Loading

Фонд беларускай салідарнасці BySol выплаціў 49 500 еўра дапамогі палітвязням альбо іх сем’ям са сродкаў, сабраных падчас марафону «Нам не ўсё адно». Пра выплату дапамогі 99 заяўнікам паведаміў кіраўнік фонду BySol Андрэй Стрыжак.

Фота: Руслан Серадзюк.

— На сённяшні дзень мы выплацілі 99 заявак, якія паступілі да нас пасля абвяшчэння такой магчымасці, як скончыўся марафон салідарнасці. Нагадваю, што BySol з тых грошай, якія былі сабраныя, ужо атрымаў 100 тысяч. Гэтага хопіць на 200 выплат па 500 еўра. І вось 99 такіх выплат мы ўжо зрабілі.

Катэгорыі, якія атрымалі дапамогу – гэта сем’і палітвязняў, якія апекуюцца сваімі блізкімі за кратамі, і гэта вызваленыя палітвязні. Гэта людзі, як з Беларусі, так і тыя, якія ўжо выехалі. Розныя катэгорыі. І мы заклікаем усіх, хто мае права на зварот па такую дапамогу, звяртацца да нас.

І нагадаю, хто гэта тыя палітвязні ці вызваленыя палітвязні, якія не звярталіся да нас па дапамогу раней у межах разавай выплаты 500 еўра. І гэта тыя сем’і, якія, напрыклад, атрымлівалі ад нас дапамогу ў межах спецыяльных кампаній-акцый для дзяцей – гэта Калядная акцыя, гэта акцыя «Збяры дзіця ў школу» і акцыя «Дзецям палітвязняў да канікул». Такія дзве катэгорыі, якія могуць да нас звярнуцца і атрымаць гэтую дапамогу.

Сума аднолькавая для ўсіх. Такое рашэнне было прынятае, таму што, нягледзячы на дастаткова вялікую сабраную ў межах гэтага марафона суму, мы вырашылі, што мы не мяняем свае падыходы і свой мандат. У звычайны час мы выплочваем таксама па 500 еўра. Таму што гэта сума тая, якую мы можам больш-менш спакойна збіраць самі. Калі б мы зараз падвысілі б выплаты да 1000 альбо 1,5 тысяч, то атрымалася бы так, што тыя людзі, якія трапілі ў час дзеяння марафона, атрымалі бы больш, а тыя, хто прыйшоў пасля таго, як грошы скончыліся, маглі б разлічваць толькі на меншую суму. Мы палічылі, што гэта будзе не надта справядлівым і ўсталявалі такое правіла, што мы выплочваем тую самую суму, якую выплочвалі да марафона, і якую будзем выплочваць і пасля.

Улічваючы тое, што мы стараемся гэтыя грошы размеркаваць так, каб як мага больш людзей змаглі атрымаць дапамогу, то прынята рашэнне, што тыя арганізацыі, якія займаюцца вузкапрофільным накірункам дапамогі, напрыклад, на перадачы, альбо на пакрыццё нейкіх медычных выдаткаў, і мы, як арганізацыя, якая выплочвае сродкі па шырокім мандаце гэтыя грошы, то могуць быць выпадкі, калі чалавек атрымаў дапамогу спачатку на медычную дапамогу, а потым яшчэ атрымаў грошы і ад нас у межах гэтага марафона. Гэта так можа быць. Але ў любым выпадку гэтыя выплаты не перасякаюцца паміж сабой, таму што яны на розныя мэты.

Што трэба, каб звярнуцца да нас? Вы можаце зайсці на старонку bysol.org. У Беларусі яна заблакаваная, таму праз VPN, калі вы будзеце заходзіць з Беларусі. Там ёсць такая кнопачка, яка называецца «Атрымаць дапамогу». Калі на яе націснуць, то вы пабачыце ўсе магчымасці той дапамогі, якія можа прадставіць фонд BySol. У тым ліку і спасылку на форму сем’яў палітвязняў, а таксама спасылку на форму для тых людзей, якія вызваліліся з турмаў.

Іх трэба запоўніць. І ў кароткі час з вамі звяжуцца нашы прадстаўнікі. Чалавек, які звярнуўся, зможа прайсці верыфікацыю, даць свае дадзеныя і далей следаваць інструкцыі для таго, каб атрымаць гэтую выплату.

Цалкам размову з Андрэем Стрыжаком слухайце ў плэеры ніжэй:

Comments are closed.