Loading

Вайна застала беластоцкую блогерку Аляксандру Ханевіч у Ізраілі, куды яна прыехала пагасціць да сваіх сяброў. З-за адмены рэйсаў жанчына не змагла пакінуць краіну ў запланаваныя даты. Аляксандра вырашыла скарыстацца вымушанай затрымкай для дапамогі ізраільскім вайскоўцам.

Калі наш артыкул рыхтаваўся да публікацыі, стала вядома, што лагістычныя праблемы Аляксандры вырашыліся: Народная амбасада Беларусі ў Ізраілі, Асацыяцыя беларусаў Амерыкі і фонд I Need Help BY знайшлі білет для яе. Жанчына павінна вылецець у нядзелю.

Аляксандра Ханевіч сама з Гродна, там узначальвала мясцовую ветэранскую арганізацыю. У Беласток, дзе яна займаецца відэаблогерствам, яе вымусілі перабрацца рэпрэсіі і палітычны пераслед пасля пратэстаў 2020 года, бо Аляксандра была двойчы арыштаваная і сядзела ў турме. Акурат перад нападам тэрарыстаў на Ізраіль жанчына прыехала туды ў госці да сяброў: адпачыць і наведаць Ерусалім.

Вайну Аляксандра сустрэла ў Мадыіне, горадзе ў цэнтральнай частцы краіны паміж Ерусалімам і Тэль-Авівам. А ў мінулую нядзелю стала валанцёрам, дапамагаючы ізраільскай арміі.

— Тут вельмі шмат ізраільцян былі ў крамах, каб закупіць усё неабходнае для войска і павезці туды, дзе стаяць салдаты. Аляксандр, у якога я ў гасцях, таксама сказаў, што паедзе. Я папрасілася ўзяць мяне, сказала, што не баюся. Ну і мы паехалі разам. Закупіліся. У першай краме нам 20% зрабілі зніжку. Закуплялі шкарпэткі, «мыльна-рыльныя», ежу, якая доўга захоўваецца, пячэнне, каву, цукар, кансервы рыбныя, і паехалі.

Мне вельмі падабаецца Ізраіль, а цяпер яшчэ і людзі Ізраіля. Я паглядзела, якія яны згуртаваныя, як яны адно аднаго падтрымліваюць. У іх кожную суботу былі пратэсты супраць нейкай там судовай сістэмы. Але цяпер ніякіх пратэстаў няма. І левыя, і правыя – ўсе зараз разам.

— Як настроены салдаты?

— Салдаты настроены на перамогу. Тэрарысты хочуць знішчыць Ашкелон, а ізраільскія салдаты кажуць, што ў іх няма іншага выйсця як знішчыць Сектар Газа. Я размаўляла з адным салдатам і ён сказаў, што яны ідуць да канца.

— Як вы збіраецеся выехаць з Ізраіля, бо кажуць, што самалёты не лётаюць альбо лётаюць вельмі рэдка?

— Цяпер ужо не ведаю. Калі мы ездзілі да тых салдат, то патэлефанавалі з Народнай амбасады і сказалі, што мне будзе месца ў самалёце, хіба польскім. Пазней уначы прыйшла СМС-ка, каб усё было сабрана, быць на гатове, бо як будзе званок, то адразу выезд. Але больш ніхто не званіў. Там падключыўся і НАУ, але нешта не выходзіць. Не ведаю, як выеду…

— Хачу пажадаць, каб Вы хутчэй выбраліся адтуль і хутчэй прыляцелі ў Беласток. Пра Гродна пакуль што не кажу.

— Дзякуй. Мне тут паведамілі, што будзе самалёт на Мінск. Я сказала, не. Лепей памру на Святой Зямлі, чым палячу да Мінска. Пакуль тая ўлада будзе, няма там чаго рабіць.

Comments are closed.