Loading

Кіраўнік дабрачыннага фонду «Вільна Білорусь» Аляксей Францкевіч распавёў для радыё Ўнэт з якімі праблемамі да іх звяртаюцца беларусы ва Украіне.

Колькасць беларусаў, якія жылі ці знаходзіліся ва Украіне на пачатак вайны і тых, хто там зараз, нікому дакладна не вядома. На гэтае пытанне, думаю, нават міграцыйная служба адказу не дасць. Згодна з апошнім перапісам насельніцтва, які адбываўся дваццаць гадоў таму, на той момант ва Украіне жылі 250 000 беларусаў.

Колькі беларусаў засталося пасля поўнамаштабнага ўварвання, сказаць складана. Перыядычна да нас звяртаюцца беларусы па дапамогу. Выпадкі ва ўсіх розныя. Ад сітуацый, калі пад бомбамі згарэлі ўсе дакументы да зваротаў пенсіянераў, якія засталіся без сродкаў. Яны атрымоўваюць пенсіі ў Беларусі, але скарыстацца імі з пачатку вайны ніяк не могуць. І ў РБ паехаць не могуць, альбо не ведаюць як.

Некаторым мы раім звяртацца да польскага консульства па візу і праз Польшчу ехаць у РБ. Людзі па розных абставінах засталіся ва Украіне. Некаторыя тут жылі. А ёсць тыя, хто прыехаў у камандзіроўку, ці наведаць сваякоў і не планаваў заставацца.

Хто можа зараз дапамагчы беларусам ва Украіне?

Я не ведаю ва Украіне арганізацый ці прадстаўніцтваў, якія адмыслова б займаліся такой дапамогай. «Львоўскі крызісны цэнтр» з канца лютага запусціў гарачую лінію, на якую могуць звяртацца любыя беларусы. Гэты нумар дагэтуль працуе. Людзі да нас звяртаюцца і мы па-магчымасці дапамагаем.

Тыя, хто хоча вярнуцца ў Беларусь, як я казаў, могуць гэта зрабіць праз Польшчу. А вось пытанне з заблакаванымі карткамі вырашыць зараз амаль немагчыма. Згодна з распараджэннем Нацбанка, грамадзянам Беларусі карткі і рахункі заблакавалі. Беларусам, якія не маюць пастаяннага віду на жыхарства, разблакаваць немагчыма.

Што мяне здзіўляе апошнім часам, дык гэта колькасць зваротаў ад беларусаў, якія стала жывуць ва Украіне. Напрыклад, пабраныя шлюбам з грамадзянамі краіны. Яны запытваюць, як можна патрапіць у Беларусь, пабачыцца з роднымі.

Ці дапамагаюць беларусам украінскія ўлады?

Гэта залежыць ад таго, на легальным становішчы беларус у краіне, ці не. Увогуле беларускі пашпарт зараз ва Украіне – не добрая прыкмета. Чалавека з ім, напрыклад, могуць нават у аўтобус не пасадзіць пры наяўнасці квітка. Такія выпадкі нярэдкія. Але пэўныя камунікацыі і зацікаўленасць з боку ўкраінскіх уладаў па вырашэнні пытанняў беларусаў ёсць. Як гэта будзе адбывацца, пакуль пытанне. Але тое, што аб гэтым пачалі гаварыць і абмяркоўваць, ужо добра.

Наколькі бязвыхаднае становішча беларусаў?

Давайце сыходзіць з таго, што мы не ведаем колькі нашых грамадзян зараз ва Украіне. Колькі з іх ваюе на баку УСУ і колькі ўжо загінулі. Беларусы таксама сядзяць па падвалах без святла і цяпла і хаваюцца ад бамбардыровак. Чаго нам зараз вельмі бракуе, дык гэта камунікацыі. Неабходна рабіць нейкія інфармацыйныя акцыі, больш казаць аб гэтым. Распаўсюджваць інфармацыю, хто можа дапамагчы беларусам у іх праблемах. Зараз гэтага ніхто не робіць і такое адчуванне, што гэта ўвогуле нікога не цікавіць.

Большая частка людзей, што звяртаецца да нас, даведаліся пра нас з украінскіх СМІ, альбо ад украінцаў. Нам тэлефануе шмат украінцаў, якія маюць сваякоў ці сяброў беларусаў і хочуць ім дапамагчы. Напрыклад, мне патэлефанавалі з Ужгарада, з арганізацыі «Дэкамунізацыя». Яны займаліся перайменаваннем вуліц і знайшлі магілку з беларускім бчб-сцягам. Вось яны шукалі, чыя яна, ці ведаем мы такога чалавека. Гэта быў беларускі ваяр. Колькі такіх, пра каго мы яшчэ не ведаем? Таму неабходна пастаянная інфармацыйная кампанія па інфармаванні беларусаў. Каб яны ведалі, куды звяртацца па дапамогу.

Наколькі ўкраінскія СМІ і ўлады адкрытыя да такога роду кампаній?

На маю думку, тут праблем няма. З пачатку вайны, напрыклад, мяне шмат разоў запрашалі на тэлебачанне, здымалі рэпартажы. Праблема ў іншым – не хапае тых, хто б займаўся дапамогай беларусам ва Украіне. Іх і раней было вельмі мала, а з пачаткам вайны колькасць нашмат скарацілася. Магу дапусціць, што мне бракуе камунікацыі, але я мала дзе чуў, каб хтосьці ўздымаў пытанні дапамогі беларусам ва Украіне. Больш-менш падымаюцца пытанні беларускіх добраахвотнікаў і валанцёраў, але простымі беларусамі, тым больш, не палітычнымі ўцекачамі, ніхто не займаецца. У якіх умовах яны жывуць ва Украіне, нікому не цікава.

Як вы можаце і плануеце дапамагаць беларусам?

З 2020 года мы запусцілі ініцыятыву «Беларускі крызісны цэнтр» у Львове. З пачаткам вайны зарэгістравалі арганізацыю «Дабрачынны фонд Вольная Беларусь». Зараз у нашым прыярытэце дапамога беларусам, якія ваююць у шэрагах УСУ. Паралельна з тым мы не спынялі дапамогу звычайным беларусам.

Было б добра правесці нейкую канферэнцыю, круглы стол з прадстаўнікамі іншых беларускіх арганізацый. Але праблема ў тым, што большасць з іх знаходзіцца не ва Украіне. І на сённяшні дзень я дакладна не ведаю, колькі з іх застаюцца непасрэдна тут. Іх амаль няма. Як і прадстаўнікоў дэмакратычных сіл. А было б добра, каб яны займаліся гэтым пытаннем, знайшлі б тут прадстаўнікоў на месцы, хто б стала працаваў па гэтым кірунку.

Магчыма, у дэмсілаў, як і ў іншых, на ўсё не хапае рэсурсаў? А на іх ускладаюць адказнасць і патрабаванні, якія яны не маюць магчымасці выканаць?

Гэта не пра магчымасці, а пра жаданне фармавацца як нацыі. Каб беларус беларусу дапамагаў і клапаціўся. Я сустракаўся з прадстаўнікамі Ізраіля, якія на пачатку вайны вялікай дэлегацыяй каля 50 чалавек прыязджалі ва Украіну. Іх мэтай была эвакуацыя сваіх грамадзянаў. І я шчыра зайздросціў таму, як яны клапоцяцца аб сваіх і арганізуюць ім дапамогу.

Калі ўжо беларусы так пачнуць змагацца за кожнага свайго грамадзяніна? Тыя ж валанцёры і добраахвотнікі самастойна арганізоўваліся і шукалі шляхі для сваёй дзейнасці. Беларусы, якія апынуліся ва Украіне пасля 2020 года сваё жыццё павязвалі з Беларуссю. Яны чакаюць магчымасці вярнуцца ў краіну, калі сканае злачынны рэжым. Тут няма ні сацыяльных праграм інтэграцыі, ні заробкаў. Чаго не скажаш аб тых, хто ўсталёўвае сваё жыццё ў Еўропе. У беларусаў ва Украіне ніколі не было ні дзяржаўнай фінансавай падтрымкі, ні адмысловых заходніх праграм.

Валанцёры ва Украіне за сваю працу не атрымліваюць ніякіх грошаў ці прэферэнцыяў. Калі пачалася вайна, нас дадалі ў мясцовы чат львоўскай арэны. Беларусы Львова арганізаваліся, сабралі даныя аб сваіх магчымасцях і пачалі дапамагаць уцекачам. Кожны дзень беларусы прымалі да сябе ад 50 да 200 чалавек і размяшчалі па сваіх кватэрах. Кармілі людзей, дапамагалі даехаць да мяжы. Усё выключна за ўласныя сродкі. Большая частка беларусаў, што беглі ад вайны, таксама праехалі праз іх. Але доўга так трымацца было немагчыма. Карткі заблакаваныя, кошты на кватэры ў Львове падняліся касмічна пасля наплыву людзей. Большая колькасць беларускіх валанцёраў, асабіста тыя, у каго былі сем’і, вымушаныя былі з’ехаць. Засталіся літаральна адзінкі. Яны працягваюць валанцёрскую працу.

Тыя, хто зараз змагаецца на перадку, думаюць пра тыл. І яго забяспечваюць шмат у чым менавіта валанцёры. Беларусы працягваюць працаваць на складах, гатаваць і развозіць ежу і г.д. Аб іх мала кажуць, але дзякуючы ім, ва ўкраінцаў складаецца меркаванне, што беларусы на іх баку. Што далёка не ўсе падтрымліваюць вайну і супраць таго, што з Беларусі ляцяць ракеты. Гэты імідж ва Украіне зараз ствараюць добраахвотнікі і валанцёры.

На вялікі жаль, і раней і зараз беларускія валанцёры ва Украіне застаюцца без падтрымкі. Таму большая іх частка вымушана з’ехалі. Я не кажу пра айцішнікаў, ці тых, хто пабраліся шлюбам з грамадзянамі Украіны. У іх ёсць сродкі і магчымасці для існавання. Гаворка аб простых беларусах, якія займаюцца ўцекачамі, забеспячэннем прадуктамі, медыкаментамі, дапамогай ваярам і іншым без падтрымкі. Такіх, на жаль, ужо адзінкі толькі таму, што ім ніхто не дапамагае.

Поўную размову з Аляксеем Францкевічам слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.