Loading

У Гастомелі, адкуль, уласна, пачалі сваю спробу захапіць сталіцу Украіны расійскія акупацыйныя войскі, сустрэў вайну баец палка «Азоў» Узброеных Сіл Украіны, азербайджанец з паходжання Руслан Агасанаў. Са звычайнага падраздзялення ўкраінскіх Узброеных Сіл расійская прапаганда ўжо некалькі год рабіла нейкую страшылку для сваіх грамадзян. Што насамрэч сабой уяўляюць абаронцы Украіны з палка «Азоў», што ён бачыў і з чым ён пажадаў звярнуцца да беларусаў – спадар Руслан Агасанаў расказаў радыё Ўнэт.

— Глядзіце: калі «Азоў» ёсць нацысцкай групоўкай, то я тады – першы забіты, таму што ў мяне і этнічнае паходжанне, і ў мяне прозвішча азербайджанскія. То значыць, гэта поўная лухта! Таму што раз на тыдзень, магчыма раз на два тыдні, адбываецца поўны агляд і формы, і зброі. І не дай божа, там будзе намаляваны нейкі значок, ты атрымаеш што заўгодна, але не добрыя пажаданні. Таму гэта поўная лухта!

— Дзе вы заспелі 24 лютага 2022 года?

— Я быў у Гастомелі. Мне ўночы патэлефанаваў сябар, сказаў, што пачалася вайна. І ўсё – я ўжо шукаў магчымасці ісці ў шэрагі Узброеных Сіл Украіны.

— Не так даўно дэпутат Бучанскай гарадской рады Васіль Аляксюк агучыў на брыфінгу ў Вільні такую інфармацыю, што жыхары Бучанскага раёну бачылі ў першыя дні, калі пачалася акупацыя, прадстаўнікоў беларускага войска з чырвона-зялёнымі лукашэнкаўскімі шэўронамі. Ці чулі вы нешта такое, знаходзячыся там, ці пасля вызвалення?

— Не, я такога не чуў і не бачыў. Была Пскоўская дывізія і была Кастрамская дывізія. Трошкі далей, у самым пачатку Гастомля, гэта дзе аэрадром, мы ведалі, што ёсць кадыраўцы. Прадстаўнікоў з Беларусі я не бачыў і нават пра гэта не чуў. Таму я не магу казаць, што не было, але і не магу сказаць, што былі.

Цягам першых двух тыдняў было мала амуніцыі, было мала зброі. І мы абараняліся зброяй яшчэ савецкага часу. Я мяркую, што сталіца не была захопленая з-за энтузіязму і патрыятызму людзей. Таму што гэта наша зямля – кожная травінка, кожны пялёстачак будзе нам дапамагаць на нашай зямлі. А яны былі не ў сябе дома і яны баяліся кожнага шолаху і кожнага ценю.

Таму нам было трошкі лягчэй. Мы ведалі, за што мы ваюем – гэта наш дом. Вялікая арда ішла на Кіеўскую вобласць. Але гэта ім не дапамагло.

— Наколькі адыгралі ролю «гарызантальныя сувязі» у грамадстве?

— Менавіта гэты ход прэзідэнта – раздаць зброю людзям, якія гатовыя былі абараняць сваю краіну, і прынёс карысць. Вельмі кепска было першы час. Не была наладжана сувязь паміж падраздзяленнямі і паміж хлопцамі з тэрабароны. Але выйшла я выйшла.

— Беларусы, якія фармавалі сваё падраздзяленне, таксама спачатку патрапілі на базу «Азова». Першы беларус, які загінуў падчас паўнамаштабнага ўварвання – Ілля Ліцьвін, загінуў на ўездзе ў Бучу з боку Ворзеля. Ці даводзілася Вам сустракацца з беларусамі падчас гэтай вайны?

— Так! Мы сустракаліся, бачыліся. Побач не ваяваў, але, калі выходзілі на 1-2 дні на адпачынак, то ў гэты час мы бачылі хлопцаў, якія былі этнічнымі беларусамі, якія прыехалі на дапамогу Украіне.

Толькі самыя найсвятлейшыя ўражанні. Вельмі пазітыўныя, вельмі вясёлыя хлопцы. Яны багатыя духам. Духам свабоды, духам волі, і ведаюць, што яны робяць.

— Як вы думаеце, што імі кіруе, чаму яны вырашылі кінуць жыццё ў больш заможных краінах і прыехаць на вайну ва Украіну?

— Я задаваў ім пытанне, што менавіта іх штурхала прыехаць нам на дапамогу. Яны сказалі такую фразу: «Наша краіна больш за 20 гадоў жыве ў акупацыі ненароднага прэзідэнта» і краіна-агрэсар – Расійская Федэрацыя, не ёсць іхнім сябрам. Як яны сказалі, «украінцы – гэта нашы браты, гэта нашы родныя, і мы будзем з імі поплеч».

— Дзе вы ўдзельнічалі?

Было вызваленне нашых населеных пунктаў. Гэта Херсонскі накірунак, Запарожскі накірунак. На сённяшні дзень нашыя хлопцы знаходзяцца на Бахмуцкім накірунку.

— Як вас сустракалі жыхары, якія перажылі акупацыю на ўсходзе і на поўдні?

— Людзі, якія нават у Кіеўскай вобласці перажылі акупацыю, бачылі ж, калі іхніх суседзяў, іхніх знаёмых нават проста расстрэльвалі салдаты Расійскай Федэрацыі. Я нават баюся сабе ўявіць, як мы будзем рэабілітаваць гэтых людзей.

Нам казалі, што вельмі чакалі. Разумееце, людзі кожны дзень былі ў такім стане, што яны, прачынаючыся, нават не ведалі, ці пражывуць яны да вечара, або ці перажывуць яны ноч. Калі мы прыходзілі – першае, што дзякавалі, казалі, што чакалі, калі іх вызваляць.

І вельмі цяжа мне зараз уявіць тыя населеныя пункты, якія больш за год (у акупацыі). А ў нас ёсць населеныя пункты, якія больш за 9 гадоў у акупацыі. Разумееце? І там таксама знаходзяцца грамадзяне Украіны. За такі час нават дзеці павырасталі. І яны набраліся інфармацыі з аднае крыніцы. І сёння нам трэба будзе вяртаць людзей і паказваць ім, што адбывалася насамрэч.

— Што б вы яшчэ хацелі сказаць?

Я хацеў бы звярнуцца да грамадзян Беларусі. Таму што таксама і вашыя хлопцы, вашыя дзяўчаты абараняюць і дапамагаюць нам – украінцам. Я хачу звярнуцца да тых грамадзян, якія кажуць, што гэтая вайна не іх вайна. Але выкарыстоўваецца тэрыторыя Беларусі, праз якую праходзяць ворагі.

А гэта не толькі нашыя ворагі, гэта і вашы ворагі. І не толькі тэрыторыя выкарыстоўваецца, а выкарыстоўваецца паветраная прастора: да нас ляцяць дроны, ракеты, якія забіваюць нашых дзетак, жанчын – нашых людзей.

Таму я звяртаюся да ўсіх беларусаў і прашу: прачніцеся, выйдзіце і ўзгадайце, што вы ёсць крыніцай улады ў сваёй краіне. Выйдзіце і скажыце, што вы не хочаце, каб выкарыстоўвалася ваша тэрыторыя або ваша неба для знішчэння ўкраінцаў.

Дзякуй усім беларусам, якія падтрымліваюць Украіну. Вялікая ім пашана!

Comments are closed.