Loading

Беларускі музыка і актывіст Цім Суладзэ, які зараз стала жыве ў Вільні, пасля падрыву расійцамі Кахоўскай ГЭС паехаў ва Украіну з незвычайнай валантэрскай місіяй. Ціматэ Суладзэ распавёў, чаму вырашыў паехаць ва Украіну, што ён там робіць і якім ён убачыў тэрыторыі, дзе гаспадарыў так званы «расійскі свет».

— Для мяне моцным трыгерам паслужыў выбух на Кахоўскай гідраэлектрастанцыі, калі даведаўся, што акрамя людзей пацярпела шмат хатніх жывёл, у прыватнасці сабак. У мяне самога тры сабакі, і я да іх стаўлюся, як да паўнавартасных членаў сям’і. І для мяне менавіта з сабакамі сітуацыя выглядала асабліва жахліва, улічваючы, што шмат сабак загінула, бо яны былі прывязаныя на ланцугах. Гэта ўвогуле было цяжка ўявіць.

У мяне ішла сесія, дарэчы я яшчэ не здаў адзін экзамен, я дамовіўся з выкладчыкам і буду здаваць яго анлайн. Дык вось, я здаў экзамены, акрамя гэтага апошняга, і як толькі такая магчымасць узнікла, я сеў у машыну, загрузіўся – узяў яшчэ тону гуманітарнага груза ад дабрачыннага фонда. Фонд называецца «Аўтапрыма» – гэта дабрачынны фонд, які дзейнічае ў Літве і ва Украіне і дапамагае і людзям, і сабакам, і іншым жывёлам. Я загрузіўся іхнім грузам і паехаў ва Украіну, у Чарнабаеўку. Я гэты груз прывёз атрымальнікам і пасля гэтага мы сталі займацца сабакамі.

У прыватнасці, я вывез з Чарнабаеўкі аднаго сабачку, які пацярпеў ад рашыстаў у літаральным сэнсе – яны яму нанеслі некалькі ўдараў аўтаматам проста таму, што гэты сабачка бег уздоўж іхняй рашысцкай машыны і брахаў. Потым мясцовыя людзі яго прытулілі ў сябе, але не маглі трымаць, бо ў іх свае сабакі былі і яны канфліктавалі. І для гэтага сабакі я… не я – мы, тут шмат нас – цэлая каманда людзей, мы знайшлі прытулак, я яго туды адвез. І потым дарогаю яшчэ аднаго сабачку проста на дарозе падабралі мы і таксама прыладзілі яго да валантэраў, якія будуць даглядаць.

А проста зараз мы едзем у прытулак, нас будзе чалавек каля дзесяці. Ужо закупілі будаўнічыя матэрыялы, сабралі рэчы, сабралі і грашовую дапамогу, і корм. Едзем у гэты прытулак, які знаходзіцца вельмі далёка і праз гэта туды звычайна не даязджаюць ані валантэры, ані медыкі-ветэрынары.

Там усё ў вельмі жахлівым стане знаходзіцца і там на той момант было 70 сабак і 45 катоў, у тым ліку частка жывёл была туды завезеная з пацярпелых раёнаў. І мы там вырашылі цэлы дзень усё гэта адбудоўваць, аднаўляць тое, што можна. Там будынку каля 200 гадоў, каб вы ўяўлялі.

Я туды прывёз гэтага сабачку. Я спаў проста ў машыне, бо фізічна не было месца, дзе там можна было б спаць. Там вельмі добрая гаспадыня, такая гасцінная. Але там фізічна няма месца, дзе чалавеку, як я, які прыехаў, можна было б паспаць і праз гэта я спаў проста ў машыне. Ну вось мы едзем туды ўсё гэта адбудоўваць і прыводзіць у нармальны чалавечы стан. У тым ліку, каб і жывёлы – сабачкі, коцікі, там добра сябе адчувалі.

Крыніца: facebook.com/timote.suladze

Чаму Цім Суладзэ адразу паехаў менавіта ў знакамітую Чарнабаеўку, як украінцы, якія перажылі акупацыю і паводку, ставяцца да таго, што ён робіць, і якія ў яго планы надалей – слухайце ў поўнай версіі размовы ў плэеры ніжэй:

Comments are closed.