35-годдзе Таварыства Беларускай культуры адзначылі ў выходныя беларусы Літвы. Больш за тры дзесяцігоддзі гэтая арганізацыя, заснаваная, дарэчы, літоўцам, аб’ядноўвае нашых суайчыннікаў, спрыяе захаванню беларускай культуры, развіццю двухбаковых стасункаў і спрабуе вырашаць праблемныя пытанні гэтых самых стасункаў.
Зараз Таварыства Беларускай культуры ўзначальвае Алесь Адамковіч. Менавіта ён у суботу прымаў словы падзякі, віншаванні, кветкі і падарункі і з’яўляўся гаспадаром гэтага свята. Па словах Алеся Адамковіча, гэты год для таварыства можна назваць хутчэй паспяховым пасля цэлага шэрагу крызісаў унутраных, палітычных і геапалітычных. Тым не менш, працаваць яшчэ ёсць над чым: беларуская меншасць у Літве чакае падтрымкі з боку дыяспары і той вялікай колькасці беларусаў, якія прыбылі ў краіну за апошнія гады.
«35 гадоў таму пачыналі ўсё з нуля, актыўна далучаліся яшчэ жывыя тады беларускія дзеячы міжваеннай Вільні, вязні сталінскіх лагераў. Мэта ТБК – захаванне і папулярызацыя беларускай мовы і культуры ў Літве. Актыўна наладжваем кантакты з дзяржаўнымі ўстановамі.
Беларусы, якія прыехалі ў апошнія гады, неактыўна далучаюцца да нашай дзейнасці. І нават сёння нас прыйшло павіншаваць з 35-годдзем больш грамадзян Літвы, чым Беларусі. Далучаюцца канешне па адным-два, але, калі прыехала 60 тысяч, то ў гэтай залі адразу павінна было пару тысяч быць, аднак гэтага няма».
Пачаліся святочныя ўрачыстасці канферэнцыяй «Беларусы ў Літве: сёння і заўтра». Пра гісторыю стасункаў паміж народамі казалі шмат, і не заўсёды такія размовы простыя. Падзеі сённяшніх дзён гэта пацвярджаюць, бо беларусы, якія знайшлі ў Літве прытулак пасля 2020 года, пачалі сутыкацца з праблемамі, пра якія яны нават і не думалі: ад абвінавачванняў у пагрозе нацыянальнай бяспецы да літвінізму. Дацэнт кафедры гісторыі ўніверсітэта Вітаўта Вялікага, доктар Русціс Камантавічус паспрабаваў растлумачыць беларусам літоўскі падыход да іх.
«Беларускі погляд на літоўцаў нашмат пазітыўней, чым літоўцаў на беларусаў. Праблема ў двухбаковых стасунках не на беларускім баку, а на літоўскім: гэта літоўцы трымаюць дыстанцыю.
Як гэта вырашыць? Я думаю, што трэба казаць пра наша мінулае, узгадваць пазітыўныя моманты. Да прыкладу, беларусы і літоўцы ў сярэднія вякі практычна паміж сабой не ваявалі, мы стварылі дзяржаву і доўга жылі без межаў, пісалі разам Статуты – гэта вялікае інтэлектуальнае дасягненне нашых народаў, міжваенны перыяд, войны за Незалежнасць Літвы, калі беларусы нам дапамагалі, зараз офіс Ціханоўскай у Вільні. Калі б мы пра гэта больш гаварылі, то мянялася б літоўскае бачанне беларусаў, нашага агульнага мінулага».
Таццяна Сарока з тых беларусаў, якія жывуць у Літве ўжо на працягу пяці пакаленняў. Па словах жанчыны, сёння беларуская меншасць не можа паўплываць на рашэнні літоўскіх палітыкаў.
«Самі літоўцы да беларусаў ставяцца вельмі добра, іншая справа – палітычная лінія, якая зараз існуе ў Літве. Ад беларусаў у цяперашняй сітуацыі залежыць вельмі мала. Я знаёма з міжваенным перыядам гісторыі, калі беларусы былі прадстаўлены ў Сейме і г.д, яны маглі агучыць свае праблемы і вырашаць пытанні. А зараз ніводнага беларускага прозвішча не гучыць нідзе. Мы толькі паміж сабой можам абмеркаваць, што нам штосьці не падабаецца, і не больш за тое».
З заклікам дэлегаваць прадстаўніка Беларусі ў літоўскі Сейм на будучых парламенцкіх выбарах выступіў Альфонсас Аўгуліс – чалавек-легенда ў беларуска-літоўскіх стасунках, першы амбасадар Літвы ў Беларусі, старшыня клубу «Гервяты», які беларускія ўлады ліквідуюць у Беларусі. Пра новую плынь беларускай эміграцыі дыпламат кажа так:
«Я лічу, што, калі ты беларус, ты павінен ведаць мову і ведаць, што ты – прадстаўнік нацыі, да якой сябе адносіш. Два гады таму было ўшанаванне даваенных паэтаў-беларусаў. Ніводзін не прыйшоў з тых, хто нядаўна прыехаў. Я пытаюся: дзе тыя людзі? Чаго яны тады прыехалі? Ім ні Ластоўскі, ніхто не патрэбны. Што тады ім патрэбна?»
Святкаванне 35-годдзя Таварыства беларускай культуры ў Літве адбылося пры падтрымцы Дэпартамента нацыянальных меншасцяў.
Comments are closed.