Loading

 Беларуская палітычная эмігрантка Карына Пацёмкіна сустрэла вайну ў вядомым цяпер на ўвесь свет украінскім горадзе. Буча стала сапраўдным сімвалам стойкасці ўкраінскага народа супраць зверстваў расійскіх акупантаў, якія раней немагчыма было нават уявіць сабе ў ХХІ стагоддзі. Карына распавяла пра тое, як для яе пачалася вайна і сведкам чаго яна стала ў Бучы.

Асабісты архіў гераіні.

Сцісла ў размове:

Пачатак вайны

24-га раніцай, гадзін у 6 ці 5 пабудзілі суседзі па кватэры і сказалі, што пачалася вайна. Пабудзіла Таццяна і кажа, што трэба апрануцца, я кажу, што я апранутая, маўляў, сплю ў піжаме. А яна: «Ты не разумееш? У нас тут пачалася вайна».

Мы выйшлі на вуліцу недзе каля 12 гадзіны дня, бачылі, што ў небе ляцяць штурмавкі. Яны тады ляцелі на Гастомель, і мы ўжо чулі выбухі. Але выбухі тыя не былі ў Бучы, таму мы чулі такія як адгалоскі. Але было зразумела, што пачаліся сапраўдныя ваенныя дзеянні. То бок, у нас ужо ў той жа дзень дзесьці да абеду было гучна.

Асабісты архіў гераіні.
Акупацыя

Мы пражывалі ў «лясной Бучы» – гэта такі раён, бліжэй да Ірпеня. Але ад пачатку сакавіка я ўжо трапіла да рады мясцовай на гэты валанцёрскі цэнтр пайшла, і я перыядычна адтуль прыходзіла да той кватэры, дзе мы жылі. З таго, што я разумела, калі знаходзілася ў радзе, яны захоплівалі даволі хутка.

5 сакавіка, калі я спрабавала трапіць да рады, у нас ужо на чыгуначным пераездзе стаяў блок-пост. Я паспрабавала прайсці, але яны мне сказалі, што ісці туды нельга, там яны ўсё замінавалі. Я ўжо зразумела, што мы са свайго раёну не патрапім да цэнтра, калі пачнецца эвакуацыя. Не факт, што яны нас прапусцяць, не факт, што мы застанемся жывыя.

Я проста пайшла дамоў і людзям, з якімі жылі, сказала, што нам трэба збірацца і шукаць шлях, каб выходзіць. Атрымоўваецца, што яны за два тыдні занялі поўнасцю гэтую тэрыторыю.

Мы яшчэ ў пачатку сакавіка бачылі невялікую групку расійскіх салдат, якія ці заблукалі, ці што – прама пад вокнамі хадзілі і ехаў іхні БТР. А ў нас насупраць быў невялікі такі пралесак.

Я выйшла 8 сакавіка з Бучы, калі ў нас знік газ. То бок, у нас ужо не было святла, у нас ужо не было ацяплення і ў нас не было ніякай сувязі, і знік яшчэ і газ – яны разбамбілі гэтую газаразмеркавальную падстанцыю. Было зразумела, што нічога добрага чакаць не прыйдзецца.

У мяне на пляцоўцы жыў дзядуля – дзядзя Віця. Ён усю акупацыю адседзеў (у Бучы). І суседка зверху адседзела ўсю акупацыю. Пашанцавала, што ў нас недалёка ад дома быў бювет, у якім можна было пітную ваду набіраць, бо ў кватэрах вады ўжо не было. І вось яны проста збіраліся – дом, і суседні дом, распальвалі вогнішча, варылі есці, елі і разыходзіліся па хатах.

У іх такога не было, каб ускрывалі кватэры. Было такое ў тым раёне, прыкладна за 500 метраў ад гэтых дамоў. Ведаю, што ў майго знаёмага кватэру ўскрылі расійцы і там жылі.

Валантэрства

Калі пачалася вайна, у людзей не было разумення, што патрэбна рабіць у такім выпадку. І сувязь то з’яўлялася, то знікала. У мясцовым тэлеграм-чаце вісела такое невялікае паведамленне, што Бучанская Рада шукае валанцёраў на кол-цэнтр. Бо яны фізічна не даюць рады той колькасці запытаў, якія адбываюцца. І плюс – не кожны чалавек туды гатовы пайсці. Бо гэта небяспечнае месца само па сабе. Мы разумелі, што туды расійцы, калі што, будуць у першую чаргу бегчы.

Я проста адгукнулася на гэтае паведамленне. Я адразу сказала, што я з Беларусі, у мяне беларускі пашпарт, я нядаўна толькі збегла ва Украіну. Мне сказалі: нам усё роўна, прыходзь. І вось я з хлопчыкам са сваёй вуліцы пайшла туды.

Мы проста апрацоўвалі заяўкі ад тых, хто жылі ў Бучы, альбо вось у нас з Гастомеля людзі, у якіх яшчэ была сувязь, таксама спрабавалі да нас датэлефанавацца. Каб даведацца, напрыклад, ці магчыма эвакуяваць людзей. Ці давалі, да прыкладу, звесткі, што будынак разбурыўся, а пад будынкам знаходзяцца людзі жывыя. Ці пачаўся пажар. Ці прапала святло. Ці былі званкі: «У нас па вуліцы Вакзальнай ідуць кадыраўцы, выключыце нам прымусова святло, каб нас не бачылі».

Ужо ў пачатку сакавіка сталі з’яўляцца званкі, у якіх былі паведамленні, што, да прыкладу, загінуў чалавек, застрэлены. Маці тэлефанавала і казала, што яе сына застрэлілі па вуліцы Алекса Ціхага, нявестка цяжарная і яна не можа гэтую нявестку знайсці. Яна просіць дапамогі знайсці хаця б нявестку. І мы па лякарнях мясцовых тэлефануем і шукаем гэтую жанчыну. Я памятаю, я яе шукала, мы яе не знайшлі. І яна недзе праз два тыдні, дзякуй богу, знайшлася ў кіеўскай лякарні. Як яна туды патрапіла, я не ведаю. І потым яшчэ маці гэтага чалавека некалькі дзён тэлефанавала, каб забраць цела сына. А цела мы забраць не можам, бо там былі абстрэлы ўжо.

Ці шукалі хлопца з тэрабароны: былі на сувязі з сям’ёй, тут сям’я звоніць, прапаў муж. У яе чацвёра дзяцей, яна сядзіць дзесьці ў сяле. Пачынаем шукаць, звонім у тэрабарону, а яны кажуць, што не ведаюць, дзе ён, у іх няма сувязі. І потым яго знайшлі пасля дэакупацыі. Яго знайшлі ў Ворзельскай бальніцы, ён дапамагаў параненым, але сам памёр ад паранення. Яму як маглі аказалі дапамогу, але ён усё роўна памёр.

Бывала, што вельмі дзіўныя званкі. Тэлефанаваў нават нейкі паляк з Польшчы і пытаў ці сапраўды Расія напала на Украіну. Дакладна памятаю, што тэлефнаваў нейкі пасол Грузіі з Гастомеля і гаварыў, што яго трэба эвакуяваць на верталёце, бо ён пасол.

«Эвакуацыя»

У нас на момант пачатку сакавіка афіцыйнай эвакуцыі не было. Першая афіцыйная эвакуацыя была абвешчана 12 сакавіка. І тое, яна не атрымалася, бо расійцы не давалі выйсці. То бок, людзі выходзяць, а яны ім кажуць «Не! Ідзіце дадому». Гэта ў лепшым выпадку. У дрэнным выпадку проста застрэльваюць, каб не ішлі на эвакуацыю.

Там жанчына да нас трапіла з Гастомеля. Сама на машыне з дзецьмі эвакуявалася, яе паранілі і ёй патрэбныя былі лекі. Я думала, што я пайду ў раду, бо я ведала дакладна, што там ёсць лекі, якія можна ўзяць. І, калі я 5 сакавіка пайшла ў раду – гляджу, яны ўжо стаяць на цэнтральным гэтым пераездзе. Я вяртаюся дадому, кажу што нам трэба шукаць шлях, каб неяк адсюль выбрацца, бо варыянтаў няма: ці мы тут застанемся і магчыма памрэм, ці мы зараз пойдзем і таксама магчыма памрэм, але трэба хаця б паспрабаваць.

Мы пайшлі ў бок Ірпеня, не ведаючы мясцовасці. Мы дайшлі праз такі хмызняк паўз возера да Ірпеня і зразумелі, што ў прынцыпе, мы з Бучы можам выйсці хаця б да Ірпеня. У Ірпені сустрэлі яшчэ адну беларуску знаёмую. Потым вярнуліся. А 8 сакавіка пайшлі гэтым жа шляхам, але расійцы занялі ўжо і гэты шлях.

Мы там натрапілі на расійскага салдата. Дзякуй богу, што ён не пытаў у нас дакументы і мы проста сказалі, што мы цывільныя, і хочам пайсці ў Ірпень. Ён нас не абшукваў, сказаў проста «Ідзіце». Мы папыталі, ці ёсць нейкія гарантыі, што мы застанемся жывыя. Ён сказаў «Ніхто вам ніякіх гарантыяў не дае».

Мы дайшлі да Ірпеня і там ужо мясцовыя нам паказалі, што з Ірпень-Сіці валанцёр забіраў людзей і праз Стоянку давозіў да гэтага разбуранага маста. Такім чынам мы трапілі да маста, а потым да Кіева.

Вяртанне ў Бучу пасля дэакупацыі

Я трапіла ў Бучу 7 красавіка. І ўжо на наступны дзень раніцай пайшла да Рады. А яна толькі з таго дня адкрыла дзверы і пачала працаваць з мясцовым насельніцтвам. І мы пачалі ўжо ўсё гэта разам рабіць.

Першы час – гэта было страшна: мёртвы горад. Усё разбуранае, усё разбітае. Крамы ўсе з пабітымі вітрынамі, з выкрадзенымі таварамі. Нічога не працавала. У людзей няма сувязі, няма нічога. Адзінае месца, дзе яны могуць узяць інфармацыю і неяк перадаць іншаму – гэта была рада.

Пешы час гэта было жудасна. Інфармацыя, з якой прыходзяць людзі, была рознаю. Брат, які шукае загінулага брата, дакладна ведае, што ён пахаваны пад царквой, і кожны дзень, бедны, ходзіць і пытае ці адкапалі вы яго, ці знайшлі вы яго. Былі бацькі, якія прыязджалі ўвогуле з іншых рэгіёнаў і шукалі сына, які застаўся ў акупацыі ў Бучы і знік. Яго труп потым знайшлі ў лесе разам з іншымі. І плюс – нічога не працуе, сувязі няма, трупы ёсць, хаваць неяк трэба. І гэта ўсё ў такім нон-стопе зранку да вечара.

Цяперашняя сітуацыя

Потым каля Кіева ўжо ніякіх такіх баявых дзеянняў не адбывалася. Ну – паветраная трывога, да якой ужо ўсе звыклі, «Шахеды», якіх ты ўжо навучыўся нават пазнаваць, што гэта яны ляцяць, бо ў іх такі асаблівы гук. Ужо было зразумела, што СПА будзе працаваць і ўжо не было так страшна.

Горад вельмі хутка аднавіўся. Зараз заехаць у Бучу – гэта не тое, што было летась у пачатку красавіка: калі там усё было разбуранае, тыя драты парваныя ляжаць… То зараз там горад, які вярнуўся да жыцця. Людзі амаль цалкам вярнуліся да жыцця. Зімой яшчэ было трошкі цяжкавата, бо быў гэты блэкаўт, не было электрычнасці. Дакладней, яна была, але паводле графіка.

У нас нядаўна адкрылі мемарыял загінулым жыхарам. Загінуў 501 чалавек. Зрабілі ў Бучанскім парку гэты мемарыял. Гэта вельмі важна, я лічу. Зразумела, што гэта ўвойдзе ў гісторыю як генацыд, мабыць. Бо гэта рэальны генацыд, я лічу. Незалежна ад колькасці – ці то 5 тысяч чалавек, ці 500, ці пяць. Факт застаецца фактам.

Адзінае, што я дакладна зразумела – калі нешта такое пачынаецца, трэба эвакуявацца. Не трэба сядзець і чагосьці чакаць. Бо вось уночы быў выпадак у Львове (у ноч з 5 на 6 ліпеня адбылася самая масавая за гэтую вайну ракетная атака Расіі на жылыя дамы ў Львове – РУ). Я ўпэўненая, што спрацавала паветраная трывога, але людзі проста не спусціліся ў падвал. Бо людзі да гэтага адаптуюцца і яны не ўспрымаюць гэта настолькі, як у першы час.

Я раніцай прачнулася, адкрываю навіны, бачу гэта і думаю: «Ну як бы… трэба было спусціцца хаця б у падвал». А сама потым думаю, што каб я была ў Львове і спрацавала паветраная трывога, імавернасць таго, што я б спусцілася ў падвал, насамрэч, нулявая. Я гэта разумею.
Але гэта чарговы напамін пра тое, што нічога не скончылася і ўсё можа быць тады, калі ніхто не чакае.

Comments are closed.