У Варшаве ў чацвер група людзей з чырвона-зялёным сцягам пікетавала будынак Беларускага дома. Удзельнікі акцыі выказвалі падтрымку рэжыму Лукашэнкі, а таксама патрабавалі ад польскіх уладаў закрыць Беларускі дом, а яго кіраўніка Алеся Зарэмбюка, а таксама прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Паўла Латушку дэпартаваць у Беларусь. Ініцыятарам пікету выступіў польскі палітык, які некалькі дзён там вярнуўся з Беларусі, Кшыштаф Талвіньскі. Пра гэтую «акцыю пратэсту» радыё Ўнэт расказаў кіраўнік Беларускага дома ў Варшаве Алесь Зарэмбюк.
«Гэта былі прадстаўнікі партыі «Фронт» і кіраўніком усёй гэтай дэманстрацыі, усяго гэтага пратэсту, быў спадар Кшыштаф Талвіньскі. Ён там быў самы галоўны. Гэта ён крычаў, што мы тэрарысты. Пасле нехта з гэтых спадароў сказаў, што вельмі шмат палякаў у турмах і гэтак далей. Я не зразумеў, дзе вельмі шмат палякаў у турмах, ці гэта ў Польшчы, ці ў Беларусі… Я сказаў, што гэта Лукашэнка пасадзіў паляка, Анджэя Пачобута, майго сябра ў турму. А вось гэты спадар Талвіньскі адказаў: «правільна зрабіў, я б яго сам пасадзіў». Па гэтай рэпліцы таксама можна меркаваць, што гэта за людзі».
Кшыштаф Талвіньскі – польскі палітык і актывіст. У 2007 годзе займаў пасаду намесніка міністра фінансаў, з 2010 па 2011 быў дэпутатам польскага сейма. Па словах Алеся Зарэмбюка, яму ўдалося атрымаць інфармацыю, што Талвіньскі літаральна некалькі дзён таму наведваў Беларусь. Кіраўнік Беларускага дому ў Варшаве ўпэўнены, што ў Беларусі польскі актывіст і палітык мог мець сувязі з беларускімі спецслужбамі і нават атрымаць загады ад КДБ Беларусі.
«Я абсалютна ў гэтым перакананы, што гэта нейкая інструкцыя, атрыманая ад КДБ Беларусі… Вельмі ім не падабаецца, што больш за тры гады мы працягваем выцягваць людзей з Беларусі, ратаваць іх ад турмы, дапамагаць ім тут».
Comments are closed.