Loading

Вось ужо амаль два гады, як доўжыцца паўнамаштабнае ўзброенае ўварванне Расіі ва Украіну. І ўвесь гэты час Беларуская ініцыятыва Chatham House і Цэнтр новых ідэй вывучаюць стаўленне беларусаў да  вайны. У Прэс-клубе Беларусь адбылася анлайн-прэзентацыя новага апытання грамадскай думкі жыхароў Беларусі. Гэтым разам даследаванне мела назву «Погляды беларусаў на вайну і ўплыў фактару страху». 

Даследаванне стала адметным менавіта тым, што ў ім улічаны фактар, які ў рэаліях Беларусі немагчыма скідаць з рахункаў – чыннік страху людзей унутры Беларусі, бо менавіта там праводзілася даследаванне. Беручы пад увагу небывалы ўзровень палітычных рэпрэсій за іншадумства, мае сэнс прадугледзіць, што сапраўдныя меркаванні  людзей у сацапытаннях скажаюцца

Пра тое, як чыннік страху працуе і на што можа ўплываць, падчас прэзентацыі даследавання распавяла экспертка  ў галіне якасных даследаванняў, магістарка ў вобласці культуры, медыяў і грамадства Ланкастарскага ўніверсітэта Лізавета Коўцяк

«Гэтыя тэмы выціснутыя не толькі з публічнага дыскурсу, але і з напаўпублічнага. Людзі маюць апасенні абмяркоўваць і тэму палітыкі, і тэму вайны не толькі праз страх наступстваў – страх сутыкнуцца з нейкімі наступствамі тыпу звальнення, вымовы, размовы з супрацоўнікамі КДБ і спіс, што можа пайсці не так, даволі шырокі. Але людзі і між сабой сярод не надта знаёмых людзей – на працы ці ў нейкіх сталоўках, кавярнях не хочуць абмяркоўваць гэтую тэму. Нават на вялікіх сямейных бяседах – таму што маюць апасенне, што гэта прывядзе да сур’ёзных канфліктаў».

Якім жа чынам гэты чыннік страху можа паўплываць на вынікі даследаванняў грамадскай думкі, што тычыцца менавіта стаўлення да вайны Расіі супраць Украіны і ці трэба рабіць нейкую карэктыроўку атрыманых вынікаў?  Гэта прагучала ў каментары магістра сацыялогіі і адмыслоўца ў колькасных даследаваннях і візуалізацыі звестак Канстанціна Несцяровіча

«Мы атрымалі дыяпазон так званай хібнасці пад уплывам чынніку страху ў праўкраінскіх адказах – ад 3 да 16% Мы бачым, што і 16 і 3% – гэта не тое, што перакульвае  вынікі апытанняў з ног на галаву. Але насамрэч уплыў усё-такі ёсць, ён значны, яго варта ўлічваць падчас інтэрпрэтацыі вынікаў. Калі мы глядзім на вынікі апытанняў, найхутчэй праўкраінскіх адказаў было б болей, чым мы бачым».

З улікам хібнасці альбо, як сказаў Канстанцін Несцяровіч, псеўдахібнасці звестак, якія паказала даследаванне, варта, усё ж, нарэшце даведацца, як ставяцца беларусы – тыя, што зараз жывуць унутры Беларусі – да вайны ва Украіне і як адсоткавыя суадносіны груп змяняліся параўнальна з папярэднімі даследаваннямі. Гэтыя звесткі агучыў дырэктар  Беларускай ініцыятыва Chatham House і заснавальнік Цэнтру новых ідэяў, доктар паліталогіі Рыгор Астапеня:

«Па-сутнасці, вайна, канешне, паўплывала на беларускае грамадства, але немагчыма сказаць, што яна вельмі моцна змяніла палітычныя погляды. То бок, калі мы паглядзім як беларусы ставяцца да Расіі ці да Украіны, то, безумоўна, стаўленне пагоршылася. Гэта звязана з тым, што проста розныя групы грамадства пагоршылі сваё стаўленне – людзі, якія падтрымліваюць Украіну, пагоршылі сваё стаўленне да Расіі, людзі, якія падтрымліваюць Расію, пагоршылі сваё стаўленне да Украіны. Але досыць шмат людзей не змянілі свайго стаўлення, нягледзячы на тое, як яны ставяцца да вайны. 

І, калі мы кажам пра знешнепалітычныя погляды, то самая істотная змена, якая адбылася – гэта тое, што беларусы сталі менш верыць у адначасовы саюз з Расіяй і ЕС. Калі мы глядзім на стаўленне да вайны, то лічбы, па-сутнасці, ужо паўтара года не змяняюцца. Усё, што мы бачым – гэта 30, 33, 36% – то бок, гэта прыкладна тыя ж самыя лічбы. І гэта паказвае вельмі ўстойлівы падзел, які існуе ў беларускім грамадстве. Гэта паказвае акурат палярызацыю, якая ёсць у нас. 

Што вельмі важна – гэта, што паказалі апытанні цягам гэтага часу  было вельмі важна на пачатку вайны паказаць, што насамрэч, Беларусь – гэта краіна, якая не жадае свайго ўдзелу ў вайне. На пачатку вайны гэта ўспрымалася, як адзін з магчымых сцэнарыяў, што Беларусь будзе ў гэтай вайне. Час паказаў, што, усё ж-такі вельмі важную значнасць мела грамадскае меркаванне, якое было супраць удзелу Беларусі.

Мы ўжо не задаем гэтае пытанне досыць даўно, пра тое, як бы вы паставіліся да адмовы беларускіх вайскоўцаў прымаць удзел у вайне. І, усё ж-такі, што было вельмі цікава – што, калі мы задавалі гэтае пытанне паўтара года таму, досыць часта беларусы не ведалі, што будуць рабіць беларускія вайскоўцы і што яны б пазітыўна паставіліся да іхняй адмовы ўдзельнічаць у вайне. 

То бок, гэта акурат яшчэ раз падкрэслівае нежаданне беларусаў удзельнічаць у ваенных дзеяннях. І тут вельмі важная рэч, звязаная з тым, што так думаюць людзі розных палітычных поглядаў. То бок, нягледзячы на тое, ці вы пазітыўна ставіцеся да Аляксандра Лукашэнкі, усё ж, стаўленне да ўдзелу ў вайне па-сутнасці аднолькавае: беларусы не павінны ўдзельнічаць у гэтай вайне». 

Цалкам пра вынікі даследавання  «Погляды беларусаў на вайну і ўплыў фактару страху» слухайце ў плэеры ніжэй: 

Comments are closed.