Ва Украіне пачынае працу рэабілітацыйны цэнтр «Ланка» для аднаўлення ветэранаў вайны і тых, хто зараз абараняе краіну ў войску. Пра тое, хто з’яўляецца мэтавай групай рэабілітацыйнага цэнтра, на якой стадыі фармавання ён зараз знаходзіцца і як туды звярнуцца, радыё Ўнэт распавяла кіраўніца Рэабілітацыйнага цэнтра «Ланка» Таццяна Гацура-Яворская.
Людзі вельмі часта ўяўляюць сабе рэабілітацыйны цэнтр толькі як медычную ўстанову. Але насамрэч, медыцына – гэта толькі частка рэабілітацыі чалавека. То бок, рэабілітацыя – гэта, калі чалавек вяртаецца ў грамадства паўнавартасным удзельнікам. І фізічнае здароўе – гэта толькі частка.
Таму ў нас у цэнтры будзе аказвацца комплекс паслуг. Гэта і медыцынская частка, гэта і псіхалагічная частка, а таксама і юрыдычная дапамога тым, каму гэта патрэбуецца, і сацыялізацыя. Калі мы кажам пра сацыялізацыю, то хутчэй мы маем на ўвазе іншаземцаў. Таму што ў іншаземцаў пасля разрыву кантракту, альбо нават, калі яны параненыя, у іх ёсць праблемы, у адрозненне ад грамадзян Украіны. Таму што, па-першае, яны не грамадзяне, а па-другое, у іх няма столькі сацыяльных сувязей, колькі ёсць у людзей, якія тут нарадзіліся і жылі.
Нельга сказаць, што наш праект ужо адбудаваўся. Ён яшчэ ў працэсе. У такіх праектах вельмі важна, каб і каманда была зладжаная, і працэсы былі наладжаныя. А гэта ўсё ўжо будзе адбывацца, калі ў нас з’явяцца першыя кліенты. Зараз мы на этапе падрыхтоўкі. У нас ёсць спецыялісты – лекары, невялічкая каманда людзей. І ў прынцыпе, мы ўжо падыходзім да таго, каб узяць у цэнтр першых кліентаў. У нас ёсць ужо два кандыдаты – адзін беларус і адзін украінец, якія хацелі б да нас трапіць.
Адзінае, што, усё ж-такі, пакуль што няма ўпэўненсці, што тая падтрымка, якую мы атрымалі ў гэтым месяцы, працягнецца ў наступным. Таму мы распрацавалі такую сістэму падпіскі, каб людзі падпісваліся на ахвяраванні і такім чынам мы можам дакладна ведаць колькі ў месяц у нас ёсць грошай і згодна з гэтым бюджэтам будаваць нашы планы. Ну і як бы мінімальны такі парог – гэта тры тысячы еўра. Гэта грошы, каб цэнтр адкрыўся і працаваў, можна сказаць, у палову сваіх магчымасцяў.
На гэтым этапе нам патрэбна ў першую чаргу фінансавая дапамога проста каб мы адкрыліся. У далейшым, калі ў нас будуць кліенты, мы вельмі зацікаўленыя ў валанцёрах, якія б маглі для нашых кліентаў чытаць лекцыі, рабіць моўныя заняткі. Нават была цікавая прапанова ад аднаго беларуса, што было б добра вывучаць украінскую мову таксама. Таму мы будзем шукаць валантэраў, якія б маглі ан-лайн, дыстанцыйна дапамагаць нашаму цэнтру. А таксама прадугледжана вахтавая праца ў нашым цэнтры, калі могуць прыязджаць беларусы, якія жывуць у іншых краінах, на месяц ці два і дапамагаць нам утрымліваць дом, займацца кліентамі.
Мы знаходзімся пад Кіевам, гэта недалёка ад Кіева прыватны будынак, які мы арэндавалі. Ну а звяртацца – то ў нас на сайце ёсць раздзел «Рэбцэнтр “Ланка”», там ёсць форма анкеты, якую можна запоўніць, каб з намі звязацца.
Цалкам размову з Таццянай Гацурай-Яворскай слухайце ў плэеры ніжэй:
Comments are closed.