Беларускія дабраахвотнікі, якія ваююць за незалежнасць Украіны – гэта людзі не проста моцна матываваныя, але і з надзвычай сталымі, шматкроць абдуманымі перакананнямі і жыццёвымі прынцыпамі. У гэтым кожны раз упэўніваешся, калі з імі размаўляеш. Вось і гэтым разам суразмоўцам радыё Ўнэт стаў беларускі дабраахвотнік, які ваюе за Украіну ў складзе Палка імя Кастуся Каліноўскага, Алесь Наўковіч з пазыўным «Лахвіч».
Асноўныя моманты з размовы:
— Чым Вы займаліся ў Беларусі ў мірным жыцці да падзеяў 2020 года?
— Я працаваў аніматарам-экскурсаводам у гістарычнай мясціне Беларусі, дзе я вёў экскурсіі найбольш для дзетак. І гэта быў такі гістарычны напрамак – анімацыйныя праграмы, дзе я пераапранаўся альбо ў вікінга, альбо ў шляхціца. Чакаў дзіцячыя гурты і мы з імі добра праводзілі час.
— Ці былі Вы задзейнічаныя ў нейкіх беларускіх апазіцыйных рухах, дзеяннях да 2020 года?
— Не! Шчыра кажучы, не. Любоў да культуры, мовы, Радзімы ў мяне была заўсёды. Але ў мяне не было пытанняў да ўлады. Я ўсяго гэтага вар’яцтва не бачыў. Калі я пачаў яго заўважаць, вось праз фільмы Хашчавацкага, я яшчэ тады ў школе вучыўся, гэта быў 2006 год.
І ў мяне тады проста ўзнікла пытанне: ну самі ж людзі дазваляюць свайму кіраўніцтву існаваць. У мяне тады пытанне ўзнікла больш да беларусаў: а ці ўсіх усё задавальняе? З цягам часу, канешне, і сваё жыццё пагаршалася, я пабачыў, што ніякіх пераспектываў няма ў Беларусі, эканомікі няма, медыцына кепская.
І ты ў эру інтэрнэту бачыш, як жывуць людзі за мяжой. Тым больш, што я таксама выязджаў, у тую ж самую Польшчу. І ў мяне было пытанне: чаму ў нас горш, чаму мы не імкнемся да лепшага? І з гэтымі пытаннямі я прыйшоў да таго, што ўлада менавіта адказная за тое, што адбываецца, за тое, што мы не развіваемся ў добрым кірунку.
Потым я пачынаю разумець, што мы поўнасцю залежым ад Расіі. І, напэўна, першы мітынг, на які я пайшоў, гэта супраць расійскай авіябазы. У 2019 годе стала зразумела яшчэ больш. Праз тое, як кіраўніцтва дзяржавы паставілася да людзей з каронавіруам, якога ў нас не было. І ў 2020-м ужо ўсё было на сваіх месцах. Я проста быў ужо ўпэўнены, што вялікая хваля людзей падымецца. Разумеў, што альбо зараз, альбо ніколі.
— Мы памятаем, як у 2020 годзе развіваліся падзеі. З Вашага гледзішча, ці слушна дзейнічалі?
— Першае – не хапіла досведу. Другое – пакуль мы думалі, як нам па законе выйграць вось гэтыя выбары, улада рыхтавалася. А людзі не мелі досведу. Калі, напрыклад, параўноўваць з Украінай, у нас жа не было Майданаў, у нас улада ніколі не мянялася. І людзі проста падумалі, што, калі мы выйдзем супраць Лукашэнкі, то ён сыйдзе. А такога не можа быць. З такімі вар’яцкімі рэжымамі, як мы бачым, такога не бывае.
Не чакаючы вынікаў выбараў, мы выйшлі на вуліцы на стэле («Мінск – горад герой» на скрыжаванні праспектаў Пераможцаў і Машэрава). І спачатку былі яшчэ такія думкі, што мы ўсе беларусы, што міліцыя з народам. Там я атрымаў свой першы ПТСР. Я зразумеў, што гэта лукашысты, што нават складана іх людзьмі назваць, не тое, што беларусамі.
У мяне на вачах аўтазакам зачапіла чалавека і працягнула. На ўласныя вочы я пабачыў, як аскепкам альбо куляй разбіла дзяўчыне галаву, яна страціла прытомнасць, уся ў крыві, яе выносілі з натоўпа. У мяне на вачах адарвала ступню светлашумавой гранатай хлопцу, які за два метры ад мяне стаяў. І прычым, ніводнага каменя не ляцела ў бок карнікаў. Нас проста змялі потым гэтымі машынамі «Рубеж», вадамётамі і гэтак далей. То бок, улада не хацела дамаўляцца з людзьмі. Яна рыхтавалася да таго, што рана ці позна Лукашэнка перагне і ён рыхтаваўся да таго, што ён будзе сябе абараняць.
Я чакаў, што, можа быць, мы яшчэ выйдзем. 16-га жніўня я, як і большая колькасць беларусаў, падумаў, што мы перамаглі. Па розных краніцах розная колькасць людзей выйшлі па ўсіх рэгіёнах, па ўсіх буйных і маленькіх градах, нават у вёсках. І вось тады была тая эйфарыя, што мы, напэўна, перамаглі. Хаця, калі ўвечары мы пачалі разыходзіцца, я тады зразумеў, што ўсё – мы ў хуткім часе страцім вуліцу, таму што мы не перамаглі.
І месяц за месяцам нас пачалі зноў закатваць у асфальт. У лістападзе забілі Бандарэнку – зноў пачалі забіваць людзей, як гэта было і ў 1990-х, як гэта было ў жніўні 20-га года. Я чакаў-чакаў, нейкія каментары ў інтэрнэце, потым канал на youtubе – калі ўжо мы вуліцу страцілі, то трэба неяк весці барацьбу інфармацыйна. Потым я знайшоў свае фотаздымкі з пратэстаў на сайце следчага камітэта, МУС. І я з’ехаў з Беларусі ва Украіну ў кастрычніку 2021 года.
— 24 лютага 2022 года дзе сустрэлі і з якімі думкамі?
— Ва Украіне я зрабіў сабе польскую гуманітарную візу і з’ехаў у Польшчу. На той момант я ў Польшчы толькі-толькі знайшоў працу. І тут мы ў навінах бачым, што адбываецца. Я да абеду не мог паверыць, што ў 21-м стагоддзі можа быць рэальная вайна.
У другой палове дня я запісаў і выклаў у Інстаграме відэа са зваротам да ўкраінскага народа, што дазвольце мне прыехаць і я стану поплеч з украінцамі на абарону Бацькаўшчыны. Таму што я адчуваў вялікі сорам. Ідуць танкі з Беларусі, ляцяць ракеты, Беларусь ужо акупаваная. І, зразумела, што я калісьці выходзіў супраць усяго гэтага, але не хапіла моцы. Але ўсё роўна адчуваецца калектыўны беларускі сорам.
І я прыехаў на мяжу. Польскі бок мяне выпусціў, але памежнікі-ўкраінцы мяне завярнулі: сказалі, што беларускі пашпарт, краіна-агрэсар, ці краіна-суагрэсар, гэта ўжо на той момант мне было не важна. І тады я знайшоў у інтэрнэце ролікі, калі фармавалася беларуская рота пры «Азове». Ва Украіну я прыехаў – перасёк мяжу 6 сакавіка. Два тыдні я чакаў, пакуль мне зробяць гэтую паперку, што я не кадэбэшнік, што я еду, як дабраахвотнік-беларус ваяваць за Украіну.
— Дзе давялося быць, у якіх аперацыях, якія ўжо мінулі і пра якія можна распавесці, удзельнічаць?
— Другі ПТСР, напэўна, я злавіў тут у Бучы. 31 сакавіка яны выйшлі адтуль, а 1 красавіка зайшлі мы туды. Для мяне гэта быў першы баявы. Па-першае, нас бы не кінулі ў нейкую мясарубку. Там ужо такая больш-менш спакойная абстаноўка была. Мы сталі ў Бучы, праязджаючы праз Ірпень, дзеля таго, каб проста знаходзіцца на той ужо вызваленай тэрыторыі на выпадак новага нападу альбо «потеряшек» – ведаеце ж, рускія сваіх не кідаюць, але гэта не так. І вось, ці мала там – альбо нейкія ДРГ, але «свае», якіх яны «не пабрасалі», а яны там ёсць.
Самае жудаснае было, гэта, калі мы ехалі ў Бучы і праз вокны я бачыў вялікую колькасць ахвяраў на вуліцах. І гэта сведчыць аб тым, што людзей не паспявалі збіраць. Вось гэта ўсё, што жудаснае потым паказалі па тэлеграм-каналах – гэта ўсё праўда, гэта я бачыў. Але гэта не самае страшнае. Самае страшнае – гэта, калі мы знаёміліся з цывільнымі людзьмі, якія перажылі гэта. І ты вось глядзіш у вочы чалавеку, а там няма нічога. І вельмі страшна, калі там ёсць два пытанні: «За што?» і «Як жыць далей?».
Першы баявы, які я лічу, што гэта баявы – гэта быў канец траўня, калі мы былі ў штурме з Мікалаеўскай вобласці на Херсонскую. Мы штурмавалі сяло. Тады быў жывы мой камандзір «Брэст», рота цяжкага ўбраення, да якой я патрапіў. Вельмі рады лёсу, што пазнаёміўся з такім чалавекам. «Брэст» вельмі натхняў, вельмі мужны быў чалавек. Ён кіраваў тады намі. І мы пешкі прайшлі даволі шмат. Потым уброд раку. Дайшлі да іх пазіцыяў і захапілі гэтыя пазіцыі і яшчэ ўзялі і палонных.
Вось гэта быў першы штурм. Страшна было, калі сядзелі ў акопах пад абстрэлам. То бок, мы зайшлі ўжо на тэрыторыю акупаваную, вызвалілі яе, узялі палонных, і ўсё што ў іх (расійцаў) было, проста пачало ляцець у нас. Гэта і бронетэхніка абстрэльвала, гэта і авіяцыя, гэта была і артылерыя. І вось ляжыш у акопе – я шчыра скажу, тады было першы раз так страшна. Вось гэтае звычайнае чалавечае пачуццё страху: што я тут раблю?
І я сам сабе пачаў тлумачць: сорам і віну трэба змываць кроўю, Беларусь трэба вызваляць, такі шанец ёсць адзін раз на ўсё жыццё, праз вызваленне Украіны будзе вызваленая Беларусь, за тыя ахвяры, якія ўжо панеслі, трэба помсціць, трэба супыняць гэтага вар’ята, гэтае сусветнае зло, у Беларусі палітвязні нашмат горш сябе адчуваюць у турмах. І гэта ўсё ў сукупнасці дало моцы трымацца. Мы выканалі сваю задачу, адступілі, і гэта быў першы баявы.
Потым працавалі на гуляйпольскім накірунку. Таксама былі кепскія рэчы, траплялі пад абстрэл, неслі страты. І вось зімой стялі ў Бахмуце яшчэ, потым, адсунуліся трохі, пад Бахмутам. І працаваў я ў мінамётным разліку – 120-ы мінамёт, вельмі якасная рэч. Яна вельмі добра робіць «харошых рускіх», якія ляжаць у пакеце і нікому ўжо ніякага злачынста не робяць.
— Існуе спадзяванне на Полк Каліноўскага і іншыя тыя беларускія падраздзяленні, якія зараз ваююць ва Украіне. Што Україна пераможа Расію, гэтыя падраздзяленні з усімі сваімі мінамётамі, якімі яны зараз ваююць ва Украіне, аўтаматамі пойдуць і вызваляць Беларусь. Ці верыце Вы ў гэтыя спадзяванні?
— Мы ўсе разам паглядзім як яно будзе. Тое, што Украіна пераможа Расію – гэта факт. Па прастой прычыне – матывацыя. Украінцы стаяць за свой дом. Беларусы, якія сюды прыязджаюць, яны вераць у тое, што Беларусь будзе вольная.
Так, калі будзе Беларусь вызваляцца, зразумела, што дабраахвотнікі будуць вяртацца дамоў. Ужо з тымі вайсковымі ведамі, якія яны тут атрымалі ў сапраўднай вайне, з той зброяй, якая ў іх ёсць. Але галоўны фактар – гэта, каб беларусы ў Беларусі хацелі той волі. Тое, што нам патрэбна ўсім – гэта ўзяць адказнасць за свабоду. Яна проста так не даецца. Мы ні разу гэтую свабоду не адстаялі. Мы не ведаем, якімі ахвярамі, якой крывёй яна здабываецца. Толькі па падручніках, толькі па гэтых паўстаннях, войнах нашых продкаў.
На сённяшні дзень, у нас ёсць гістарычны шанец адстаяць, узяць адказнасць за свабоду і здабыць яе. А вось яна будзе здабывацца крывёй. І вось, калі людзі ў Беларусі зразумеюць – я кажу зараз пра большую колькасць, не тых, хто ўжо выходзіў, хто данаціць, валанцёрыць і хоць чымсьці займаецца для агульнай перамогі, але менавіта пра тых, якіх большая колькасць, якія чакаюць, што будуць змены, альбо не будуць і іх усё задавальняе – толькі разам, толькі, калі мы ўсе навалімся і беларусы ў Беларусі. Гэта могуць быць і пратэсты, гэта могуць быць і страйкі, каб заводы сталі. Нічога ж рабіць не трэба: проста сядзі дома. Калі ты баішся – сядзь і нічога не рабі. Прыйдуць мужныя, прыйдуць смелыя, якія табе дапамогуць. Баішся браць зброю – бяры бінты, бяры ваду, дапамагай ваярам.
Толькі разам, адзіным кулаком мы вызвалім Беларусь і зробім будучыню хаця бы не дзеля сябе, тых, хто ўжо пажыў, хто ўжо ва ўзросце, а для новага пакалення, для сваіх дзяцей, мы пакінем новую Беларусь, дзе слова «вайна» будзе толькі ў падручніках. А не так, як зараз украінскія дзеці пачынаюць свае ўрокі з бамбасховішчаў.
— Вы спрабуеце інфармацыйна даносіць да беларусаў пэўныя мэсэджы. Пра што Вы гаворыце з тымі, хто Вас глядзіць?
У мяне ёсць youtube-канал Лахвіч. Я вяду Інстаграм Лахвіч. На маю думку, інфармацыйны фронт важны таксама. На звычайным фронце я мінамётнік. Там мы выконваем свае абавязкі, свае задачы. Але вайна скончыцца ў любым выпадку. Людзі застануцца. І вось у сваіх сацсетках я распавядаю пра тое, хто мы, адкуль мы пайшлі, хто наш вораг, хто наш сябар, проста праводжу аналіз таго, што адбываецца.
Ёсць два крокі, каб нам хутчэй прыйсці да перамогі. Першы: Расія – гэта вораг. Так – большая колькасць беларусаў выхоўвалася на расійскай мове, нам удзёўбвалі, што гэта браты, мы чулі яе і дома, і ў школе, і проста на вуліцы. Але трэба прыняць тое, што Расія – гэта вораг. І з 2022 года я бачу, што маска сарваная, што вось гэты вар’ят паказаў свой сапраўдны твар.
Другі крок, як нам хутчэй прыйсці да перамогі – гэта не ганьбіць адзін аднаго. Мы розныя, у нас ёсць розныя меркаванні, але давайце выказвацца, чуць адзін аднаго. Салідарнасць нам дапаможа. Калі мы будзем адзін аднаму дапамагаць, усё ў нас атрымаецца. Ёсць прыхільнікі Святланы Георгіеўны, ёсць прыхільнікі Зянона Станіслававіча. Ёсць розныя накірункі, але адна акупаваная Радзіма. Спадарства, давайце, калі ласка, сканцэнтруемся на тым, што Беларусь у нас адна, так, як і адна наперадзе Перамога, да якой нам трэба зрабіць яшчэ доўгі шлях!
Цалкам размову з Алесем Лахвічам слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.