Loading

Каб знайсці новае памяшканне і зноўку сабрацца пад адным дахам, камандзе Алеся Лапко спатрэбіўся роўна месяц. Новы адрас Беларускага моладзевага хаба — Dożynkowa, 6а. Як жартавалі госці адкрыцця, гэта вуліца нібы прасілася мець беларускую ўстанову.

На адкрыцці новай лакацыі сабралася каля сотні беларусаў — гэта музыкі, творцы, журналісты і проста сябры ініцыятывы, якую разам са сваёй камандай прыехала падтрымаць Святлана Ціханоўская.

Новая лакацыя знаходзіцца ў раёне Макотув. Не цэнтр, але і не на ўскрайку горада. Напрыклад, ад метро Racławicka пешшу можна дайсці за 6 хвілін.

Цяпер у Беларускага моладзевага хаба ёсць 4 паверхі плошчай больш за 300 квадратаў. Бонусам — уласны падворак, які таксама мае свой творчы патэнцыял. Цікавая і гісторыя гэтага будынку, пра які распавядае кіраўнік БМХ Алесь Лапко.

— З 1992 года тут жыла польская сям’я, а цяпер яны вырашылі здаваць свой дом. Калі даведаліся, на якія мэты – зрабілі нам зніжку. Канечне, гэта больш як утрая даражэй, чым мы плацілі за памяшканне на Пляцы Канстытуцыі, але тут мы нават дзесьці больш вольныя. Можам рабіць дадатковыя праекты.

Неўзабаве ў новым будынку адновяць сваю дзейнасць беларуская музычная школка, распачнуцца тэатральныя заняткі, кінапрагляды, будуць ладзіцца сустрэчы з гісторыкамі, прэзентацыі кніжак, чытанкі і розныя іншыя ініцыятывы, якія і дагэтуль былі ў Моладзевым хабе.  

— Вы не апусцілі рукі і працягнулі змагацца далей і перамаглі. Таксама гэта здарыцца і з нашым беларускім паўстаннем, нягледзячы на ўсе выпрабаванні, мы будзем працягваць змагацца, — правяла паралелі ў сваім выступленні лідарка дэмакратычных сіл Святлана Ціхноўская.

Наваселле адзначалі некалькі гадзін. Госці з задавальненнем слухалі музычную праграму, а пасля з радасцю выходзілі на падворак, каб абмеркаваць, падзяліцца ўражаннямі, зрабіць фота і павіншаваць Беларускі моладзевы хаб з пачаткам новай старонкі. 

Музыка і вядучы імпрэзы Сяржук Доўгушаў перакананы: далей будзе толькі лепш. 

— Толькі наперад, толькі працягваць, нягледзячы ні на што. Перашкоды прымаць як нейкія іспыты, нейкія выпрабаванні. Станавіцца мацнейшымі, большымі. І рабіць сваю справу. У маім жыцці таксама было рознае, але калі ты нясеш святло, то яно з часам абавязкова будзе радаваць людзей. 

Рэпартаж з адкрыцця слухайце ў нашым аўдыё:

Comments are closed.