Loading

Спектакль «Размовы з катам» прадставілі ў Беластоку Гістарычнае таварыства імя Дануты Седзікуўны «Інкі» і тэатр імя Стэфана Ярача з Лодзі. Пастаноўка прысвечана Анджэю Пачобуту і ўсім палітвязням Беларусі.

Спектакль «Размовы з катам» пра тое, як пасля вайны ўжо ў ПНР у адной камеры турмы Макотуў у Варшаве апынуліся будучы аўтар твора – жаўнер Арміі Краёвай, камандзір падпольнай інфармацыйнай службы Казімір Мачарскі, генерал СС, ліквідатар Варшаўскага гета Юрген Строоп і не зусім «расава чысты» нямецкі паліцэйскі Густаў Шыльке. Такім чынам ахвяра і кат знаходзяцца разам у адным малым памяшканні і зроблена гэта было камуністычнымі ўладамі для таго, каб зламаць псіхіку змагара за незалежную Польшчу.

Паводле Багуслава Лабэндзкага, старшыні Гістарычнага таварыства імя Дануты Седзікуўны «Інкі», гісторыя таго часу і надалей застаецца актуальнай.

— Мы шукалі доўгі час нейкага такога мастацкага ўвасаблення, якое магло б мець сувязь з сучаснай гісторыяй Анджэя Пачобута і іншых палітвязняў у Беларусі, у Расіі. І аказалася, што тыя нататкі, якія запісаў Мачарскі пасля яго кантакту з Юргенам Строопам, на жаль, сёння могуць быць актуальныя. Сёння тое, што ў той камуністычнай турме адбывалася паміж салдатам Арміі Краёвай і фашысцкім нямецкім злачынцам, апісвае цяперашнюю рэчаіснасць, да якой мы, на жаль, маем дачыненне. Адтуль тая інтэрпрэтацыя тэксту і адтуль прысвячэнне Анджэю Пачобуту, які, маем надзею, выйдзе на волю, зможам яго сустрэць, зможам з ім размаўляць, зноў кантактаваць.

— У чым вы бачыце падабенства сітуацыі тых вязняў, якія былі ў савецкай турме, і вязнямі, якія цяпер у турмах у Беларусі, асабліва з Анджэем Пачобутам?

— Перш за ўсё рэаліі камуністычнай турмы 40-50-х гадоў ХХ стагоддзя. Яны паказваюць такое негатыўнае вымярэнне, зло камунізму, дзе ў адной камеры сядзяць нямецкі злачынца і салдат падпольнай польскай арміі, які змагаўся за незалежнасць. Адно гэта ўжо паказвае зло камуністычнай сістэмы. З другога боку паказвае таксама, як сёння таталітарныя сістэмы ставяцца да людзей, як шукаюць нагоду, каб пазбавіць свабоды тых, хто гэтай свабодай жыве.

Багуслаў Лабэндзкі

Што павінен вынесці з гэтага спектаклю сучасны глядач, што зразумець? З гэтым пытаннем я звярнуўся да Славаміра Гжымкоўскага, які сыграў у «Размовах з катам» эсэсаўскага генерала Юргена Строопа.

— Мы вырашылі, што ніякім чынам не будзем кагосьці павучаць. Мы б хацелі, і гэта ёсць нашым абавязкам як артыстаў, узгадаць, чым сканчваюцца дыктатуры, да чаго яны прыводзяць. Гэта гісторыя не з даўніх часоў, гэта ўсё ў мінулым стагоддзі адбывалася. Ад той сітуацыі нас аддзяляюць 80 гадоў, аднак Еўропа зноў пачынае пасоўвацца ў кірунку адзінаўладдзя, дыктатур. Гэта маем у Расіі, у Беларусі. Таксама вельмі небяспечная сітуацыя ў Польшчы. У Славакіі выйграў крайні нацыяналіст, у Венгрыі таксама аднаасабовае кіраўніцтва. Гэта заўсёды ёсць вельмі небяспечным для грамадства. Гэта пагражае зняволеннем палітычных праціўнікаў, журналістаў, абявязак якіх пісаць і казаць аб розных рэчах, якія іх турбуюць. А калі іх адразаюць ад рэчаіснасці, калі іх караюць, пагражаюць смерцю і забіваюць, як у многіх выпадках у Расіі, не ведаю, як у Беларусі… Таму мы падумалі, каб узгадаць той тэкст і паказаць, што гэта можа ў любы момант выбухнуць тут ці побач.

— Ці дастаткова робяць дзеячы культуры і польскія палітыкі, каб Анджэй Пачобут выйшаў з турмы?

— Мне падаецца, што гэта вельмі складаная сітуацыя, бо трэба задумацца, ці такія спектаклі, такія дзеянні падтрымкі маюць сэнс. Думаю, маюць сэнс. Нават усведамленне таго, што тут помнім аб ім, думаем пра яго, падтрымліваем і будзем рабіць нейкія дзеянні, пратэставаць і так далей, і такія людзі не адны. Не разбіраюся ў палітыцы і тым, ці дзеянні нашых палітыкаў дастатковыя, але відавочна, што не дастатковыя, калі ён і надалей сядзіць. І ведаем, якія ўмовы ў тых калоніях, у турмах, магчыма, яго там катуюць. Як у спектаклі маем прыклад, у які спосаб можна прыніжаць кагосьці, хто змагаўся за Айчыну. І гэта не рабілі рускія, а рабілі гэта палякі, яго суайчыннікі. Зачынілі яго ў камеры з найгоршым злачынцам. Мачарскага катавалі. Ён выйшаў з турмы абсалютна скалечаны – і псіхічна, і фізічна. Гэтыя рэчы сапраўды ўзрушаюць. І маем надзею, што… Але ўсё ад нас залежыць. Я веру ў грамадзянскую супольнасць, адказнасць за тое, што ёсць для нас каштоўнасцю. Хочам, каб людзі задумаліся, што вельмі тонкая мяжа паміж дыктатурай і абсалютнай дыктатурай і рэпрэсіямі, што ў турму можа трапіць кожны.

Славамір Гжымкоўскі

Прэм’ера спектакля праходзіла ў два этапы – у Лодзі і Варшаве в чэрвені гэтага году. Нядаўна яго гралі ў Астралэнцы, у Музеі праклятых жаўнераў. А на гэтым тыдні пастаноўку абяцаюць зноў паказаць у Варшаве.

Comments are closed.