Трэцяга лістапада былі вынесены прысуды лідарам Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Антаніна Кавалёва атрымала год калоніі, Аксана Аляксеева – паўтары гады. Кіраўніку АГП Мікалаю Казлову прысудзілі 2,5 года калоніі. Пракаментаваць гэтыя прысуды і дзейнасць партыі ва ўмовах, калі кіраўніцтва за кратамі, мы папрасілі шматгадовага старшыню АГП Анатоля Лябедзьку.
Справа «Лукашэнка vs АГП» складаецца з двух судовых працэсаў. Першы – дачыўся актывістаў партыі, гэта людзі з актыўнай пазіцыяй, а не кіраўнікі нейкіх цэнтральных ці рэгіянальных арганізацый. А другі працэс ужо быў супраць лідэра партыі і людзей з яго атачэння. Таму я гэта і разглядаю як справу «Сістэма Лукашэнкі супраць Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі».
Калі мы паглядзім на час, то гэты працэс прайшоў літаральна за некалькі дзён да з’езда партыі, які мусіць адбыцца 6 лістапада. Таму гэта пасланне ўлады да адной з найстарэйшых палітычных арганізацый Беларусі. І я разглядаю гэта як свайго кшталту запалохванне. Калі раней супраць АГП дзейнічалі «эскадроны смерці», забілі Віктара Ганчара і Юрыя Захаранку, то зараз спрабуюць забіваць палітычна і псіхалагічна, накіроўваючы такія пасланні страху. Таму што абсалютна ні за што, за адзін фотаздымак недзе на вуліцы Менска, людзям даюць калоніі, гэта жахліва. І гэта пасланне ўсім палітычным партыям, якія зарэгістраваныя і дзейнічаюць у Беларусі.
Якія наступствы гэта можа мець? Я думаю, што разлік быў зроблены на тое, што можа і з’езд не адбудзецца з-за гэтага. Але ён адбудзецца. І я думаю, што выберуць і новае кіраўніцтва. Вельмі важна было, што АГП не легла на самазахаванне, і што той жа Мікола Казлоў, які выйшаў з турмы, але не выехаў з краіны, пачаў планаваць паездкі па рэгіёнах. Пакрыху жыццё вярталася ў партыйныя офісы, якія ўсе былі захаваныя. Я думаю, што гэта яшчэ і асабістая помста Міколе Казлову за яго актыўную грамадзянскую пазіцыю.
Мікола Казлоў зараз лідар партыі, і я думаю, што такі статус захаваецца за ім і пасля 6 лістапада. Мы чакалі, што восенню будзе цалкам зачыстка партыйнай прасторы Беларусі. Але хутчэй за ўсе ў Лукашэнкі пакуль рукі да гэтага не даходзяць. Таму абіраюцца такія кропкавыя акцыі запалохвання.
Comments are closed.