Loading

Папярэднія вынікі выбараў у польскі парламент не выклікаюць нейкіх негатыўных чаканняў у прадстаўнікоў беларускай меншасці ў Падляшскім ваяводстве. Мясцовыя беларусы з большага пазітыўна настроены на далейшае жыццё.

Згодна з папярэднімі данымі галасавання на Падляшшчы правячая партыя «Права і справядлівасць» мае перавагу над іншымі ўдзельнікамі палітычнага працэсу. Але гэта не значыць, што мясцовыя беларусы не галасавалі за апазіцыю.

«Я вельмі хацела, каб выйгралі апазіцыйныя партыі», – кажа настаўніца беларускай мовы з пачатковай школы №4 ў Беластоку Аліна Ваўранюк.

— За апошнія пару гадоў такія пайшлі сваркі між тымі, ў чыіх руках была ўлада, і апазіцыяй, што ў гэтых выбарах мела быць толькі адно – каб тыя, хто кіраваў нашай краінай, прайгралі. А хто выйграе? Галоўнае, каб апазіцыя. І для мяне гэта вельмі важна, і мушу шчыра сказаць, што вельмі мяне гэта цешыць.

— На што Вы спадзяецеся, калі кажаце «хачу, каб выйграла апзіцыя»?

— На тое, што нарэшце будзе можна, так сказаць, свабодна дыхаць у гэтай краіне. Я адчувала, што у мяне забіраюць мае свабоды. Мяне вельмі нервуе сітуацыя на мяжы. Я лічу, што кожны чалавек і кожны, хто ўцякае са сваёй краіны, гэта ў першую чаргу чалавек. А тое, што адбылося на мяжы – падзел на добрых уцекачоў і дрэнных уцекачоў… Я разумею, палітыка ёсць палітыка, але людзі ніколі не ўцякаюць ад добрага. Мне балела, што і беларусы дзялілі ўцекачоў на лепшых і горшых. А гэта проста людзі, і людзям трэба дапамагаць. Таму спадзяюся, што хоць крыху сітуацыя зменіцца.

Гэтыя выбары ў многім вельмі важныя для жыцця Польшчы, кажа старшыня Беларускага грамадска-культурнага таварыства Васіль Сегень, адзначаючы, што, магчыма, улада ў Польшчы памяняецца ў лепшы бок.

— Калі браць у масштабе краіны, то, канешне, ёсць вялікі шанец на тое, што ўлада ў Польшчы памяняецца, што ПіС ці гэтая кааліцыя правых будзе ў апазіцыі, а ўладу возьмуць тыя, хто сябе называе дэмакратычнай апазіцыяй. Для мяне гэта надзея на тое, што ў Польшчы зменяцца стандарты публічнага жыцця, грамадскага жыцця. Хопіць ужо гэтай, як гавораць многія, вайны палякаў з палякамі, ўнутранай разбітасці грамадства на два лагеры, якія супрацьстаяць адзін аднаму вельмі варожа. Думаю, вынікі выбараў паказалі, што большая, значная частка грамадства змучаная ўжо такой палітыкай і такім супрацьстаяннем, вульгарным вельмі часта, непрыстойным для людзей, якія займаюць высокія публічныя пасады. Таму я звязваю з гэтым надзею на вяртанне нармальнасці, нармальнага публічнага жыцця і, канешне, таго, што жыццё наша будзе паляпшацца.

Не бачыць прычын змены стаўлення да беларусаў з боку польскай улады, не залежна ад таго, якая партыя атрымае больш галасоў, праграмны дырэктар Радыё «Рацыя» Юрка Ляшчынскі. Правы беларускай меншасці, паводле яго, цалкам забяспечаны, і ніякага пагаршэння ў гэтай сферы не будзе. У той жа час беларуская дыяспара можа лічыць на яшчэ больш прыхільнае стаўленне да сябе.

— Я думаю, што стаўленне да беларусаў не зменіцца хоць бы з той прычыны, што нашы правы як нацыянальнай меншасці забяспечаны законам пра нацыянальныя меншасці, а таксама еўрапейскімі законамі, канвенцыяй Рады Еўропы. Так што тут нічога не памяняецца. Ну можа датацыі, фінансаванне будзе крышку большае альбо крышку меншае. Хоць змена да лепшага прыдалася б, але змены да горшага, напэўна, не будзе.

Адносна беларускай дыяспары сітуацыя можа трошку інакш выглядаць. Тая апазіцыя, якая ёсць патэнцыйным пераможцам у выбарах, можа мець крышку іншыя адносіны да беларускай дыяспары. Яны больш прыхільныя, можна так сказаць, але неабавязкова. Тут ёсць яшчэ справа эканамічная ў Польшчы, бо вядома, што польскае грамадства старэе, і трэба каб папаўнялі гэтае грамадства, асабліва працоўную сілу, новыя людзі… Таму будзе як ёсць альбо будзе лепш. А калі б засталіся тыя, хто цяпер пры ўладзе, таксама можна было б сказаць, што будзе як ёсць альбо лепш.

Comments are closed.