Loading

Скарга на нежаданне Падляшскага куратара асветы захоўваць беларускамоўнасць у двух ліцэях у Гайнаўцы і Бельску накіравана міністру адукацыі і навукі Польшчы. Яе ад імя 17 арганізацый беларускай меншасці падпісаў старшыня Беларускага саюзу ў Рэчы Паспалітай Яўген Вапа.

Пагроза захаванню беларускамоўнасці ліцэяў у Гайнаўцы і Бельску-Падляшскім узнікла толькі летась, калі некаторыя бацькі заявілі аб нежаданні, каб іх дзеці вывучалі там беларускую мову, а потым і здавалі па ёй выпускны іспыт. У сваю чаргу іх падтрымалі і ваяводскія адукацыйныя ўлады, спасылаючыся на закон аб сістэме асветы ад 1991 года і распараджэнне міністра адукацыі ад 18 жніўня 2017 года. Яны спасылаюцца на дабраахвотнасць у выбары вывучэння мовы нацыянальнай меншасці. Менавіта з гэтым ніяк не згодны беларускія арганізацыі, якія справядліва ўказваюць, што не вывучэнне беларускай мовы і адпаведна адсутнасць іспыту па ёй ставіць крыж на беларускамоўнасці ліцэяў.

За мінулы перыяд сітуацыя ніякім чынам не вырашалася, а наадварот – узмацнялася канфліктнасць. Новым яе вітком можна лічыць адказ, які 27 верасня дала па адпаведнай праблеме дырэктару Гайнаўскага ліцэя Ігару Лукашуку Падляшскі куратар асветы Беата Петрушка. Яна зноў спасылаецца на ўзгаданыя вышэй прадпісанні, якія кажуць, што бацькі вучня альбо паўналетні вучань могуць падаць заяву аб адмове ад вывучэння мовы нацыянальнай меншасці. І такая заява раўназначна спыненню ўдзела вучня ў вывучэнні мовы меншасці, вывучэнні рэгіянальнай мовы і вывучэнні ўласнай гісторыі.

Арганізацыі беларускай меншасці цяпер падалі скаргу на імя міністра адукацыі і навукі Пшэмыслава Чэрнэка. Да яе далучылі і сабраныя больш за дзве тысячы подпісаў пад петыцыяй аб захаванні статусу ліцэяў. У скарзе за подпісам Яўгена Вапы, у прыватнасці, указваецца, што ў выніку адмовы ад вывучэння беларускай мовы і здачы іспыту па ёй, абодва ліцэі страцяць сваю спецыфіку і не будуць выконваць тыя адукацыйна-выхаваўчыя задачы, якія запісаны як абавязковыя ў іх статутах. Улічваючы, што ўжо больш за год ідзе супрацьстаянне з ваяводскай кураторыяй асветы, радыё Ўнэт запыталася ў спадара Яўгена, ці можа даць станоўчы вынік гэтая скарга.

«Скарга ў дэмакратычнай дзяржаве ёсць элементам нармальнага працэсу паміж двума бакамі, якія паміж сабой не пагаджаюцца. І менавіта наша справа беларускай меншасці зараз у калізіі з інтэрпрэтацыяй закону, якую хоча навязаць Кураторыя асветы, спасылаючыся на інтэрпрэтацыі міністэрства. Мы лічым, што гэтыя інтэрпрэтацыі зыходзяць з пазіцыі не толькі памылкі юрыдычнай, але за імі стаіць ахвота разбурыць традыцыі накопленага за звыш 80 гадоў існавання беларускага школьніцтва на Беласточчыне. Рада Гайнаўскага павета цалкам падтрымала дырэктара ліцэя і не пагаджаецца таксама з Кураторыяй. Значыць, мясцовы самаўрад за школу.

Мы ўваходзім у доўгі працэс, які пачынаецца скаргай да міністра. Потым, калі мы не пагаджаемся, будуць судовыя разгляды. І такім чынам трэба дайсці да міжнародных судовых разбіральніцтваў. Мы мусім трымацца добра спланаванага плану юрыдычных дзеянняў, каб быць у згодзе з усімі дэмакратычнымі працэдурамі».

Варта нагадаць, што ў чэрвені падчас «Свята беларускай культуры» старшыня Беларускага грамадска-культурнага таварыства Васіль Сегень адзначаў пагаршэнне стаўлення да беларускай меншасці з боку органаў улады. «Нам як бы рыкашэтам дастаецца за тое, як улады Беларусі ставяцца да вайны ва Украіне і наогул да дэмакратыі. Мы, беларусы, адчуваем гэта таксама ў адносінах перш за ўсё мясцовых самаўпраў, уладаў», – казаў ён. Яўген Вапа мае тут крыху іншы пункт погляду. Ён лічыць, што няма сувязі пачатку расійска-ўкраінскай вайны са стаўленнем да беларускай меншасці ў Польшчы.

Comments are closed.