Loading

Урачыстае мерапрыемства з гэтай нагоды прайшло ў Музеі Вольнай Беларусі. Кожны першакласнік атрымаў у гэты дзень сімвалічны ключык да ведаў.

Як распавяла радыё Ўнэт намесніца дырэктар Юлія Букштановіч, школа была створаная, каб даць дзеткам беларускі кампанент ведаў, якога ім не хапае ў школах за мяжой.

«Беларуская школа ў Варшаве прапануе заняткі па так званым «беларускім кампаненце». Гэта беларуская мова, беларуская літаратура, гісторыя Беларусі, мастацтва. То бок тыя прадметы, якіх няма ў замежных школах. А таксама па запыце бацькоў ці дзяцей магчымыя дадатковыя кансультацыі па іншых прадметах на беларускай мове».

Школа працуе як у фармаце афлайн, так і анлайн, каб ахапіць не толькі дзетак у Варшаве ці Польшчы, а па ўсім свеце. Пры гэтым стваральнікі працуюць над пашырэннем сваіх філіяў. Ужо сёння акрамя Варшавы такая форма навучання даступная ў Беластоку, Кракаве і Гданьску.

Як кажа спадарыня Юлія, школа ўжо атрымала больш за 400 заяваў на навучанне. Беларускія дзеці за мяжой насамрэч цягнуцца менавіта да вывучэння родных мовы, гісторыі і культуры. Некаторыя з іх, нават знаходзячыся на іншым кантыненце, гатовыя ўначы далучацца да заняткаў.

«Вось літаральна ўчора мама з іншага кантыненту напісала, што дзяўчынка гатовая падымацца а другой гадзіне ўначы, каб вывучаць гісторыю. Гэта вельмі натхняе. Такія водгукі, такія каментары, яны, вядома, дапамагаюць захоўваць веру ў тое, што ўсё будзе добра, што мы робім патрэбную справу, што ёсць запыт».

У гэтым годзе настаўнікі зробяць усе магчымае, каб нягледзячы на вымушаную эміграцыю, дзеці працягвалі з гонарам называць сябе беларусамі. Яны заклікаюць усіх бацькоў далучацца да беларускай школы.

Comments are closed.