Loading

Каля трыццаці чалавек выйшлі 23 красавіка да Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Беластоку, каб паказаць, што ахвяры аварыі на Чарнобыльскай АЭС не забыты. Таксама мітынгоўцы выступілі супраць размяшчэння на беларускай тэрыторыі ядзернай зброі і наўпрост акрэслівалі Расію галоўным ворагам Беларусі.

Акцыю, прымеркаваную да чарговай, 37-ай, гадавіны самай жудаснай тэхнагеннай катастрофы, якая ў большай ступені закранула Беларусь, распачаў і вёў актывіст беларускай дыяспары Беластоку Ян Абадоўскі. Падчас яго выступлення прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання памяць ахвяр Чарнобыля. Таксама ён абазначыў і другую мэту правядзення акцыі – пратэст супраць размяшчэння расійскай ядзернай зброі на беларускай тэрыторыі.

Пра тое, што пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС рух радыёактыўных хмар, якія перамяшчаліся ў бок Масквы, быў спынены і яны выліліся дажджом над тэрыторыяй Беларусі, узгадвалі і іншыя выступоўцы. Адзін з іх назваў такія дзеянні генацыдам беларускага народа, які быў здзейснены ў інтарэсах Расіі. А сёння ў яе ж інтарэсах на тэрыторыю Беларусі прасоўваецца ядзерная зброя, якая робіць беларусаў мішэнню для ўдару ў адказ з боку іншых краін. Ён назваў падтрымку Расіяй прычынай таго, што рэжым Лукашэнкі дагэтуль захоўваецца ў Беларусі, дзе ўжо тысячы палітзняволеных. Менавіта Расія, па меркаванні выступоўцы, з’яўляецца галоўным ворагам беларусаў.

Тэму расійскага негатыўнага ўплыву на сітуацыю ў Беларусі працягнуў і актывіст з Гродна Сяргей Верамеенка.

«23 сакавіка 1985 года, трошкі больш чым за год да катастрофы Чарнобыльскай, Міхаіл Гарбачоў абвесціў у Савецкім Саюзе «перестройку», «гластность» і «демократию». Як мы бачым, тыя народы, якія хацелі і маглі гэтым скарыстацца, яны, безумоўна, скарысталіся. Расійскі народ гэтым не скарыстаўся. 23 красавіка 2007 года памёр Барыс Ельцын. Гэта быў хіба што апошні шанец для расійскай імперыі на дэмакратыю. Цяпер і Гарбачоў, і Ельцын знаходзяцца ў абсалютнай апале ў расійскім грамадстве, яны пакрытыя ганьбай. Людзі лічаць іх тымі, хто прынёс ім разруху, голад і холад, таму што яны прадаліся захаду і так далей. Расія не вытрымала ні першы, ні другі, ні трэці шанец, яшчэ адзін быў у 1917 годзе падчас Лютаўскай рэвалюцыі, не вытрымала экзамен на свабоду. Таму гэтай Расіі не павінна існаваць. Увесь час расійскія ўлады пад гучнае адабрэнне расійскага народа займаюцца толькі тым, што знішчаюць і эксплуатуюць тыя народы і тых людзей, якія знаходзяцца пад іх прыгнётам, і сваіх суседзяў. Таму я яшчэ раз вас, шаноўнае спадарства, заклікаю памятаць, дзе наш сапраўдны вораг, расказваць пра гэта сваім дзецям. Напамінаць у тым ліку пра Чарнобыльскую трагедыю, як ва ўгоду сваім дробным, а можа, не дробным памкненням, яны асаджвалі над Беларуссю радыёактыўныя аблокі», – распавеў Верамеенка.

Сяргей Верамеенка

Такім чынам, і тэма Чарнобыльскай катастрофы, з-за якой беларусы спазналі, якім страшэнным можа быць так званы мірны атам, і тэма планаў размяшчэння расійскай ядзернай зброі ў прамовах зліваліся ў адну – выразна антырасійскую.

Па словах магілёўца Аляксандра Каваленкі, ні ў Савецкім Саюзе, ні ў Расіі ніколі не казалі праўду народу.

Аляксандр Каваленка

Пры такім суседзе як Расія, для нас вельмі важна захаваць беларускасць, адзначыў у сваю чаргу журналіст Ігар Палынскі.

«Воляю лёсу ў нас аказаўся такі сусед – агрэсіўны, бязлітасны, дурны, той, які хоча абсалютна любымі намаганнямі сабраць вакол сябе, невядома навошта, землі, сілу. Атрымліваецца ў яго мы самі бачым як. Мы сёння назіраем, як расійскія войскі паводзяць сябе ва Украіне, што яны там робяць. Нават калі прыняць, што само па сабе немагчыма, гісторыю пра тое, што ідзе вайна, нават вайну яны не могуць весці па-чалавечы. І таму я да такой думкі прыйшоў: для таго, каб нам гэта ўсё перамагчы, самае галоўнае разумець, хто мы і для чаго нам гэта ўсё. Нам трэба памятаць, што мы беларусы. І што гэта не проста слова, якое нас там нейкім чынам вызначае, а што гэта місія і абавязак. Абавязак заставацца людзьмі, абавязак заставацца беларусамі, абавязак слухаць беларускую музыку, чытаць беларускія кніжкі, хадзіць на беларускія імпрэзы. Тое, што зараз у Беларусі рабіць вельмі складана, мы мусім рабіць з вамі тут», – сказаў Палынскі.

Поўны рэпартаж слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.