Пра тое, як сусветная супольнасць рэагуе на падзеі ў Ізраілі, чаму Захад падтрымліваў Палестыну і ці існуе рызыка вялікай вайны на Блізкім Усходзе гаворым з гісторыкам і палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.
Асноўнае з размовы:
Пра рэакцыю сусветнай супольнасці:
— З аднаго боку ёсць краіны Захаду, якія традыцыйна падтрымліваюць Ізраіль. Асабліва Злучаныя Штаты. Ёсць краіны Еўрасаюза і Вялікабрытанія, якія ставяцца больш стрымана да Ізраіля, але галоўным чынам займаюць праізраільскую пазіцыю. І зараз гэтую падтрымку Ізраіль таксама атрымаў. Прычым, гэта поўная падтрымка і з боку Францыі, Брытаніі. І гэта было чакана, асабліва пасля гэтых жахлівых падзей і забойстваў.
Што тычыцца краін арабскага свету, ужо не кажучы пра Іран, яны традыцыйна стаяць на палестынскім баку, стаяць на арабскім баку і іншай рэакцыі ад іх і не чакалі. Таксама, як і ад Расійскай Федэрацыі, якая займае так званую «нейтральную» пазіцыю, а насамрэч шчыльна супрацоўнічае з ХАМАС.
Пэўным сюрпрызам была пазіцыя Украіны, тое, што Украіна гэтым разам заняла такую абсалютна прынцыповую пазіцыю і прэзідэнт Зяленскі выказаўся менавіта так, як у Ізраілі гэтага і чакалі.
Пра заходнюю падтрымку Палестыны:
— Германія супрацоўнічала з Абасам. Абас лічыўся і лічыцца па-ранейшаму партнёрам Германіі на Блізкім Усходзе. Нямецкі ўрад, які і ўвесь Еўрасаюз, прытрымліваецца прынцыпа «дзве дзяржавы для двух народаў», афіцыйна выступае за стварэнне палестынскай дзяржавы. І ў Германіі ёсць цэлы шэраг праектаў для краін «трэцяга свету» і ў тым ліку і для Палестыны.
Сапраўды, тыя ж немцы заплюшчвалі вочы на вельмі адмоўныя тэндэнцыі на тэрыторыі Палестынскай аўтаноміі, ужо не кажучы пра тое, што на ХАМАС асаблівай увагі не звярталі. Не павінна здзіўляць тое, што Махмуд Абас падтрымаў дзеянні ХАМАСаўцаў.
Такі ўзровень гвалту, такі ўзровень забойстваў і злачынстваў, які адбыўся зараз – яго проста не чакалі. Ніякай падтрымкі Палестыны ў такіх умовах быць не можа. Акрамя таго, нельга забывацца, што сярод ахвяр грамадзяне еўрапейскіх краінаў, у тым ліку і грамадзяне Германіі.
Пра рызыку ўцягвання ў вайну іншых арабскіх краінаў:
Гэта ўжо іранскае пытанне. Калі мы паглядзім на ўсе палестынскія рухі, якія ёсць – у пэўным сэнсе і Аўтаномію з Махмудам Абасам на чале, але перш за ўсё ХАМАС, Хезбалу, якая знаходзіцца ў Ліване, яны цалкам пад кантролем Ірану. Ці яны пойдуць далей – гэта пытанне іранскае.
Ізраільцяне рэагуюць вельмі жорстка, каб паказаць Ірану, што яны настроены сур’ёзна, што, калі Іран пойдзе на новы ўзровень эскалацыі, ён таксама можа адхапіць.
У сённяшняй вайне ёсць тры пытанні, якія пакуль не высветленыя. Гэта пытанне, звязанае з Хезбалой. Яна салідарызавалася з ХАМАСам, але пакуль ёсць толькі кропкавыя акцыі Хезбалы. Другі момант – гэта Палестынская аўтаномія. Там нейкага паўстання арабскага насельніцтва таксама не назіраецца. І трэцяе – гэта арабскае насельніцтва ў самім Ізраілі. Гэтых арабаў ХАМАС таксама заклікаў да пратэстаў, да паўстання супраць Ізраіля. Гэтага таксама пакуль не адбылося.
Пакуль не выглядае так, што Іран гатовы падвысіць стаўкі і пусціць у бой Хезбалу. Але ізраільцяне дзейнічаюць асабліва жорстка і ўпэўнена, каб усе астатнія, хто яшчэ можа ўмяшацца і нешта зрабіць, падумалі, ці мае сэнс гэта рабіць.
Амерыканцы кажуць, Хезбале асабліва, а гэта значыць Ірану: «Вы глядзіце, усё вельмі сур’ёзна. Калі вы там нешта паспрабуеце – мы тут разам з Ізраілем, і вы будзеце мець справу не толькі з Ізраілем, але і з намі». Я думаю што гэта акцыя (накіраванне амерыканскіх караблёў да ўзбярэжжа Ізраіля), мэта якой – стрымліванне Ірана.
Пра цяперашнюю сітуацыю ў Ізраілі:
— Галоўныя падзеі, якія тут разгортваюцца – гэта ракетныя ўдары па тэрыторыі Ізраіля, якія працягваюцца. Яны маюць не такі маштабны характар, як 7 кастрычніка, але яны ёсць. Акрамя таго на тэрыторыі Ізраіля знаходзіцца пэўная колькасць тэрарыстаў Хамаса, якія трапілі туды 7 кастрычніка і яны разглядаюцца як патэнцыйныя пагрозы.
Ізраільскае грамадства па-ранейшаму знаходзіцца ў шоку пасля падзеяў 7 кастрычніка, але нейкай панікі ўвогуле няма. Ёсць адчуванне жадання помсты. У армію былі выкліканыя 300 тысяч рэзервістаў. Хутчэй за ўсё наземная аперацыя (у Сектары Газа) будзе, бо іначай які сэнс было выклікаць столькі людзей.
Цалкам размову з Аляксандрам Фрыдманам слухайце ў плэеры ніжэй:
Comments are closed.