Loading

Рух Беларускай салідарнасці і Каардынацыйная Рада актывізуюць кампанію па зборы подпісаў за змены ў польскае заканадаўства, якія б дазволілі дзецям з беларускай дыяспары вывучаць родную мову нараўне з прадстаўнікамі беларускай меншасці. Колькасць сабраных подпісаў набліжаецца да 1400, а штуршком для актывізацыі кампаніі стала заканчэнне выбараў у парламент Польшчы, распавёў адзін з заснавальнікаў арганізацыі Віталь Рымашэўскі, з якім паразмаўляў наш карэспандэнт Уладзімір Лапцэвіч.

Ініцыятары кампаніі хочуць, каб польскія парламентарыі змянілі закон «Пра нацыянальныя і этнічныя меншасці і рэгіянальныя мовы». У цяперашняй рэдакцыі мова меншасці – гэта мова, якая традыцыйна выкарыстоўваецца на тэрыторыі дадзенай дзяржавы яе грамадзянамі, якія складаюць меншую колькасную групу ад іншых народаў, якія насяляюць яе. Гэта значыць, што польская дзяржава абавязана прадаставіць магчымасць вывучаць мову меншасці толькі сваім грамадзянам, зразумела пры іх жаданні.

На думку прадстаўнікоў Руху Беларускай салідарнасці, заканадаўчае разуменне паняцця нацыянальная меншасць трэба пашырыць і на тых, хто можа не быць польскім грамадзянінам, але знаходзіцца ў Польшчы легальна, мае від на жыхарства.

Ініцыятыва адпаведнага звароту ў польскія органы ўлады ўзнікла яшчэ ўлетку, калі прадстаўнікі Руху і Каардынацыйнай рады наведвалі розныя гарады ў Польшчы, дзе сустракаліся з беларускай дыяспарай, кажа Віталь Рымашэўскі.

— Выявілася, што ёсць сур’ёзная праблема, хіба ў польскім заканадаўстве, калі беларускія дзеткі тых бацькоў, якія маюць сталы побыт, жывуць тут увесь час, але не маюць пакуль польскага грамадзянства, мы ведаем, што гэта доўгі працэс, пазбаўлены магчымасці скарыстацца з польскага закона аб нацыянальных меншасцях. Беларускія дзеткі, бацькі якіх маюць польскае грамадзянства, могуць мець дадатковыя заняткі па беларускай мове, літаратуры, гісторыі ў кожнай польскай школе. Мы зараз будзем прапаноўваць польскаму ўраду, польскім палітыкам змяніць гэтае заканадаўства такім чынам, каб беларускія дзеткі атрымалі доступ да дадатковых урокаў, каб можна было пасля вярнуцца і інтэгравацца ў беларускую сістэму адукацыі.

На сустрэчах з сенатарамі польскімі, парламентарамі, яны падтрымліваюць гэта. Будзем працаваць з польскім урадам пасля таго, як ён сфармуецца. Я заклікаю ўсіх беларусаў далучацца да гэтай кампаніі. Можна падпісаць петыцыю. На lixtar.media, гэта медыя для беларускай дыяспары, якраз праводзіцца гэта кампанія. Можна і анлайн падпісвацца, і афлайн. Гэта тое нямногае, што мы можам зрабіць для пашырэння беларускай культуры, захавання беларускай культуры. Справа вельмі годная, далучайцеся!

— Каля трох-чатырох месяцаў вядзецца збор подпісаў?

— Мы не пачыналі такую шырокую кампанію, мы яе вялі пры нагодзе, скажам так. Людзям, якія наведвалі мерапрыемствы Руху беларускай салідарнасці, прапаноўвалі падпісвацца і яны ахвотна ставілі подпісы. І такая паўнамасштабная кампанія была запланавана пасля польскіх выбараў, якія зараз адбыліся. Таму цяпер ёсць сэнс праводзіць такую паўнамасштабную кампанію. Мы таксама пераклалі падпісны аркуш на польскую мову, таму што сярод палякаў ёсць тыя, хто прыхільна ставіцца і ставіць подпісы ў нашу падтрымку.

Тут варта нагадаць, што падобны збор подпісаў пад аналагічнай петыцыяй летась меў месца ў Беластоку. Ініцыятаркай тады стала настаўніца беларускай мовы і літаратуры з Мінска Ганна Дар. Было сабрана больш за 40 заяў беларускіх эмігрантаў з просьбай да мясцовых улад выкладаць для іх дзяцей беларускую мову таксама як для дзяцей меншасці. Пазітыўнага для падпісантаў рашэння тады прынята не было.

«Мы ведаем пра гэтую кампанію. Гэта годная ініцыятыва была, але на жаль там подпісы збіраліся толькі афлайн, гэта значыць уласнаручна можна было падпісаць, і наколькі я ведаю, там зусім маленькая колькасць подпісаў была сабрана. Яна мела на мэце такое лакальнае вырашэнне пытання. Тут мы хочам звярнуцца да польскіх уладаў на самым высокім узроўні – да Сейму, да Сенату, да міністэрстваў польскіх. І гэта прынясе свой плён у любым разе, таму што гэта дазволіць узняць праблему навучання беларусаў беларускай мове і прадметам, якія звязаныя з Беларуссю. У любым разе гэта трэба рабіць і я спадзяюся на станоўчы вынік».

Comments are closed.