Loading

За апошні час у Беларусі павялічылася колькасць артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць расстрэл як вышэйшую меру пакарання. У сваю чаргу кіраўнік шматгадовай грамадскай кампаніі супраць смяротнага пакарання Андрэй Палуда ўпэўнены: без патрабаванняў грамадскасці не выкарыстоўваць смяротнае пакаранне сітуацыя была бы яшчэ горшай.

Андрэй Палуда ўпершыню наведаў Беласток у межах кампаніі супраць смяротнага пакарання. Сустрэча ў хабе «Новая зямля» была прысвечана Міжнароднаму дню супраць смяротнага пакарання, які адзначаўся 10 кастрычніка. Ён нагадаў, што Беларусь застаецца адзінай краінай не толькі ў Еўропе, але і ў СНД, дзе законы дазваляюць караць смерцю.

— Зусім нядаўна мы даведаліся пра тое, што быў прыведзены ў выкананне чаговы смяротны прысуд. Апошнім часам мы не чуем пра новыя смяротныя выракі, але з іншага боку мы бачым, што магчымасці прымянення смяротнага пакарання пашыраюцца.

Унесена было некалькі зменаў у заканадаўства, якія зараз дазваляюць смяротнае пакарання ў адносінах так званых «людей государевых», як яны любяць сябе называць, а таксама вайскоўцаў альбо людзей са статусам вайскоўца. Ну і тое, што зараз смяротнае пакаранне можа прымяняецца па злачынствах, якія не былі здзейсненыя, але за іх падрыхтоўку. Гэта ў пэўнай ступені такая жахлівая сітуацыя.

— Кампаніі супраць смяротнага пакарання ўжо шмат гадоў. За гэты час мы прыйшлі да таго, што колькасць артыкулаў крымінальных, па якіх можа ўжывацца смяротнае пакаранне, толькі павялічылася. Ці не падаецца вам, што эфектыўнасць кампаніі добра калі ніякая, а можа ўвогуле са знакам мінус?

— Гэта пытанне не толькі часта мне задаюць, напрыклад, журналісты. Гэта пытанне, якое вельмі часта мы задаем самі сабе ў межах кампаніі. Пры гэтым у нас ёсць разуменне таго, што, каб не было кампаніі, то і сітуацыя ў прынцыпе са смяротным пакараннем была бы яшчэ горш. Хачу нагадаць, што ў 2021 годзе былі памілаваны браты Косцевы якраз у межах нашай кампаніі. Варта сказаць, што ў пэўнай ступені гэта ўнікальны выпадак. За ўсё назіранне ў незалежнай Беларусі мы ведаем толькі пра два выпадкі памілавання – братоў Косцевых і яшчэ аднаго чалавека, які быў памілаваны ў 1998, здаецца, годзе Сяргей Пацяраеў. Гэта адзін з прыкладаў таго, што мы ўсё ж рухаемся наперад.

Андрэй Палуда

Акрамя тэмы смяротнага пакарання ў беларускай сучаснасці, размова тычылася і сталінскіх рэпрэсій, калі былі забітыя ў тым ліку шматлікія беларускія літаратары. Госця сустрэчы дызайнерка Наста Чарнова прэзентавала ўкладзены ёю зборнік вершаў «Ноч расстраляных паэтаў».

Наста Чарнова

Па меркаванні спадара Андрэя, смяротнае пакаранне ў нашай гісторыі наўпрост звязана з камуністычным мінулым.

— Смяротнае пакаранне, якое ёсць у нашай краіне, гэта спадчына Савецкага Саюза. Яна шмат у чым у нашай краіне праяўляецца – ад помнікаў Леніну да савецкіх назваў мястэчак, вуліц і гэтак далей, але і самой сістэмы. І адным з элементаў гэтай сістэмы з’яўляецца смяротнае пакаранне.

У прадстаўленым выданні творы 12 літаратараў, застрэленых бальшавіцкімі катамі ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў Мінску. Кожны жадаючы мог атрымаць кніжку бясплатна.

Comments are closed.