Loading

Ва Украіне на момант пачатку вайны знаходзілася вельмі шмат беларусаў. Прычым, тых беларусаў, якія ў Беларусі змагаліся з рэжымам Лукашэнкі, але праз маштабныя рэпрэсіі вымушаныя былі ўцякаць і шукаць прытулку ў іншых краінах. Адзін з іх 67-гадовы праваабаронца з Магілёва Барыс Бухель зімой 2022 года знаходзіўся ва Украіне, дзе праходзіў рэабілітацыю пасля перанесенага кавіда. У Кіеве яго і заспела вайна, ад якой ён быў вымушаны бегчы ў Ізраіль. Пра сваю гісторыю выратавання ён распавёў радыё Ўнэт.

Паводле магілёўскага праваабаронцы, ад сярэдзіны студзеня 2022 года ён праходзіў курс рэабілітацыі ў адным з санаторыяў на захадзе Украіны. Пасля месяца лячэння ён вырашыў на некаторы час затрымацца ў Кіеве, дзе ў яго пражываюць сваякі.

— Пасяліўся я ў гасцініцы адразу за акружной дарогай, фактычна гэта Кіеў, але там значна танней каштаваў нумар. І ўвесь час ішлі размовы – будзе ці не будзе вайна. Са сваімі калегамі, сябрамі ў перамовах увесь час абмяркоўвалі гэту тэму. Амаль ніхто не верыў, што будзе вайна, а калі будзе, то падобная да 2014 год, да Данбасу. А так ніхто не верыў. Толькі адзін з нашых цвёрда сцвярджаў, што будзе вайна. 23-га чысла Рада Украіны ўводзіць надзвычайнае становішча, а 24-га зранку мне тэлефануе сын і кажа: «Тата, пачалася вайна». Адразу на кальцавой утварыўся агромністы корак, людзі імкнуліся з’ехаць з Кіева. На наступны дзень пачаліся перабоі з палівам для машын, людзі пачалі ў магазінах разбіраць прадукты харчаванне. Панікі не было, усе былі сканцэнтраваны, канфліктаў я ні аднаго разу не назіраў. І ўсе асуджалі гэтую агрэсію.

Гасцінічны комплекс, у якім я спыніўся, вельмі хутка апусцеў, людзі раз’ехаліся. Там засталіся ўсяго толькі пяць жыхароў і некалькі чалавек абслугоўваючага персанала, якія жылі ў гэтай гасцініцы.

— А як было з харчаваннем? Ці хапала яго? Ці былі чэргі?

— У магазінах адразу сталі перабоі, бо людзі сталі разбіраць прадукты. Адзін-два дні і стала бачна, што паліцы пусцеюць. Падвоза няма, паліва не пастаўляецца на АЗС, і там чэргі. Хлеба не было. Хлеб пачалі выпякаць у магазіне. Там свая маленькая пякарня і туды выстройваліся чэргі. Хлеб расхоплівалі ў момант. Яго толькі падавалі, а ён гарачы. Штурханіны не было, усе ставіліся паважліва, але хлеб расхоплівалі ў момант. Я нават апёк руку, бо браў сябе і яшчэ іншым людзям. Разам са мной, як я казаў, у гасцініцы засталося пяць чалавек, сярод іх два амерыканцы. І ў іх не дзейнічала банкаўская картка. А ў мяне была замежная картка і яна дзейнічала. Таму я купляў і сабе і ім прадукты. І калі давялося хлеб браць на ўсіх, то я і апёк рукі.

— Нейкія бамбардзіроўкі, нейкія наступленні, баі каля гасцініцы былі?

— Было чуваць выбухі, але мне пашанцавала. Я знаходзіўся ў раёне, які не бамбілі. Вакол стралялі, але я ні разу ў сховішча не бегаў. Хоць трывогу абвяшчалі і патрабавалі, каб усе спусціліся, але… Сховішча стварылі ў падземным гаражы. Там было амаль не абсталявана. Таму я не бегаў у сховішча.

— Валанцёры дапамагалі людзям?

— Працу валанцёраў я ўбачыў, калі мяне вывозілі. 6 сакавіка мяне вывезлі. Баі ўжо ішлі ў Кіеве. Горада я не ведаў. Я некалькі разоў спрабаваў выбрацца, дабрацца да чыгуначнага вакзала, да эвакуацыйных цягнікоў, якія на захад ішлі. Метро не працавала. Пазваніў сваяку, папрасіў вывезці. Ён адказаў: «Не магу, сяджу ў падвале, вакол ідзе бой».

— Вы хацелі выехаць у Беларусь, каб вярнуцца, ці кудысьці яшчэ?

— Улічваючы сітуацыю, улічваючы, што Беларусь саюзнік Расіі ў вайне, варыянт вяртання ў Беларусь я ўжо не разглядаў. Хоць зваротны білет у мяне быў на 13-е ці 14-е сакавіка. Пасля рэферэндума я яшчэ спадзяваўся вярнуцца, але калі пачалася вайна, стала зразумела, што размова будзе са мной кароткая.

Мы з амерыканцамі абмяркоўвалі, яны сталі пытаць у мяне, дзе ўзяць зброю. Яны прапаноўвалі пайсці шукаць зброю, калі пачнуцца баі ці яшчэ нешта. Я сказаў, каб сядзелі, а як бой пачнецца, пойдзем і папросім аўтаматы. Калі б рускія ўварваліся, канешне, выйсця не было б, прыйшлося б паўдзельнічаць.

Яшчэ да пачатку вайны на ўсялякі выпадак спадар Барыс, які мае права на рэпатрыяцыю ў Ізраіль, атрымаў адпаведную ізраільскую візу. Менавіта ёй ён скарыстаўся, каб пакінуць тэрыторыю Украіны. Ажыццяўляла эвакуацыю грамадская арганізацыя «Хрысціяне за Ізраіль».

«Гэта адзінае выйсце для мяне магчымае было, бо да эвакуацыйных цягнікоў я не мог дабрацца, каб з’ехаць на захад Украіны ці ў Польшчу, ці яшчэ куды выбрацца. Самалёты не ляталі. А Ізраіль працягваў вывозіць. Была арганізавана сетка – Сахнут, «Хрысціяне за Ізраіль», актывісты, валанцёры. Вось там так: валанцёры вывозілі людзей.

Мне званок раніцой: «Праз 10 хвілін мы за вамі прыедзем». Гэта было 6 сакавіка. Прыехалі і мяне павезлі. Мы пакруціліся – усюды пасты, блокпасты, дзесьці можна праехаць, дзесьці нельга, дзесьці баі ідуць, мы аб’язджалі. І вывезлі з Кіева. Потым нейкая рэлігійная арганізацыя… Там усе цэрквы аб’ядналіся і не разбіраліся, да якой канфесіі належыць чалавек альбо ўвогуле няверуючы. Гэта было не важна. Там валанцёры працавалі ва ўсю моц.

Прыехалі ў буйны абласны цэнтр, пераначавалі там, паветраныя трывогі былі. Прывезлі ў царкву. Там арганізавалі вялікую сталоўку, кармілі бясплатна, далі пайкі, усё арганізавалі, а потым ужо – у Магілёў-Падольскі. Ну а калі прыехалі ў Магілёў-Падольскі, я сказаў, што з Магілёва трапіў у Магілёў.

На мяжы з Малдовай агромністая чарга. Мы ішлі пешшу. І вось па дарозе людзі – мясцовыя жыхары стаялі і прапаноўвалі каву, гарбату, паесці. Казалі: заходзьце, адпачніце.

Comments are closed.