Loading

У аўторак Азербайджан заявіў пра пачатак контртэрарыстычнай аперацыі ў Карабаху. Баку абвінаваціў узброеныя сілы Арменіі ў мініраванні тэрыторый, абстрэлах і паляпшэнні баявых пазіцый, павелічэнні колькасці траншэй і бліндажоў.

Улады Азербайджану запэўніваюць, што ўдары наносяцца толькі па пазіцыях армянскага войска, а мірнаму насельніцтву нічога не пагражае.

Тым часам у Ерэване праходзяць масавыя акцыі пратэсту. Дэманстранты выступаюць супраць прэм’ер-міністра Ніколы Пашыняна, які заявіў што Арменія не ўдзельнічае ў баявых дзеяннях. Пратэстоўцы патрабуюць адстаўку Пашыняна і называюць яго «здраднікам».

Пра тое, што зараз адбываецца ў Нагорным Карабаху і да чаго можа прывесці гэты канфлікт, у эфіры радыё Ўнэт распавёў дырэктар украінскага Інстытуту сусветнай палітыкі Яўген Магда.

Сцісла ў размове:

  • Гэты канфлікт вакол Сцепанакерту (сталіцы непрызнанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікі) прывядзе да таго, што Азербайджан адновіць кантроль над тэрыторыяй НКР. Але гэта будзе балючы працэс. Яго можна параўнаць з хірургічнай аперацыяй. Але гэты балючы працэс дазволіць паступова вычышчаць гной у выглядзе расейскай прысутнасці ў рэгіёне.
  • Краіны Паўднёвага Каўказу моцна павязаныя паміж сабою. І змяншэнне ці знікненне расейскай вайсковай прысутнасці ў адной з іх прывядзе да змяншэння ўплыву Крамля ў іншых каўказскіх рэспубліках. Як толькі Баку адновіць кантроль над Карабахам, з расейцамі развітаюцца і ў армянскім Гюмры, калі не зменіцца ўлада ў самім Ерэване.
  • Пашынян цудоўна разумее адну важную рэч. Вайсковы бюджэт Азербайджану большы за ўвесь бюджэт Арменіі. Мы ўсе любім прытчу пра Давіда і Галіяфа, але Давід быў тэхнічна падрыхтаваны. У выпадку Ерэвана гэта не працуе.
  • Крэмль не дапаможа Арменіі. Расейцы сабралі ўсе больш-менш баяздольныя падраздзяленні і накіравалі іх на вайну супраць Украіны. Ерэван можа разлічваць толькі на армянскае лобі. Калі Кім Кардаш’ян напіша ў сваіх сацсетках, што трэба спыніць Азербайджан, гэта будзе мець большы ўплыў, чым заявы Пуціна.
  • Узброены канфлікт у Нагорным Карабаху не будзе зацяжным. Гэта звязана з асаблівасцямі рэгіёну. У гарах асабліва не паваюеш. А абстрэлы на гэтых тэрыторыях перманентны працэс.

Comments are closed.