Данііл Аленіус – беларускі блогер, аўтар youtube-канала пра ўрбаністыку Danelius, вось ужо 8 месяцаў ваюе супраць расійскіх захопнікаў ва Украіне ў складзе Палка імя Кастуся Каліноўскага з пазыўным «Фін». Данііл падзяліўся з радыё Ўнэт не толькі сваёй гісторыя, але і сваімі думкамі наконт ваеннай урбаністыкі.
— 24 лютага 2022 года я сустрэў у Варшаве. Да 2-й ці 3-й гадзіны ночы не спаў, бо адсочваў тэму і разумеў, што напэўна, усё ж, паўнамаштабнае ўварванне пачнецца. Потым трошкі заснуў, а дзесьці гадзінкі праз паўтары прачнуўся і ўжо даведаўся пра пачатак уварвання.
Потым два мае добрыя сябры хацелі патрапіць ва Украіну, каб удзельнічаць у баявых дзеяннях. На той момант яшчэ не было вядома ні пра полк Каліноўскага, ні пра батальён, ні пра беларускую роту. На той момант было абвешчана толькі пра стварэнне замежнага легіёну. Мы хадзілі ў консульства Украіны і прабівалі ўсе магчымыя шляхі.
Потым мае сябры паспяхова паехалі да каліноўцаў. Я дапамагаў у меру сваіх магчымасцяў уцекачам. На той момант у мяне былі даволі складаныя абставіны жыцця ў Варшаве.
— Калі і чаму ты вырашыў таксама прыняць удзел у вайне і паехаць ва Украіну?
— У прынцыпе, такія думкі былі ад пачатку. Адзінае, мяне ўтрымліваў такі момант, што я думаў, што паступлю ва ўніверсітэт, што тычыцца ўрбаністыкі – гэта справа, якой я займаюся даўно і шмат гадоў мару адвучыцца. Я думаў, што прынясу карысць Украіне ўжо на адбудове. Але ў мяне не атрымалася паступіць у 2022 годзе і праз нейкі час мяне ўжо нічога ў Варшаве не трымала.
У кастрычніку я падаў зяўку ў бот і з гэтага моманту я аніводнае секунды не шкадаваў пра сваё рашэнне. Я займаюся менавіта той справай, якой патрэбна займацца, і мне падаецца, нідзе я больш не патрэбен зараз, як тут.
Па большай частцы ад пачатку я займаюся налаштоўваннем сувязі, электронным абсталяваннем. Ад добра наладжанай сувязі вельмі залежыць ваенная справа. Я ў гэтым трошкі прасунуўся, хаця ў мяне не было адпаведнай спецыяльнасці.
— Якою ты пабачыў Украіну і вайну, калі прыехаў пасля падрыхтоўкі?
— Калі я быў апошні раз да 2022 года ў Кіеве, мне здавалася, што краіна змянялася на лепшы бок. Я бачыў, як развіваліся гарады. Калі я прыехаў у лістападзе ва Украіну, я акурат патрапіў падчас блэк-аўту, калі не было святла, калі Кіеў яшчэ быў напалову такі пустынны, на маю думку, нават у параўнанні з тым, як зараз.
Потым да гэтых момантаў жыцця краіны падчас вайны прызвычайваешся – да паветраных трывог, да адключэння святла і гэтак далей. Мяне вельмі ўражвала наколькі ўкраінцы ў такіх абставінах паводзяць сябе спакойна. У іх вельмі наладжана такая гарызантальная камунікацыя паміж людзьмі.
Мне даводзілася бываць у гарадах, якія былі не толькі пад артылерыйскім, але і пад мінамётным – больш блізкім, паражэннем. Самае вялікае ўражанне ў мяне было ад таго, калі мясцовыя жыхары з’яўляліся там, дзе, здавалася б, ужо ўсіх эвакуявалі. Былі людзі, якія адмаўляліся ад эвакуацыі, нават у тых месцах, дзе ўжо развальваліся шматпавярховікі.
Асабліва ў мяне не было магчымасці размаўляць з такімі людзьмі. Я чуў пра тое, што і нашыя пабрацімы намагаліся паразмаўляць і эвакуяваць. Але, бывае, ці гэтыя людзі знаходзяцца пад уплывам, магчыма, прапаганды і думаюць, што расійцы ім нічога благога не зробяць. Ёсць такія людзі, на жаль. Ёсць людзі, якія проста ўжо ў сталым веку і ім псіхалагічна вельмі цяжка пакінуць гэтыя свае хаты.
— З гледзішча ўрбаніста, калі ты бачыш гэтыя зруйнаваныя гарады, якія ў цябе з’яўляюцца думкі?
— Думкі розныя. З аднаго боку, вельмі шкада бачыць зруйнаваныя гарады. Напрыклад, той жа Бахмут вельмі добра спланаваны, сама сетка вуліц, сама ідэя горада. З іншага боку, як урбаніст часта думаеш пра планаванне горада, тых жа маставых пераходаў. І гэтыя веды планавання горада дапамагаюць разумець, як могуць ісці баявыя дзеянні ў горадзе.
Я вельмі часта думаю, што будзе пасля вайны, пасля перамогі. Так, мы атрымліваем вялікі рэгіён са значнымі праблемамі. Але рэч у тым, што там знішчаная якраз такая савецкая, хрушчоўская панэльная архітэктура. І, калі аднаўляць, то ёсць магчымасць зрабіць усё інакш, усё паводле еўрапейскай забудовы.
Я тэму ўрбаністыкі і архітэктуры не губляю. Я зараз самаразвіваюся. А пасля перамогі, магчыма, змагу атрымаць архітэктурна-горадабудаўнічую адукацыю, у тым ліку ва Украіне. Я зараз пра гэта шмат даведваюся.
Спадзяюся, што мы зможам файна адбудаваць гэтыя гарады. І яны будуць нагадваць не толькі пра жахі вайны, але і пра перамогу.
Маё меркаванне, што краіна, якая жыве побач з такім суседам, не важна ў якім стане знаходзіцца гэты сусед, які ў яго ўрад, павінна заўсёды разлічваць на імавернасць агрэсіі. І гэта не толькі горадабудаўнічыя тэмы: дамы з бомбасховішчамі – гэта дакладна, проста паводле стандартаў мусіць быць, як гэта ў Ізраілі. Але і датычна інжынерных інфрастуктурных пабудоў – мастоў, тунэляў.
Датычыцца гэта таксама адукацыі. Каб усе людзі ведалі пра мінную бяспеку, пра тое, як абыходзіцца са зброяй, пра тактычную медыцыну. Гэта справа Украіны, але я буду вельмі рады, калі б і ва Украіне, і ў Беларусі пасля перамогі ўсе грамадзяне ведалі, што побач вораг і заўсёды трэба трымаць сябе ў тонусе.
— Наколькі рэальна сіламі Палка Каліноўскага і іншых збольшага беларускіх падраздзяленняў, якія зараз ваююць на баку Украіны, паўдзельнічаць у вызваленні Беларусі і ад дыктатуры і ад такога нахабнага ўваходжання туды Расіі?
— Канешне, я ехаў сюды не толькі дзеля перамогі Украіны. Ад перамогі Украіны залежыць і наша перамога. Але без актыўнай працы грамадзянскай супольнасці Беларусі, без актыўнай пазіцыі беларускіх ваяроў ва Украіне, немагчыма, каб само сабой штосьці знікла ў Беларусі.
Мы робім усё магчымае. Я давяраю тым хлопцам, з якімі я ваюю. Я давяраю і тым людзям, якія робяць у нас шмат чаго. І ў мяне няма нейкіх думак: а можа так, а можа сяк. Я веру, што Беларусь будзе вольнай, у тым ліку, дзякуючы нам.
Comments are closed.