Loading

Палітычная сітуацыя ў Беларусі, якая склалася пасля падзей 2020 года, рэпрэсіі і пераслед прымусілі многіх беларусаў пакінуць Радзіму. Шмат хто пераехаў у бліжэйшыя еўрапейскія краіны, але значна павялічылася колькасць беларускіх эмігрантаў і на супрацьлеглым беразе Антлантыкі. Палітычны ўцякач з Віцебска Глеб ужо больш за два гады жыве ў ЗША і працягвае актыўную дзейнасць у дыяспары на карысць дэмакратычнай Беларусі. У размове з радыё Ўнэт ён распавёў пра тое, як са сваёй вялікай сям’ей апынуўся за акіянам, ці цяжка на новым месцы і ці дапамагаюць беларусы сваім суайчыннікам.

У жніўні 2021 года, паводле нашага суразмоўцы, пасля таго, як ён адчуў паляванне на сябе з боку лукашэнкаўскага рэжыму, то разам з цяжарнай жонкай і двума малалетнімі дзецьмі выехаў у Маскву, каб адтуль выляцець у Мексіку. Пунктам прызначэння былі ЗША, куды Глебу параілі пераехаць сябры, паабяцаўшы дапамогу. Як адзначае палітычны актывіст, трапіць у Мексіку беларусам у той час можна было, нават маючы дзеючую шэнгенскую візу. Цяпер, паводле яго сведчанняў, сітуацыя стала больш жорсткай – мексіканскія памежнікі ў аэрапорце могуць не ўпусціць у краіну не толькі тых, хто мае шэнгенскія візы, але і мексіканскія. Але, як падкрэслівае ён, усё залежыць ад канкрэтнага службоўцы.

Глеб адзначае, што два гады таму ў Мексіцы да ўсіх еўрапейцаў ставіліся аднолькава, таму нечага негатыўнага на сябе яго сям’я не адчула. Эмігрант тлумачыць гэта тым, што ў той час не было расійска-ўкраінскай вайны і наплыву ўцякачоў.

З мексіканскімі памежнікамі на мяжы з ЗША, па сцвярджэнні Глеба, таксама ніякіх праблем не ўзнікла.

«Я іх нават не бачыў ужывую. Але мае знаёмыя год таму пераходзілі мяжу. Яны спрабавалі перайсці на машыне шэсць разоў. Адзін раз у іх хацелі забраць машыну і яны там на месцы далі мексіканскаму памежніку ці паліцэйскаму хабар у памеры 600 долараў. Ён іх адпусціў і сказаў, каб на гэтай мяжы сёння не з’яўляліся. Мяжу яны праглядаюць і перадаюць інфармацыю на суседнія пункты. Таму нават калі на той жа самай машыне прыехаць на іншы пункт, хутчэй за ўсё цябе адразу вылічаць. Таму мае знаёмыя спрабавалі шэсць разоў праехаць, не атрымалася, звярнуліся да памочнікаў. У выніку трапілі ў ЗША праз калітку ў плоце».

Як распавёў Глеб, брат яго жонкі жыве ў ЗША. Ён прыехаў на сваім аўтамабіле ў памежны мексіканскі горад Ціхуана, каб забраць іх і перавезці праз мяжу.

«Мы заехалі на мяжу з першага разу. Амерыканскі і беларускі пашпарты аднолькавага колеру. Брат даў афіцэру свой пашпарт зверху, а чатыры нашы беларускія былі знізу. Афіцэр памежнай службы ўвогуле не падумала, што мы нейкія там беларусы, спакойна пачала спраўджваць дакументы. Спраўдзіла амерыканскі пашпарт, адклала яго ў бок, а наступным, што ўбачыла, быў беларускі пашпарт. А ў амерыканскім заканадаўстве, у працэдуры атрымання палітпрытулку ёсць важны пункт – пакуль памежнік не ўзяў пашпарт замежніка ў рукі, ён не можа нічога рабіць, напрыклад, прымаць просьбу аб палітычным прытулку. Таму нашай задачай было, каб афіцэр узяў пашпарт у рукі. І вось пасля таго, як яна ўзяла пашпарт у рукі, мы папрасілі аб палітычным прытулку. З гэтага моманту запусцілася працэдура атрымання намі палітычнага прытулку».

Мексіканскі горад Ціхуана. Крыніца: unsplash.com

Паводле Глеба, ёсць розныя гісторыі прыезду беларусаў у ЗША – як паспяховыя, так і не вельмі.

«Ведаю вельмі шмат розных гісторый. Напрыклад, сярэдняй паспяховасці гісторыя, калі хлопец-адзіночка на 40 дзён трапіў у іміграцыйную турму. Пасля выйшаў і ўсё роўна апынуўся ў Штатах. Няма добрага ці дрэннага шляху ў Штаты. Ёсць пэўныя цяжкасці, але раней ці пазней тыя, хто хоча сюды трапіць, яны трапляюць. Я шмат чуў такіх гісторый, што чалавек прыехаў у Мексіку і яго развярнулі альбо ён тры разы спрабаваў перасекчы мяжу, але не атрымалася. Многія людзі, я нават ведаю некалькі чалавек, якія вяртаюцца ў Беларусь. З таго я разумею, што іх узровень матывацыі быў дастаткова нізкім».

Напрыканцы нашай размовы Глеб даў парады, зыходзячы са свайго досведу, тым, хто хоча пераехаць падобным чынам у Злучаныя Штаты Амерыкі.

«У Амерыцы не ўсё так лёгка, як здаецца, асабліва напачатку. Таму, калі людзі настроіліся ехаць сюды, няхай будуць гатовыя да таго, што тут будзе настолькі цяжка, наколькі яны сабе не ўяўляюць. Няхай яны не зачароўваюцца тым, што Амерыка вялікая, багатая і так далей. Тут ёсць свае мінусы, тут ёсць свае плюсы, але кожны мусіць прайсці свой шлях у эміграцыі і зразумець загадзя, што будзе вельмі цяжка. Ёсць людзі, якія сюды трапляюць, а потым жадаюць вярнуцца ў Беларусь, таму што ім максімальна цяжка. Але тады губляецца ўвесь сэнс гэтай стамляючай вандроўкі коштам у дзясяткі тысяч долараў з-за таго, што чалавек быў маральна-псіхалагічна не падрыхтаваны да таго, што тут будзе цяжка. Таксама трэба разумець, што ў эміграцыі сем’і правяраюцца на трываласць.

Калі вы саромецеся звярнуцца да сваіх суграмадзян-беларусаў, думаючы, што ўсё ў вас атрымаецца, то на гэта я заўсёды адкажу так: заўсёды ёсць беларусы, якія заўсёды будуць гатовы вам дапамагчы. Тыя, хто едзе сюды, няхай не забываюць, што яны беларусы. А тут ёсць беларусы, якія вас чакаюць, любяць і заўсёды вам дапамогуць. Гэта асноўны мой запавет».

Поўную размову слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.