Loading

Беларус Юрый Зайцаў вось ужо тры гады спрабуе дамагчыся атрымання ва Украіне статуса ўцекача альбо дадатковай абароны. Улады Беларусі абвінавачваюць яго паводле шэрагу артыкулаў, нібыта не звязаных з палітыкай – ад стварэння злачыннай арганізацыі да незаконнага абароту наркотыкаў. Але сам Юрый упэўнены, што пераслед менавіта палітычна матываваны – раней ён быў актыўным чальцом анархісцкай арганізацыі, а таксама выкрываў схемы гандлю спайсамі пад прыкрыццём сілавых структураў. З пачаткам паўнамаштабнага ўзброенага ўварвання Расіі ва Украіну Юрый Зайцаў пайшоў дабраахвотнікам ва Узброеныя Сілы. Зараз ён спрабуе атрымаць ва Украіне дадатковую абарону, але ўкраінская Дзяржаўная міграцыйная служба такую абарону надаваць катэгарычна адмаўляецца. У канцы лістапада ён атрымаў ужо другую пастанову суда, якая вызнае рашэнні ДМС незаконнымі. Юрый Зайцаў распавёў сваю гісторыю радыё Ўнэт.

— Я ўжо трэці год змагаюся за свае дакументы за спробы атрымаць статус асобы, якая мае патрэбу ў абароне, альбо статусу ўцекача. Але ў мяне з гэтым вялікія праблемы.

Ва Украіне я апынуўся ў 2020 годзе, у перыяд перадвыбарчай кампаніі ў Беларусі. Апынуўся тут нелегальным шляхам, перасёк мяжу пры пэўных абставінах. Я знаходзіўся ў міжнародным вышуку па лініі Інтэрпола. Абвешчаны быў з боку Беларусі. Калі я трапіў ва Украіну, мяне затрымалі супрацоўнікі крымінальнага вышуку. Я патрапіў пад арышт, мяне аформілі ў СІЗА, дзе я знаходзіўся сем месяцаў. У той перыяд, калі я патрапіў у СІЗА, я падаў дакументы ў Дзяржаўную міграцыйную службу з просьбай, каб мне далі асаблівы статус. І пачалася гэтая мая гісторыя.

Праз некалькі месяцаў мне далі адмову ў наданні статуса. (Інфармацыю) пра гэта яны хавалі да жніўня 2021 года. То бок, мне ніхто не паведаміў, што ў мяне была адмова. Я на той момант ужо выйшаў з СІЗА і знаходзіўся пад хатнім арыштам. І на адным з судоў аб працягу мне захаду стрымання супрацоўнікі пракуратуры паведамілі мне, што ў мяне адмова.

— У чым Вас абвінавачвалі ў Беларусі і што было насамрэч?

— Абвінавачваюць мяне ў арганізацыі і ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе, некалькі артыкулаў, звязаных з наркотыкамі. Насамрэч, усё было зусім роўна наадварот. Пераслед пачаўся праз тое, што ў час некалі легальных спайсаў я са сваімі сябрамі перашкаджаў гэта рабіць некаторым асобам. Арганізатары былі пад «дахам» КДБ і ГУБАЗіКа. Гісторыя вельмі гучная, там паляцелі і галовы некаторых высокіх чыноў. Гэтыя людзі, якія карысталіся дапамогай спецслужбаў, пачалі фабрыкаваць на мяне крымінальныя справы.

Таксама я быў удзельнікам анархічнай арганізацыі. Быў у мяне светапогляд трошкі іншы, чым цяпер. Затрымліваўся на акцыях. Гэта таксама паўплывала на мой лёс і маю гісторыю.

— У верасні гэтага года кіраўніца Дзяржаўнай міграцыйнай службы Украіны Наталля Науменка дала вялікае інтэрв’ю выданю Сensor.net. І значная частка гэтага інтэрв’ю прысвечаная вашаму кейсу. Там яна сцвярджае, што вы ў 2014 годзе заехалі ва Украіну паводле пашпарту грамадзяніна Расійскай Федэрацыі на імя іншай асобы, і нібыта на падставе ўз’яднання сям’і атрымалі пасведчанне на часовае пражыванне ва Украіне на гэтае чужое імя. Наколькі гэта адпавядае рэчаіснасці?

— Гэта чыстая праўда. Датычна інтэрв’ю Наталлі Науменка, то раней мы на рэсурсе Сensor.net публікавалі шэраг матэрыялаў пра маё змаганне з гэтымі ўкраінскімі структурамі. Гэта дапамагае неперадузята выносіць рашэнні ў маёй справе суддзям. У каментарыі Наталлі Науменка не ўсе, але большая частка фактаў былі скажонымі. Насамрэч, у 2013 годзе я прыехаў у Расію. Там праз абставіны пераследу набыў пашпарт падробны. І праз тое, што я чакаў, што з Беларусі мяне будуць шукаць, магчыма, нехта па мяне прыедзе, я палічыў, што на той момант лепш будзе з’ехаць з Расіі. І я сапраўды прыехаў ва Украіну.

Тут ішоў час і каб не парушаць заканадаўства Украіны, каб тут не стварыць сабе праблемаў, звярнуўся ў фірму, якая супрацоўнічала з Міграцыйнай службай, каб легалізавацца. Я афармляў часовы дазвол на жыхарства. Праз нейкі час мне патэлефанавалі, сказалі, што можна прыйсці забраць. Але на той момант ужо пачалася вайна з Расіяй – першы этап на Данбасе. І з расійскім пашпартам у гэтай сітуацыі было нязручна знаходзіцца. Я проста не пайшоў забіраць гэтыя дакументы, таму што прайшоў час і я палічыў, што гэта няслушна. А праз нейкі час знішчыў і той пашпарт.

— А на якіх падставах вы жылі гэты час?

— У мяне зусім не было дакументаў. У мяне быў беларускі пашпарт, але я яго з сабой не браў, ён застаўся ў Беларусі. Я пакідаў Беларусь у 2013 годзе ў экстраных абставінах. Паколькі паміж Расіяй і Беларуссю на той момант не было ні мяжы, ні мытні, я без праблемаў пакінуў краіну. Але мне патрэбныя былі нейкія дакументы, для таго, каб неяк жыць.

— А вось гэтае вашае зняволенне ў Адэскім СІЗА звязана з гэтым міжнародным вышукам ці там нейкія іншыя падставы былі вас зняволіць?

— Я не здзяйсняў аніякіх злачынстваў ва Украіне. Я ні за што не прыцягваўся. Маё зняволенне ў СІЗА і арышт былі наступствамі толькі міжнароднага вышуку і абавязацельствамі Украіны ў супрацоўніцтве з Беларуссю і з сусветнай супольнасцю.

— У СМІ трапляў скан адказу ДМСУ яшчэ ад 2021 года, дзе тая самая Наталля Науменка, тады яшчэ намесніцай кіраўніка гэтай службы, Вам якраз-такі падпісала адказ пра адмову ў наданні гэтага статусу ўцекача альбо абароны на падставе таго, што ў Беларусі ў 2021 годзе палепшылася сітуацыя з правамі чалавека і Вам там нібыта нічога ўжо не пагражае. Ці можаце вы распавесці пра гэтую першую спробу дамагчыся ад ДМС нейкага статусу?

— Першая мая адмова паступліла праз 4 месяцы пасля таго, як была заведзеная мая асабістая справа ў Міграцыйнай службе. Прычыны адказу, мякка кажучы, здзіўляюць – паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, паляпшэнне сітуацыі ў турмах і лагерах, у цэлым у краіне. Яны гэтую інфармацыю бралі з дзяржаўнай газеты «Аргументы и факты» (насамрэч – гэта расійскае выданне, якое фінансуецца расійскім урадам – РЎ).

Таксама даводзілася нібыта я не надаў дастаткова доказаў – нейкіх фактычных, матэрыяльных, у падмацаванне сваёй гісторыі. На жаль, я знаходзіўся ў СІЗА і не мог мець нейкія доказы, паперы, дакументы ды іншае, каб нешта надаць на той момант. Толькі карыстаўся тым, што было ў СМІ і што было здабыта з дапамогай майго адваката. Таксама там не ўлічылі стан майго здароўя.

— Тады адбыўся суд. Што ён вырашыў?

— Мы апратэставалі рашэнне ў верасні 2021 года. Канчатковае рашэнне суда было ў лютым 2022 года. Літаральна за тыдзень-два перад вайной. Мы патрабавалі ў сваім пазове адмяніць рашэнне пра адмову мне ў наданні нейкага са статусаў і адправіць маю справу на перагляд. Бо я выйшаў з турмы, з’явілася шмат важкіх доказаў, фактаў.

Міграцыйная служба апрыоры апратэстоўвае любы свой пройгрыш. І ўлетку 2022 года, ужо падчас вайны адбылася апеляцыя. Апеляцыйны суд пацвердзіў нашу рацыю і абавязаў Міграцыйную службу перагледзець ужо ў абавязковым парадку маю справу.

— Ці можаце вы распавесці чым вы займаецеся зараз ва Украіне?

— Я зараз вайсковец Узброеных Сілаў Украіны. Гэта тое, чым я зараз займаюся тут.

— То бок, зараз вы афіцыйна маеце легальны статус ва Украіне, маючы кантракт з Узброенымі Сіламі Украіны?

— Так, на гэты момант я маю легальныя падставы знаходзіцца ва Украіне.

— Але тым не менш, Вы працягваеце барацьбу за статус уцекача альбо абароны. Навошта Вам гэтыя новыя спрэчкі з Міграцыйнай службай?

— Па-першае, я да гэтага часу знаходжуся ў міжнародным вышуку. У мяне няма абсалютна аніякіх дакументаў, якія пацвярджаюць асобу. Вайсковы білет не дае мне права нешта афармляць на сябе, праходзіць афіцыйнае навучанне. Я дзевяць месяцаў службы не мог зрабіць сабе банкаўскую картку, каб атрымліваць заробак. Я не магу зараз паехаць на навучанне ў Еўропу на іхнія вайсковыя базы для падвышэння сваёй кваліфікацыі. Я не магу пабачыць родных.

— Я так разумею, што Вас без праблем прынялі на службу ва Узброеныя Сілы Украіны, і Вы ад пачатку паўнамаштабнага ўварвання бароніце гэтую краіну. Звычайна, калі размова ідзе пра замежнікаў, якія хочуць служыць ва Узброеных Сілах, іх таксама правярае адпаведная ўкраінская служба, якая адказвае за бяспеку Украіны. Ці былі да Вас нейкія пытанні з боку той жа Службы бяспекі Украіны альбо іншых праваахоўных органаў падчас залічэння ва Узброеныя Сілы?

— Насамрэч, у мяне былі праблемы. Праблемы былі з тым, што, зноў жа, у мяне няма ніякіх дакументаў. Калі пачалася вайна ў першыя дні я пайшоў у ваенкамат. Там не прымаюць людзей без украінскага пашпарту і без украінскага вайсковага білета. Альбо трэба складаць кантракт з УСУ. На той момант варункі досыць імкліва развіваліся – (расійскія) войскі падыходзілі вельмі хутка. Ужо былі па Мікалаевам. Таксама наступалі войскі на Кіеў.

Мне спачатку адмовілі ў прыёме на службу альбо ўвогуле нейкім маім удзеле. Але я паразмаўляў з вайскомам, патлумачыў сітуацыю, патлумачыў, што я беларус, што я палітычны ўцякач, што я хочу ўдзельнічаць у гэтым усім. І ён падпісаў мае дакументы.

На наступны дзень я ўжо выехаў з усімі вайсковаабавязанымі ўкраінцамі на аўтобусе ў вайсковую часць. Як аказалася, мяне аформілі не як іншаземца, а як украінскага вайсковаабавязанага. Далі часовы вайсковы білет. Ужо ў вайсковай частцы сталі цікавіцца, хто я, што я. Бо, усё ж, я беларус і наступ расійскіх войскаў пачаўся з тэрыторыі Беларусі.

Мне дапамагла мая медыйнасць на той момант, што пра мяне было дастаткова інфармацыі ў інтэрнэце. І я не выклікаў падазрэнняў у нейкай здрадзе ці спробе укараніцца ў войскі. На наступны дзень я паехаў на задачы. І толькі праз некаторы час мы абвесцілі пракуратуру ды іншыя службы, дзе я знаходжуся, што я не знік, што я пайшоў дапамагаць украінцам у гэтай вайне.

Мы не маглі прадбачыць, што рэакцыя пракуратуры будзе настолькі неадэкватнай. Замест таго, каб, не тое, каб падтрымаць, але проста ўспрыняць гэтую інфармацыю і быць са мной на сувязі – бо, войскі, усё ж, не дабраахвотніцкае фармаванне, гэта самамала падкантрольныя людзі – але пракуратура палічыла патрэбным прыехаць у вайсковую часць, дзе я лічыўся, і запатрабаваць маёй выдачы для арышту.

Дзякуй богу, што войска Украіны адрозніваецца ад сілавога блоку. Мяне адмовіліся выдаваць. Я знаходзіўся на баявых выездах, на задачах. Праз два тыдні яны накіраваліся ў ваенкамат высвятляць, на якіх падставах я знаходжуся на службе. Яны дамагліся ад вайскома анулявання загаду пра маю мабілізацыю, бо, насамрэч, я быў мабілізаваны незаконна, памылкова. І з адкліканым загадам аб мабілізацыі яны зноў з’явіліся ў вайсковую часціну і запатрабавалі маёй выдачы. То бок, я ім чамусьці дужа цікавым быў пад арыштам, а не са зброяй у руках за Украіну.

Яны былі «пасланыя» маім камандаваннем, за што яму вялікая павага і ўдзячнасць за адэкватнасць. Пасля гэтага пачаліся розныя «акалачванні» штабоў ВМС, адпраўка розных запытаў да нас у часць, у штаб брыгады. То бок, першыя дзевяць месяцаў службы я знаходзіўся пад ціскам пракуратуры ў спробах мяне звольніць і арыштаваць.

Толькі праз дзевяць месяцаў Украіна разарвала дачыненні з Беларуссю ў плане супрацы ў сферы сілавых структураў. І запыт Беларусі датычна мяне ануляваўся. Украіна больш не мела да мяне прэтэнзіяў і з таго моманту яны ўжо ад мяне адчапіліся нарэшце. Але, насамрэч, адбывалася шмат усяго і мае адчуванні такія, што я назваў бы гэта здрадаю.

— Ці былі да Вас пытанні ад Службы бяспекі Украіны?

— Цераз шэсць месяцаў я прыехаў праз хваробу ў пункт сталай дыслакацыі. І там нас пачалі правяраць СБУ на прадмет сувязяў з краінай-агрэсарам, з Расіяй, з Беларуссю. Калі я патрапіў на гэтае сумоўе, супрацоўнік СБУ толькі паціснуў мне руку і пажадаў поспехаў. Далей была яшчэ адна праверка. Яна была падчас другой адмовы – калі мне ўжо другі раз адмовіла Міграцыйная служба.

— Вось у гэтым інтэрв’ю спадарыні Науменка яна кажа, што адмаўляюць Вам у наданні статусу абароны ў тым ліку і праз тое, што, маўляў, Вас правяраюць адпаведныя службы і яны супраць гэтага. Тым не менш, яны не супраць каб Вы ваявалі ў складзе Узброеных Сілаў. На якіх падставах ДМС адмовіла другі разам і якая была іхняя пазіцыя ў другім судзе?

— Міграцыйная служба з дапамогай людзей у СБУ аформіла запыт для таго, каб мяне вырвалі з пункту, прывезлі ў будынак контрвыведкі на размову і на праверку маіх розных узнагарод, статусаў, легальнага знаходжання ў войсках. Маё камандаванне надало ўсю інфармацыю пра мяне. Да мяне пытанняў ніякіх не было.

Пасля гэтага мяне папрасілі яшчэ раз прыехаць туды ж. На гэтай сустрэчы ўжо не было пытанняў. Там знаходзіўся прадстаўнік Міграцыйнай службы кіеўскай, які прыехаў асабіста, паводле ягонай заявы, для перамоваў са мной. Ён прапанаваў мне скласці нейкую ўгоду, у якой я не мусіў асвятляць у СМІ, неяк надаваць розгаласу сваёй гісторыі, змагацца далей, абскарджваць у судзе, і тады пасля вайны мне нададуць статус уцекача. Гэта ўсё адбывалася з пагрозамі, з ціскам, што, калі я адмоўлюся, то знойдзецца памылка ў маім кантракце, яго анулююць і я вылечу з УСУ і мне створацца праблемы ва Украіне. На гэта я ім адмовіў. Надалей мы, усё ж, выйгралі гэты суд. Суд палічыў, што я маю падставы для атрымання статуса.

Радыё Ўнэт папрасіла пракаментаваць справу Юрыя Зайцава з юрыдычнага гледзішча правабаронцу, які дапамагае Юрыю дамагчыся надання абароны з боку Украіны, каардынатара праграмаў праваабарончага аб’яднання «Праве діло» Валерыя Якавенку:

— Першая працэдура скончылася адмовай. Мы абскардзілі гэта ў судовым парадку. Суд вызнаў незаконным рашэнне міграцыйнай службы. Абавязаў паўторна разгледзець заяву Юрыя з улікам высноваў, якія зрабіў суд у сваім рашэнні. Падчас паўторнага перагляду ДМС не ўлічыла высновы, якія былі зробленыя судом у справе. І таксама ўхіл яны рабілі на тое, што Юрый насамрэч з’яўляецца злачынцам, у Беларусі нармальна выконвацца правы чалавека, ёсць справядлівы суд, адсутнічаюць катаванні і ён, калі лічыць сябе невінаватым, можа дамагчыся справядлівасці і ў Беларусі.

Таксама быў момант пра тое, што Юрый нібыта з’яўляўся чальцом анарха-камуністычнай арганізацыі «Рэвалюцыя дзеяння». Такая арганізацыя сапраўды існуе і ёсць яе падраздзяленні ва Украіне. Тут яна вызнаная экстрэмісцкай з тэрарыстычным ухілам. І праз сугучнасць назвы яны яго прыпісалі да чальцоў гэтай арганізацыі. Натуральна, у СБУ на запыты Міграцыйнай службы адказалі, што пярэчаць наданню яму статуса ўцекача, бо ён належыць да гэтай арганізацыі.

Яшчэ адзін аргумент яны прыводзілі, што ён з’яўляецца вайскоўцам. А статус уцекача і дапаўняльная абарона – гэта гуманітарны статус, ён не можа быць звязаны з вайсковымі дзеяннямі і таму Юрый не можа прэтэндаваць на атрыманне гэтага статусу. Гэта незаконныя довады. Няма ніякіх дакументаў, нарматыўных актаў. Ні ў Канвенцыі пра гэта нічога не сказана, ні ў нацыянальных дакументах, пра тое, што нельга надаваць асобам, якія знаходзяцца на службе.

Гэтым разам судовае пасяджэнне адбывалася без выкліку бакоў, у рэжыме пісьмовага вядзення. Суд вызнаў нашыя довады абгрунтаванымі і рашэнне ДМС вызнаў незаконным і абавязаў Міграцыйную службу надаць Юрыю Зайцаву статус асобы, якая мае патрэбу ў дадатковай абароне. Гэта неканчатковае рашэнне. Міграцыйная служба будзе падаваць апеляцыю, я практычна ў гэтым упэўнены. Калі грунтавацца на законе, то рашэнне суда законнае, абгрунтаванае цалкам, суд матываваў яго ў поўным аб’ёме – усе довады са спасылкамі на заканадаўства і на акалічнасці справы. Таму падставаў яго адмяніць я не бачу.

Comments are closed.