы Электрычнай, дзе стаіць консульства, у вуліцу Вольнай Беларусі. Пры гэтым нейкага сур’езнага апытання мясцовых жыхароў тых дамоў, чый адрас падлягаў змене, ніхто не праводзіў. У выніку адна з праціўніц перайменавання звярнулася ў суд і той стаў на яе бок, абавязаўшы мясцовыя ўлады вярнуць былую назву. Напрыканцы гэтага траўня беластоцкія дэпутаты прыдумалі новы варыянт – назваць Скверам Вольнай Беларусі частку вуліцы Электрычнай, дзе стаіць толькі адзін будынак – беларускае консульства. Ідэя спадабалася ўсім. У прыватнасці Святлане Ціханоўскай, якая з чальцамі свайго Аб’яднанага Пераходнага кабінета – Паўлам Латушкам і Алінай Коўшык – прыехала 14 ліпеня на ўрачыстае адкрыццё сквера.
«Гэта месца, безумоўна, заслугоўвае сваю назву, бо менавіта тут беларускі народ выходзіў, каб падтрымаць змаганне за вольную Беларусь. І сёння беларусы працягваюць сюды прыходзіць у знак салідарнасці з нашымі палітвязнямі, каб ушанаваць памяць ахвяр, памяць тых, хто закатаваны ў турме. А ўсім катам рэжыму я хачу сказаць, што вы ўсе панясеце адказнасць», – заявіла на адкрыцці сквера Святлана Ціханоўская.
Яна выказала падзяку польскім уладам, прадстаўнікі якой прысутнічалі на мерапрыемстве, а таксама свайму намесніку ў пераходным кабінеце Паўлу Латушку, які першапачаткова выказаў ідэю перайменавання. Святлана Ціханоўская назвала перайменаванне праявай салідарнасці польскага народу ў бок беларусаў, якія змагаюцца з лукашэнкаўскім рэжымам. У размове з журналістамі яна выказала спадзеў, што прыклад Беластока пераймуць і ў іншых месцах.
Наступным месцам, куды накіравалася беларуская дэлегацыя стала ўрочышча Барык каля вёскі Гарадок, дзе ўжо з сярэдзіны пятніцы распачаўся фестываль абуджаных «Тутака». Варта адзначыць, што напрацягу 1990-2019 года там, непадалёк ад мяжы з Беларуссю, праводзіўся фестываль Музыкі маладой Беларусі «Басовішча». У 2021 годзе пасля лёсавызначальных падзей у Беларусі адбылася яго своеасаблівая рэінкарнацыя – музыка перастала быць толькі для маладых, а фестываль стаў не толькі музычным. Яго рознапланавасць набывала маштаб вельмі хутка, і цяпер у 2023 годзе ўяўляла сабой гучны і моцны зарад беларускай музыкі, рэфлексіі, задумак, ініцыятыў, што можна акрэсліць паняццем беларускай нацыянальнай ідэі ў самым шырокі сэнсе слова.
Даволі цікавым на гэты конт было выступленне Аліны Коўшык, якая зрабіла свайго роду сэнсавы разбор слова «тут» з разнастайнымі вытворнымі ад яго. Калі раней «тутэйшасць» беларусаў паказвала іх нацыянальную нявызначанасць, а значыць слабую нацыянальную самасвядомасць, якую выдатна апісаў Янка Купала ў сваім творы «Тутэйшыя», то цяпер слова «тут» і яго вытворныя напоўніліся новым сэнсам. І гэта пачало адбывацца ад канца 80-х гадоў, калі была створана літаратурная суполка «Тутэйшыя», дзе першым старшынём быў цяперашні палітзняволены лаўрэат Нобелеўскай прэміі Алесь Бяляцкі, потым быў партал Тут.бай – драйвер байнэту, а цяпер «Тутака». Спадарыня Аліна ўзгадала і музычны альбом «Я нарадзіўся тут», на вокладцы кампакт-дыску якога прысутнічае аўтапартрэт закатаванага ў лукашэнкаўскай няволі мастака Алеся Пушкіна. Памяць загінулых ад рук рэжыму прысутныя фестывалю ўшанавалі хвілінай маўчання.
«Памятайце пра тое, што нам ёсць чым ганарыцца, што мы вольныя беларусы, якія заслугоўваюць вольнай краіны, якія атрымаюць гэтую краіну. Нашы ворагі робяць нас толькі мацней. Таму будзьма тутака, будзьма разам, будзьма беларусамі! Жыве Беларусь!» – заклікала спадарыня Аліна.
Адстойваць беларускія інтарэсы ў польскім парламенце намерана дзяячка культуры Яна Шостак, якая выйшла да прысутных у сваёй знакамітай сукенцы з партрэтамі палітвязняў і крыкам аб Беларусі. Дзяўчына абвясціла аб уступленні ў барацьбу за месца ў Сейме ад Падляшша і заклікала ахвотных дапамагчы ёй далучацца да гэтай барацьбы.
У простай, нязмушанай атмасферы далей адбылася размова Святланы Ціханоўскай з прысутнымі на фестывалі. Пытанні закраналі самыя розныя: як вызваліць палітвязняў, ці можна стварыць беларускую армію за мяжой, як яна праводзіць вольны час, які, на яе думку, чалавек Аляксандр Лукашэнка, ці задаволена нядаўняй размовай з амерыканскім прэзідэнтам Джо Байдэнам у Вільні падчас саміту НАТА.
«Гэта быў вельмі-вельмі важны жэст салідарнасці. Не толькі пасыл беларусам, што ЗША з намі, але гэта пасыл і амерыканскім палітыкам, дыпламатам, што «вось я сустракаюся, я прызнаю, што ў Беларусі шмат праблем, калі ласка, працуйце. А далей ужо ўсе размовы ідуць на працоўны ўзровень і працуем з Сенатам, з астатнімі палітыкамі, медыя і гэтак далей», – распавяла Ціханоўская.
Першы дзень быў насычаны самымі рознымі актыўнасцямі, дзе, пэўна, кожны мог знайсці нешта цікавае для сябе. Так гісторыю батлейкі распавядаў Алесь Ждановіч, вядомы як Маляваныч, праходзіла акцыя салідарнасці з палітзняволенымі, падчас якой можна было напісаць на чырвонай стужцы імя, прозвішча і пажаданне аднаму з палітвязняў, адбываўся майстар-клас «Мова нанова», майстар-клас «Людзі і дрэвы» ад Андрэя Саўчанкі.
Першы дзень завяршыўся так званым дваравым канцэртам на малой сцэне, дзе выступілі гурты Крвадзікі, Дзецюкі, праспяваў свае песні Уладзімір Пугач, а інструментальнае выступленне прадставіў польскі музыка Матэуш Касэля. Да чатырох гадзін раніцы гучала музыка ад Papa Bo.
Як у першы, так і ў другі дзень фестываля сярод яго гасцей можна было заўважыць знакамітых асоб – баскетбалістку Кацярыну Сныціну, спявачку Маргарыту Ляўчук, былога палітзняволенага журналіста Аляксандра Івуліна, пісьменніка Аляксандра Чарнуху, праваабаронцаў, літаратараў, выдаўцоў, грамадскіх, культурных дзеячаў. Шырока была прадстаўлена і геаграфія наведвальнікаў. Беларусы прыехалі не толькі з Польшчы, але і з Літвы, Грузіі, Іспаніі, Германіі.
У суботу, то бок у другі дзень фестывалю, людзей на ім стала яшчэ больш, што было добра бачна па намётавым полі. Арганізатары зрабілі гэта дзень вельмі насычаным разнастайнымі актыўнасцямі. Як і ў пятніцу праходзілі майстар-класы, чытанні, гульні, заняткі для ўсёй сям’і, можна было купіць беларускія сувеніры і мерч ад вядомых майстроў, але сярод іншага былі ўжо і сур’езныя абмеркаванні на дыскусійных пляцоўках, прэзентацыя ініцыятыў, лекцыя па гісторыі, прэм’ера фільма «Бусел».
Сваімі ўражаннямі аб фестывалі з намі падзяліліся яго госці.
«Спадабалася, што ён існуе, бо я 16 год запар прыязджаю на гэта месца – раней на «Басовішча», цяпер на «Тутаку». Таму гэта для мяне гэта сакральнае месца і дата. Я за год сабе ў календары гэтыя даты бранірую і прылятаю з іншага краю планеты сюды. Мы з сябрамі раз на год сустракаемся тут, з некаторымі з іх мы бачымся выключна раз на год тут, з некаторымі часцей».
«Мне вельмі спадабалася, што тут ніхто не скрывае, тое, што зараз вельмі кепска Украіне. І яшчэ самае прыемнае, што Святлана Ціханоўская дзеля гэтага сваю працу кінула, прыехала да нас і зараз дапамагае. Спадабаўся Маляваныч, батлейка вельмі спадабалася, а яшчэ яго расповяды, як раней выглядала батлейка, як з’явілася самая першая. Я тут першы раз і яшчэ хачу прыехаць».
«Я тут упершыню. Мне ўвогуле спадабалася атмасфера, таму што лес, прырода. Гэта ўжо цягне разняволіцца неяк. А яшчэ кайфовая музыка, кайфовыя людзі. Усё супер!»
«Я тут першы раз і мне вельмі спадабалася. Усе знаёмыя практычна, а хто незнаёмы, то як адна сям’я. Усе ўсім дзеляцца, размаўляюць, дапамагаюць адзін аднаму. Вельмі добрая арганізацыя. Было вельмі прыемна бачыць нашых знакамітых беларусаў, усе вельмі добразычлівыя, можна фатаграфавацца, размаўляць. Толькі добрыя ўражанні».
Сваімі ўражаннямі падзяліўся і адзін з арганізатараў фестывалю, кіраўнік фонду Тутака Павел Станкевіч.
— На агульную атмасферу, напэўна, паўплывала такая жывая падтрымка Святланы Ціханоўскай, яе прысутнасць на фестывалі, таксама штогадовая падтрымка прэзідэнта Дуды. Ну і перадусім мы, як беларускія арганізацыі ўсё больш разумеем адзін аднаго, маем досвед, умеем ствараць між сабой каардынацыю, бо гэты фэст – фэст не толькі фонду «Тутака», але таксама іншых арганізацый, іншых людзей, гэта наша супольная справа.
— Колькі па вашых падліках было наведвальнікаў фестываля?
— У пятніцу на намётавым полі было 2000 людзей. Цяпер у суботу ўвечары я яшчэ так не спраўджваў, але з раніцы мы перасоўвалі плот, стваралі большую прастору, якая хуценька напоўнілася, таму мы лічым, што было каля пяці тысяч чалавек.
— Гэты фестываль завяршаецца, напэўна, пачынаеце рыхтавацца да наступнага…
— Тое, што напэўна будзем планаваць, каб проста пашыраць маштаб фестывалю. Ёсць цудоўная навіна: пры сустрэчы маршалка Падляшскага ваяводства Артура Касіцкага са Святланай Ціханоўскай, дзе я таксама прысутнічаў, маршалак абяцаў, што фестываль атрымае адмысловае фінансаванне. Гэта азначае, што мы проста загадзя будзем ведаць прынамсі частку бюджэта, якая нам дазволіць пачаць працаваць практычна пасля закрыцця гэтага фэсту, – распавёў спадар Павел.
У сваю чаргу Святлана Ціханоўская ў суботу здзейсніла візіт у іншыя мясціны ваяводства. Так, яна наведала Музей малой айчыны ў Бельску Падляшскім, ушанавала памяць забітых беларусаў у вёсцы Залешаны, наведала помнік Кастусю Каліноўскаму ў Мастаўлянах.
Кульмінацыяй фестывалю стаў канцэрт яго другога дня. З вітальнымі словамі выступалі Павел Латушка, старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла (у відэазапісе), і канешне, Святлана Ціханоўская.
Падчас выступленняў музыкаў гледачы, каб лепш было відаць, станавіліся нагамі на лаўкі, дзе да гэтага сядзелі. Абутак, у адрозненні ад пратэстаў 2020 года, ужо ніхто не здымаў.
Comments are closed.