Loading

Заканчваецца другі тыдзень палестына-ізраільскай вайны, якая нечакана ўспыхнула 7 кастрычніка з нападу тэрарыстаў палестынскай арганізацыі Хамас на паўднёвыя рэгіёны Ізраілю. Было заяўлена пра пачатак наземнай аперацыі ізраільскіх войскаў у Сектары Газа, але яна пакуль адкладаецца. Асноўныя падзеі на гэтай вайне за мінулы тыдзень і расклад сілаў у рэгіёне, а таксама рэакцыю на яе ў еўрапейскіх краінах аналізуе гісторык і палітолаг Аляксандр Фрыдман.

— Тое, што наземная аперацыя, усё ж, пачнецца, тут ніякага сумневу няма. У Ізраілі гэта ўвогуле пад пытанне не ставіцца. Пытанне не ў тым ці пачнецца яна, а ў тым, калі яна пачнецца. Чаму яна яшчэ не пачалася – мне падаецца, што там ёсць шэраг фактараў. Першы – гэта тое, пра што заяўлялі ізраільцяне, гэта, магчыма, надвор’е сапраўды. Па-другое – яны працягнулі бамбардзіроўкі, каб яшчэ больш знішчыць інфраструктуру ХМАСаўскую.

Акрамя таго, было і шмат знешнепалітычных чыннікаў на гэтым тыдні. Тут і візіт Байдэна, які быў. Відавочна, што амерыканскі бок не жадаў, каб наземная аперацыя пачалася ў той момант, калі там знаходзіцца прэзідэнт Злучаных Штатаў.

І яшчэ ў гэтай сувязі прапрацоўваліся гуманітарныя пытанні. Там жа ідуць і ішлі перамовы з Егіптам, Іарданіяй наконт гуманітарнай дапамогі палестынцам, наконт магчымага адкрыцця мяжы для ўцекачоў. То бок, гэта таксама ўплывала.

Але мне падаецца, што галоўныя крокі на гэтым тыдні ўжо зробленыя. Ізраіль заручыўся падтрымкай з боку Злучаных Штатаў і галоўных еўрапейскіх партнёраў. Стала зразумела, як выглядае сітуацыя ў арабскім свеце, якія могуць быць там рэакцыі. Стала зразумела, што нейкім чынам вырашыць пытанне жыхароў Газы, відавочна, не атрымаецца, паколькі і Егіпет, і Іарданія абсалютна не гатовыя прымаць гэтых людзей.

То бок, сітуацыя стала ўжо зразумелая. Пытанне з закладнікамі – тут, на жаль, ніякіх падвіжак няма. ХАМАС нікога вызваляць не будзе. І гэта таксама не стане для Ізраіля аргументам, каб не праводзіць наземную аперацыю. То бок, падаецца, што сітуацыя на дадзены момант высветлілася. Я думаю, што цягам наступных дзён, можа нават гадзінаў, гэтая наземная аперацыя пачнецца.

Расклад складаны. Ён у прынцыпе для Ізраіля не вельмі спрыяльны. Але, можна адзначыць, што сітуацыя магла быць і яшчэ горш. Ёсць Егіпет, які мае значны ўплыў на Сектар Газа, паколькі ён кантралюе мяжу. Але Егіпет не зацікаўлены ў прыёме ўцекачоў. Таму гэтая мяжа будзе пераважна закрытая. Можа яны адчыняць яе для грамадзянаў іншых краінаў, якія знаходзяцца ў Газе, і праз гэтую мяжу пойдзе гуманітарная дапамога. Прыняць уцекачоў з Газы – выглядае, што гэтае пытанне ў Егіпце нават не паўстае. Яны гэтага рабіць не будуць. Галоўная задача Егіпта – застацца ў баку ад гэтага канфлікта, каб ваенныя дзеянні не перакінуліся на егіпецкі бок. То бок, з боку Егіпта нейкай пагрозы няма.

Іарданія – там цяжкае ўнутрыпалітычнае становішча, паколькі большасць насельніцтва складаюць палестынцы. І там ёсць моцныя сімпатыі да ХАМАС. То бок, там мы ўжо бачылі выступленні. Пакуль іарданскія ўзброеныя сілы і іарданская паліцыя сітуацыю кантралююць. Але тут дэстабілізацыя пагражае не столькі Ізраілю, колькі, перш за ўсё Іарданіі.

Што тычыцца тэрыторыі Палестынскай аўтаноміі, то там таксама ўсё складана. Там хапае прыхільнікаў ХАМАС, не задаволеных рэжымам Махмуда Абаса і карупцыяй, перш за ўсё, якая там квітнее. І там ужо былі сутыкненні, і Абасу нават прыйшлося выкарыстоўваць свае фармаванні – сваю паліцыю і іншыя, каб разагнаць гэтыя акцыі. Тут сітуацыя таксама можа пагоршыцца і для Абаса, і для Ізраіля. Таму што Абас для Ізраіля зусім не добры варыянт, але, калі там пачнуцца нейкія сур’ёзныя сутыкненні і да ўлады на тэрыторыі Палестынскай аўтаноміі прыйдзе ХАМАС, то сітуацыя пагоршыцца. Там таксама могуць пачацца вельмі непрыемныя для Ізраіля рэчы – і пранікненне тэрарыстаў, і сутыкненні з ізраільскай арміяй, і іншае.

Што тычыцца поўначы – на поўначы знаходзіцца Хезбала. Гэта такі чыннік непрадказальны. Таму што Хезбала – гэта не самастойны гулец. За Хезбалой стаіць Іран. Пытанне выкарыстання Хезбалы – гэта не пытанне ліванскае, гэта не пытанне самой Хезбалы. Гэта пытанне Ірану. А пакуль у Ірана пазіцыя досыць супярэчлівая. З аднаго боку яны кажуць, што, калі не будзе прамога нападу з боку Ізраіля на Іран, то Іран не будзе ўмешвацца. З дугога боку яны абяцаюць Ізраілю велізарныя праблемы.

Я думаю, што іранцы будуць дзейнічаць, хутчэй за ўсё сітуацыйна. З аднаго боку іранцы не жадаюць ваяваць і іранцы не жадаюць страціць Хамас і Хезбалу, паколькі калі пачнецца вайна на поўначы, у Ізраіля ёсць усе магчымасці «разабраца» і з Хамасам і з Хезбалой. Калі гэта атрымаецца, Іран страціць адразу 2 чыннікі свайго ўплыву. Для Ірана гэта непрыемна – кінуць адразу ў бой таксама і Хезбалу. З другога боку Ірану цяжка назіраць за тым, як ізраільцяне будуць паступова знішчаць Хамас. Таму гэты накірунак застаецца досыць непрадказальным.
І вось Злучаныя Штаты і іх еўрапейскія партнёры робяць усё, каб гэтую вайну лакалізаваць, каб гэта сапраўды засталася вайна паміж Ізраілем і Хамасам.

Цалкам размову з Аляксандрам Фрыдманам слухайце ў плэеры ніжэй:

Comments are closed.