Loading

Гродзенскі абласны суд 26 ліпеня прысудзіў па шэсць гадоў зняволення журналісту Паўлу Мажэйку і адвакату Юліі Юргілевіч па абвінавачванні ў нібыта садзейнічанні экстрэміскай дзейнасці. Павел мусіць адбываць пакаранне ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а Юлія – агульнага. Падсудныя намераны абскардзіць вырак у Вярхоўным судзе, пра гэта паведаміла жонка Паўла Ірына Чарняўка.

Паўла Мажэйку і Юлію Юргілевіч абвінавачваюць у двух эпізодах дзейнасці, якая пры цяперашніх парадках у Беларусі лічыцца злачыннай. Сутнасць яе ў тым, што 23 лютага мінулага года адвакат у тэлефоннай размове з журналістам паведаміла аб звальненні яе з адвакатуры, а 30 сакавіка распавяла яму аб прысудзе мастаку Алесю Пушкіну, якога нядаўна забілі ў калоніі. У сваю чаргу Павел нібыта размесціў дадзеную інфармацыю на рэсурсах тэлеканала «Белсат», які лічыцца лукашэнкаўскімі ўладамі экстрэмісцкім фармаваннем. Падсудныя не прызналі сваю віну. Паводле Ірыны Чарняўкі, якая зараз знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі ў Польшчы, і Павел, і Юлія былі гатовы да абвінаваўчага выраку.

— Парадку 12-14 чалавек прысутнічалі на выраку з сяброў, сям’і, сваякоў. Суддзя абвесціў толькі рэзалютыўную частку, то бок якія тэрміны. Фактычна гэта доўжылася максімум 10 хвілін. Сведкі распавядалі, што і Павел, і Юлія не здзівіліся, былі маральна падрыхтаваныя да гэтага…

— Усё тое, што было ў першапачатковым абвінаваўчым заключэнні лягло ў прысуд?

— Так. 23 лютага, што яе выгналі з калегіі адвакатаў, а 30 сакавіка па Пушкіну. Ну і па другім эпізодзе цікавы момант атрымліваецца, нібыта пасля выйшлі артыкулы на «Белсаце», а гэта значыць, што Павел перадаў інфармацыю з гэтых размоў «у нявызначаны спосаб нявызначаным асобам у нявызначаны час нявызначаным шляхам». Але цікавая акалічнасць – у другім выпадку атрымліваецца, што артыкул насамрэч выйшаў раней, чым час перахопленай імі размовы. Але гэта іх не збянтэжыла.

— Што яны казалі ў апошнім слове? Як трымаліся на працэсе?

— Апошняе слова было падчас закрытай часткі працэса і таму мы не ведаем, што было ў апошнім слове. Я вельмі спадзяюся, што Павел мне напіша ў лісце, што ён казаў у апошнім слове.

Трымаліся нармальна, спакойна. Яны прыкладна ведалі, што гэта за спектакль. Яны адмаўляліся падчас следства ад паказанняў, не давалі паказанняў у судзе, адказвалі толькі на некаторыя пытанні. Некаторыя былі такія абсурдныя рэчы, што яны рабілі свае заўвагі, але літаральна трошкі.

— Ці будуць яны абскарджваць гэты прысуд?

— Так, будуць абскарджваць абавязкова ў Вярхоўным судзе.

— Якое ваша меркаванне наконт гэтага ўсяго працэса, усёй гэтай справы?

— Закрыць такую важную для Гродна прастору як Цэнтр гарадскога жыцця і закрыць усіх, хто падтрымліваў незалежнае жыццё Гродна гэта, відавочна, для нашых лакальных пракурораў і іншых справа жыцця. Гэта выкананне замовы на зачыстку грамадства…

Гэта замова, гэта палітычны працэс і палітычнае рашэнне. Ну і выканаўцы, якія яго выканалі, якім ні іх прафесійнае сумленне, ні чалавечае сумленне не перашкодзілі здзейсніць злачынства. Я ўпэўнена, што і пракуроры, і суддзя як юрысты выдатна ведалі, што яны робяць.

— Які сэнс тады абскарджваць, калі гэта замова і наўрад ці вынік будзе нейкі іншы?

— У гэтага працэса ёсць прававы бок, а ёсць у пэўным сэнсе этычны. Прававы бок палягае на тым, што трэба прайсці ўсе нацыянальныя працэдуры звязаныя з абскарджаннем прысуду, то бок даць сістэме шанец паправіць тое, што яна зрабіла. І толькі тады можна звяртацца ў якія-небудзь міжнародныя структуры. Юрыдычна трэба прайсці праз усе этапы.

Што тычыцца этычнага боку, то калі людзі ведаюць, што здзяйсняюць злачынства, ім не так проста яго здзейсніць. Бо ўсе яны разумеюць, што яны робяць. І тыя суддзі, якія будуць разглядаць у Вярхоўным судзе, яны выдатна бачаць усю гэту доказную базу. Заўсёды трэба даць шанец людзям быць людзьмі, даць шанец чалавеку перамагчы ў сябе функцыянера Лукашэнкі.

Comments are closed.