З 20 па 22 студзеня арганізатары фестывалю «Зіма па-беларуску» запрашаюць набыць цудоўныя кнігі, пазнаёміцца з гісторыямі стварэння літаратурных твораў, сустрэцца з нашымі вядомымі аўтарамі і паслухаць знакамітыя мелодыі ў выкананні «Вольнага хору». Падрабязней пра падзею радыё Ўнэт распавяла актывістка беларускай дыяспары Кракава Кася Іофэ.
– Наш фестываль распачнецца творчай сустрэчай з Уладзімірам Арловым. У пятніцу, 20 снежня, пісьменнік прэзентуе сваё новае выданне. Кніжная тэма працягнецца і 21 студзеня. У прасторы на вуліцы Кракаўская, 19 у нас пройдзе вялікі кніжны кірмаш, будзе яскравы і насычаны расклад. З Варшавы, напрыклад, прыедзе Ганна Янкута. Яна правядзе дзіцячую імпрэзу, а ўвечары распавядзе пра свае паэтычныя зборнікі «Канстытуцыя» і «Геалогія». Акрамя таго, адбудзецца прэзентацыя беластоцкага выдавецтва і кнігарні Kamunikat.org і кракаўскага выдавецтва «Мова Вольных». Музычны выступ абяцае раман Арлоў, ну а завяршыцца гэты дзень аўкцыёнам 7 кніг Уладзіміра Арлова. На нядзелю ў нас запланаваныя два канцэрты Вольнага хору. На Віле Дэц’юша прагучаць песні для Беларусі, а вечарам у Касцёле святой Кацярыны Александрыйскай і Маргарыты (братэрства аўгустыянаў) музыканты заспяваюць калядную праграму.
– Кася, паводле вашага досведу, на якія падзеі беларусы Кракава ходзяць найбольш актыўна?
– Дакладна вельмі распаўсюджаныя спатканні, у якіх удзельнічаюць дзеці. Калі адбываецца нешта скіраванае на дзяцей – гэта заўсёды новая аўдыторыя. На беларускіх вячорках я заўважыла, што ў нас пабольшала падлеткаў. Шмат увагі прыцягваюць да сябе музычныя імпрэзы. Таму абсалютна недарэмна мы зараз робім два канцэрты Вольнага хору.
– Як даўно вы самі знаходзіцеся ў Кракаве?
– Ад жніўня 2020 года. Тут жыў мой каханы чалавек. Прыехаў за мной у Менск, мы хуценька распісаліся і ён забраў мяне ў Польшчу. Першы год быў вельмі складаным. Я адчувала вялікі смутак і спрабавала нават вярнуцца ў Беларусь. Не хацелася тут жыць, не было працы. Але неўзабаве я далучылася да беларускай дыяспары, стала ўдзельнічаць у акцыях, а потым зʼявілася Віла Дэцʼюша, і я пазнаёмілася з новымі людзьмі. У мяне цяпер новыя сябры. За гэтыя два гады я вельмі шмат перажыла і цяпер нават не ведаю, які мне горад больш родны – Менск ці Кракаў. Менавіта таму я запрашаю беларусаў на наш фестываль. Я ведаю, як гэта цяжка – пачынаць жыццё ў новай краіне. А такія спатканні даюць пазітыў і дапамагаюць адарвацца ад перажыванняў. Таму прыходзьце!
Поўную размову з Кацяй Іофэ слухайце па спасылцы:
Comments are closed.