Loading

Беларусы больш не змогуць атрымаць альбо прадоўжыць тэрмін дзеяння пашпартоў у дыпламатычных місіях за мяжой. Па новы пашпарт прыйдзецца прыехаць у Беларусь. Гэта вынікае з апублікаванага ў аўторак указу Лукашэнкі.

Цэнтр Беларускай Салідарнасці ўжо прапанаваў магчымыя варыянты легалізацыі і атрымання польскіх дакументаў для тых, хто ў выніку дзеянняў беларускіх уладаў трапляе ў небяспечную сітуацыю. Асноўныя палажэнні патлумачыў прэс-сакратар ЦБС у Варшаве Антось Жукаў:

«Першае – гэта атрыманне польскага праязнога дакумента для замежнікаў. Калі беларус знаходзіцца ў Польшчы на падставе часовага побыту, альбо сталага побыту, побыту доўгатэрміновага рэзідэнта ЕС, дадатковай адукацыі, альбо мае дазвол па гуманітарных прычынах, не варта гэта блытаць з гуманітарным ВНЖ, яны маюць права атрымаць польскі праязны дакумент, які будзе замяняць у падарожжах беларускія пашпарты і гэта вырашыць мноства пытанняў. Другое рашэнне, калі аніводная падстава з вышэй пералічаных не адпавядае, напрыклад чалавек мае толькі візу і ў яго сканчваецца тэрмін дзеяння пашпарту, ці пашпарт пашкоджаны, то тады можна, безумоўна, звяртацца па атрыманне міжнароднай абароны тут у Польшчы. У нас ёсць матэрыялы на гэтую тэму, апублікаваны некалькі падручнікаў, відэа. Іх можна паглядзець у адкрытым доступе. Пасля сканчэння гэтай працэдуры, чалавек атрымае альбо Жэнеўскі пашпарт, альбо польскі праязны дакумент, якія таксама будуць дазваляць яму падарожнічаць».

Пры гэтым, па словах спадара Антося, аб польскім праязным дакуменце варта паклапаціца ўжо зараз, бо пакуль невядома, ці застанецца ў наступным годзе магчымасць атрымліваць праязныя дакументы тым, у каго часовы польскі ВНЖ.

«Дзякуючы менавіта ініцыятыве ЦБС з’явіўся гэты пункт, што можна атрымліваць польскі праязны дакумент уладальнікам часовага побыту. Але гэты дакумент дзейнічае толькі да канца гэтага календарнага года. І мы дакладна не ведаем, ці будзе падаўжэнне. Таму варта паклапаціцца. Безумоўна, мы будзем рабіць усё, каб гэтая пастанова працягвалася».

Цэнтр Беларускай Салідарнасці ў Варшаве заклікае ўсіх беларусаў звяртацца па юрыдычную дапамогу. Усе кансультацыі ў цэнтры бясплатныя і, як кажа спадар Антось, спецыялісты пройдуць з вамі праз усе працэдуры, неабходныя для атрымання новых дакументаў у Польшчы.

Comments are closed.