Loading

Літаратары, аб’яднаныя ў Беларускі ПЭН, выказалі спачуванне сваім украінскім калегам, а таксама родным пісьменніцы і грамадскай дзяячкі Вікторыі Амелінай, якая памерла ад ран, атрыманых у выніку бамбардзіроўкі расійскімі войскамі горада Краматорска. Так атрымалася, што першага ліпеня, якое стала днём смерці літаратаркі, мог адзначаць свой дзень нараджэння іншы забіты расійскімі акупантамі ўкраінскі пісьменнік Уладзімір Вакуленка, дзённік якога Вікторыя знайшла, апублікавала і нядаўна прадставіла грамадскасці. Пра гэта распавяла нашаму карэспандэнту Уладзіміру Лапцэвічу прэзідэнт беларускай пісьменніцкай арганізацыі Таццяна Нядбай, якая асабіста ведала загінуўшую.

— З Вікторыя Амелінай мы пазнаёміліся на адным з ПЭН-аўскіх кангрэсаў міжнароднага ПЭНа. Гэта было яшчэ ў так званыя мірныя часы недзе ў годзе 2018-2019-ым. І з таго часу падтрымлівалі камунікацыю. І апошняе паведамленне, якое я ад яе атрымала, было з віншаваннем нас як Беларускага ПЭНа, як беларусаў з атрыманнем Нобелеўскай прэміі Алесем Бяляцкім. Магу сказаць, што Вікторыя, калі мы з ёй пазнаёміліся, мела дастаткова высокааплочваемую працу ў фірме, і ёй у прынцыпе неабавязкова было займацца ўсімі гэтымі літаратурнымі і культурнымі праектамі для таго, каб зарабіць сабе на жыццё, зарабіць сабе на хлеб. Але для мяне гэта было такой важнай рысай, якую я магла б адзначыць у ёй: што чалавек, які ўжо дасягнуў матэрыяльнага поспеху і дабрабыту, ён можа накіроўваць свае высілкі, свой час, сваю энергію на штосьці, што лічыць важным, каб наш свет станавіўся лепшым. І Вікторыя была якраз такім чалавекам. З пачаткам вайны яна змяніла сваю працу. Па-першае, яна была сябрам Украінскага ПЭНа, а па-другое, яна перайшла ў праваабарончую арганізацыю працаваць для дакументавання ваенных злачынстваў. Чалавек, які мог бы жыць добрым жыццём, утульным, камфортным жыццём, ідзе і робіць тое, што павінна яго краіну наблізіць да перамогі, што павінна жыццё яго народу, яго суседзяў зрабіць лепшым. Гэта тое, што я найбольш цаніла ў Вікторыі, і тое, за што ёй можна быць вельмі ўдзячным.

— Чаму яна пайшла займацца дакументаваннем расійскіх злачынстваў падчас вайны і ўвогуле займацца той справай?

— Я думаю, гэта тое, што ёсць практычна ва ўсіх людзей, якія працуюць у недзяржаўнай сферы. Гэта абвостранае пачуццё справядлівасці, калі ты не можаш змірыцца з тым, што хтосьці робіць штосьці несправядлівае ў дачыненні да цябе, тваіх сяброў, твайго народа. І канешне, гэта любоў да Украіны. Яна сама, пераехаўшы раней з бацькам у Канаду, вярнулася ва Украіну, Там вучылася, там працавала. І гэта, канешне, любой да краіны – тое, што кіруе намі ўсімі.

— Як бы вы маглі ацаніць яе пісьменніцкую дзейнасць?

— Гэта ўважлівая пісьменніца, вельмі глыбокая. Калі мы з ёй пазнаёміліся, то Вікторыя Амеліна пераважна пісала прозу, а з пачаткам вайны пачала пісаць вельмі добрыя вершы. Дарэчы, Андрэй Хадановіч вывесіў адзін з перакладаў вершаў Вікторыі, ён вельмі такі харошы. Украінская літаратура страціла харошую пісьменніцу Вікторыю Амеліну, але таксама і актывістку. Зусім нядаўна, калі адбыўся кніжны кірмаш «Кіеўскі арсенал», прэзентавала кнігу тэкстаў Уладзіміра Вакуленкі – яго знойдзенага Вікторыяй і выдадзенага яе высілкамі і Украінскага ПЭНа штодзённіка «Дзённіка вайны». Уладзімір Вакуленка – дзіцячы пісьменнік, які быў забіты расійскімі акупантамі ў Ізюме. Яна напісала вельмі кранальную прадмову да гэтай кнігі, дзе параўноўвала гэты дзённік, які яны шукалі з бацькам Уладзіміра Вакуленкі і пасля знайшлі, з іншымі страчанымі ўкраінскімі тэкстамі, страчанымі праз Галадамор, праз сталінскія рэпрэсіі, праз іншыя падзеі, войны, якія абрыналіся на Украіну. І нам, беларусам, вядома гэта сітуацыя, калі праз знешнія падзеі мы губляем свае рэчы, артэфакты, творы мастацтва, літаратурныя шэдэўры. І ў гэтым сэнсе Вікторыя вяла працу па наданні голасу Уладзіміру Вакуленку, які загінуў раней ад рук расійскіх акупантаў. Напэўна, сімвалічна, што сэрца Вікторыі спынілася 1 ліпеня, а гэта, сярод іншага, і дзень нараджэння Уладзіміра Вакуленкі, 51 год яму споўнілася б. Ну а ў гэты дзень сама Вікторыя, якая яшчэ нядаўна прэзентавала яго кнігу на кніжным кірмашы, загінула.

Вікторыя Амеліна. Крыніца: facebook.com

Свае спачуванні Беларускі ПЭН выказаў яшчэ 2 ліпеня, як толькі стала вядома аб смерці спадарыні Вікторыі. «Мы, безумоўна, выказалі, калі гэта шырока вядомай стала весткай», – паведаміла спадарыня Таццяна.

Як паведаміў Украінскі ПЭН, 27 чэрвеня Вікторыя Амеліна знаходзілася ў Краматорску разам з дэлегацыяй калумбійскіх журналістаў і пісьменнікаў. Калі яны вячэралі ў рэстаране ў цэнтры горада, расейскія акупанты нанеслі ракетны ўдар па гэтым будынку, у выніку чаго Вікторыя атрымала цяжкія раненні. Лекары і парамедыкі ў Краматорску і Дняпры рабілі ўсё магчымае, каб выратаваць яе жыццё, але, на жаль, раненне было смяротным. У апошнія дні жыцця Вікторыі побач з ёй былі яе родныя і сябры.

Украінскі ПЭН і арганізацыя Truth Hounds, для якой Вікторыя збірала сведчанні расійскіх ваенных злачынстваў, на аснове праведзеных апытанняў сведак трагедыі заявілі, што трапленне акупантамі ў грамадзянскі аб’ект ва ўкраінскім горадзе зʼяўляецца чарговым ваенным злачынствам Расіі. Аналіз разбурэнняў і паказанняў сведак указвае на тое, што расійцы выкарыстоўвалі для ўдару высокадакладную ракету тыпу «Іскандэр». Яны ведалі, што страляюць у месца, дзе будзе вялікая колькасць цывільных. Вядома пра гібель 13 чалавек, каля 60-ці аказаліся параненыя.

Comments are closed.